Беларуская Служба

У Еўропе бачная тэндэнцыя ў развіцці атамнай энергетыкі

28.10.2021 17:56
Пераломным стаў 2019 год, калі Урсула фон дэр Ляен абвясціла, што ЕС павінен дасягнуць кліматычнай нейтральнасці да 2050 года.
АЭС у Філіпсбургу ў ГерманііWikimediaImages/pixabay.com/CC0

Нягледзячы на моцнае супраціўленне Германіі, у Еўропе бачная тэндэнцыя ў развіцці атамнай энергетыкі. Усё больш краін Еўрасаюзу заяўляюць аб новых інвестыцыях у гэтую сферу – піша партал energetyka24.com услед за эканамічным нямецкім штодзённікам «Handelsblatt».

Пераломным стаў 2019 год, калі Урсула фон дэр Ляен абвясціла, што ЕС павінен дасягнуць кліматычнай нейтральнасці да 2050 года, нагадвае штодзёнка. Цяпер зноў узнікла спрэчка: ці варта ратаваць клімат з дапамогай ядзернай энергіі? І калі так, то ці павінна быць фінансаванне ЕС для будаўніцтва АЭС і даследаванняў у гэтай галіне?» Германія супраць, Францыя «за».

У 2019 годзе меркаванні краін ЕС па гэтым пытанні былі збалансаванымі. «У цяперашні час усё больш і больш краін ЕС заяўляюць аб гатоўнасці для новых інвестыцый у гэтай сферы, бо пры вытворчасці атамнай энергіі CO2 не выкідваецца», – падкрэслівае «Handelsblatt».

У сярэдзіне кастрычніка дзесяць дзяржаў-членаў на чале з Францыяй апублікавалі праядзерную дэкларацыю, у тым ліку Фінляндыя, краіны Вышаградскай групы (Польшча, Венгрыя, Чэхія і Славакія), а таксама Славенія, Харватыя, Румынія і Балгарыя. Нідэрланды разглядаюць магчымасць будаўніцтва большай колькасці АЭС. Эстонія – упершыню ў сваёй гісторыі – таксама рыхтуецца да будаўніцтва АЭС, хаця «краіны Балтыі дагэтуль скептычна ставіліся да атамнай энергетыкі.

Такая ж тэндэнцыя бачная і за межамі ЕС. Такія краіны, як ЗША, Канада, Вялікабрытанія, Японія і Паўднёвая Карэя таксама паставілі перад сабой мэту кліматычнай нейтральнасці да 2050 года, а Кітай, Расія і Саудаўская Аравія хочуць зрабіць гэта да 2060 года.

Супраць атамнай энергетыкі ёсць шмат сур'ёзных аргументаў. Гэта, напрыклад, праблема з бяспекай электрастанцыі і адходамі. Паводле падлікаў Інстытута хіміі Макса Планка, па статыстыцы аварыя рэактара здараецца кожныя 10-20 гадоў, але чым больш у свеце будуецца АЭС, тым гэты тэрмін больш скарачаецца.

ав