Беларуская Служба

Dissident.by, Politzek.me, «Вызваленне 2021» заклікаюць змяніць падыход да прызнання палітычнымі зняволенымі

27.10.2021 13:22
Паводле згаданых ініцыятываў, на 26 кастрычніка ў Беларусі ёсць больш за 1020 палітычных зняволеных. 
Аўдыё
  • Dissident.by, Politzek.me, «Вызваленне 2021» заклікаюць змяніць падыход да прызнання палітычнымі зняволенымі
T.    .
Tурма. Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo:ErikaWittlieb/pixabay.com/CC0 Public Domain

Профільныя ініцыятывы дапамогі палітвязням, у тым ліку Dissident.by, Politzek.me, «Вызваленне 2021», выпусцілі сумесную заяву з заклікам змяніць падыход да прызнання палітычнымі зняволенымі.

Праблема заключаецца ў тым, што сотні беларусаў, якія знаходзяцца ў зняволенні з-за палітычнай пазіцыі, не прызнаныя палітычнымі зняволенымі на падставе абвінавачання ў гвалце ці злачынстве супраць уласнасці ці асобы (часцей за ўсё на адрас супрацоўнікаў сілавых структур). Аднак крытэры для прызнання, якія выкарыстоўваюцца зараз, не разлічаны на функцыянаванне ў сітуацыі ўтрымання ўлады і прававога дэфолту.

Паводле аўтараў заявы праблема пачала заўважацца яшчэ ў 2016 годзе. Пасля жніўня 2020 году праблема стала масавай. Беларуская сістэма навучылася прыбіраць апанентаў, робячы з іх крыміналістаў. У сувязі з гэтым многія асуджаныя не прызнаныя на міжнародным узроўні палітычнымі.

Паводле згаданых ініцыятываў, на 26 кастрычніка ў Беларусі ёсць больш за 1020 палітычных зняволеных. Гэты лік не канчатковы і патрабуе пастаяннай актуалізацыі, бо рэпрэсіі ўсё яшчэ працягваюцца. Тым часам у спісе праваабаронцаў афіцыйна палітзняволенымі прызнаныя 833 чалавекі.

Іна Кавалёнак з politzek.me тлумачыць, што ў сітуацыі, калі ў Беларусі няма доступу да справядлівага суду, арганізацыі прапануюць прымяняць прэзумпцыю невіноўнасці ў працэсе прызнання палітвязняў.

-І гэта ў кожным выпадку, як толькі мы атрымліваем інфармацыю пра кейсы, якія такім ці іншым чынам звязаны з палітычнай дзейнасцю. Мы ведаем, па якім артыкулам судзяць апанентаў улады. І важна: мы кажам толькі пра цяперашнюю сітуацыю. Мы не сцвярджаем, што мы распрацоўваем крытэрыі, якія будуць дзейнічаць пастаянна. Мы засяроджваемся на тым, што адбываецца цяпер. Гэта дае людзям магчымасці грамадскай падтрымкі, магчымасці абароны. Адносіны да палітычных вязняў зусім іншыя.

Вячаслаў Касінераў з ініцыятывы Dissident.by на сваім уласным прыкладзе ведае, на колькі важная падтрымка звонку. А яна на шмат большая, калі чалавек прызнаны палітвязнем.

-Людзі пішуць лісты тым палітвязням, пра якіх прачыталі на праваабарончых сайтах, прачыталі ў навінах. І нават калі гэты ліст не дойдзе да вязня, то ён дойдзе да адміністрацыі. Яна зразумее, што гэты чалавек не адзін, за ім сіла. Прымяняць катаванні, якія цяпер, на жаль, сталі нормай, ужо не атрымаецца, а калі і атрымаецца, то ў абмежаваным выглядзе. Акрамя змены стаўлення адміністрацыі, мяняецца стаўленне сукамернікаў. Яны глядзяць з нязмернай павагай, калі табе прыносяць пачку лістоў ад незнаёмых людзей, асабліва з-за мяжы. А лісты з-за мяжы да іх могуць дайсці толькі тады, калі чалавек афіцыйна прызнаны і пра яго кажуць. У такіх выпадках як мінімум мяняецца лёс самога зняволенага, яму лягчэй захаваць псіхічнае здароўе. Бо ў турме зроблена ўсё, каб знішчыць псіхічнае здароўе, раздавіць, знішчыць погляды. Усё гэта можна захаваць пры наданні чалавеку статуса.

Вячаслаў Касінераў адзначыў, што ад статуса палітвязня залежыць таксама матэрыяльная дапамога сем’ям і самім асуджаным.

Марына Адамовіч, жонка Мікалая Статкевіча, прадстаўніца ініцыятывы «Вызваленне 2021», звяртае ўвагу, што афіцыйна прызнаныя палітвязні пры змене ўлады будуць вызваленыя ў першую чаргу. Паводле яе, таксама неабходна дамагацца іх рэабілітацыі.

-Мы павінны разумець, што людзі, прызнаныя палітычнымі зняволенымі, у выпадку змены палітычнай сітуацыі будуць вызваленыя ў першую чаргу. Адсутнасць людзей у спісе адсоўвае перспектывы іх вызвалення ў часе, пакуль пачне функцыянаваць незалежны суд. І гэта трагедыя і для асуджаных, і для іх блізкіх. Для палітвязняў пытанне безумоўнага вызвалення і наступнай рэабілітацыі павінна быць першым не толькі ў беларускага грамадства, але і міжнароднай супольнасці. Я магу праілюстраваць гэта на ўласным прыкладзе. Мікалай Статкевіч ужо 9 год правёў за кратамі. У 2015 годзе ён быў вызвалены без рэабілітацыі. Гэта значыць на яго была павешана судзімасць на восем год, у яго не было часткі правоў. Сёння яго судзяць як небяспечнага рэцыдывіста. Гэта просты прыклад аб крайняй неабходнасці патрабаваць не толькі вызвалення, але і рэабілітацыі. Мы не пераглядаем крытэрыі. Мы настойваем, што ў сённяшніх умовах яны павінны прымяняцца з немагчымасці доступу да правасуддзя, а значыць выходзіць з прэзумпцыі невінаватасці.

У сумеснай заяве з заклікам змяніць падыход да прызнання палітычнымі зняволенымі ёсць заклік выкарыстоўваць поўную лічбу палітвязняў.

ав

Праваабарончыя арганізацыі прызналі чарговых шэсць чалавек палітзняволенымі

23.10.2021 11:15
На дадзены момант у спісе палітвязняў знаходзяцца 818 чалавек.