Беларуская Служба

Без кадраў і спонсарскай падтрымкі беларускаму спорту не выжыць

29.10.2021 13:42
Фонд спартыўнай салідарнасці расказаў, як будзе выглядаць спорт у Беларусі ў сярэднетэрміновай перспектыве.
Ілюстрацыйны здымакфота: Pixabay.com/anncapictures

Як будзе выглядаць спорт у Беларусі ў сярэднетэрміновай перспектыве? Якія магчымыя змены трэба зрабіць у будучыні, каб спорт у краіне развіваўся? Ці спорт знаходзіцца па-за палітыкай? На гэтую тэму ў пятніцу размаўлялі прадстаўнікі Фонду спартыўнай салідарнасці. 

Дыскусія прайшла ў рамках сустрэч, на якіх абмяркоўваецца перспектыва развіцця і дзейнасці розных галін пасля змены палітычнай сітуацыі ў Беларусі. У ёй прынялі ўдзел беларуская лёгкаатлетка, рэкардсменка Беларусі ў штурханні ядра Надзея Астапчук і старшыня Фонду спартыўнай салідарнасці Аляксандр Апейкін.

З вуснай беларускіх уладаў, а таксама спартоўцаў часта чуваць, што спорт па-за палітыкай. Надзея Астапчук кажа, што ў Беларусі гэта палітыка цалкам паглынула спорт, не тое што спорт знаходзіцца па-за палітыкай.

-Па першае, палітыка аказвае ціск на спорт, пачынаючы з самога Лукашэнкі да радавых трэнераў, як сітуацыя з Ціманоўскай у Токіа. Мы чулі, адкуль ідуць загады – з самога верху. Пасля гэтага нам па тэлебачанні расказваюць, што ў Беларусі спорт незалежны. Спартсмен не можа быць па-за палітыкай, бо ён грамадзянін. У яго таксама ёсць свая пазіцыя, палітычныя сімпатыі. Тамы спартсмен выказвае сваё меркаванне ў першую чаргу як грамадзянін. Па-другое, трэба рабіць усё, каб палітыка не ўплывала на спартыўныя вынікі. Гэта вельмі шкодзіць спорту.

Надзея Астапчук адзначае, што цяжка сабе ўявіць сітуацыю ў заходніх краінах, калі гэта палітыкі вызначаюць, каго высылаць на алімпійскія гульні. Паводле яе, у будучыні можа дапамагчы абмежаванне ўплыву чыноўнікаў на спорт на заканадаўчым узроўні.
Калі казаць пра сярэднетэрміновую перспектыву, то Надзея Астапчук гаворыць, што паўторыцца сітуацыя з 90-х гадоў.

-Будзе паступова дэградацыя. Паступова будуць разбурацца федэрацыі, будзе ўцечка кадраў. Будуць з’яжджаць як маладыя спартсмены, так і трэнеры. У прынцыпе, трэнер можа выехаць разам з спартсменам, калі будзе бачыць перспектывы. Больш багатыя краіны, як Азербайджан, будуць ахвотна купляць такіх людзей. Думаю, сітуацыя будзе вельмі падобная да 90-х гадоў. На жаль, мы, як краіна, нічога добрага ад гэтага не атрымаем.

З тым, што наступіць момант сур’ёзнай стагнацыі, пагадзіўся Аляксандр Апейкін. Ён адзначае, што яшчэ да пачатку палітычнага крызісу ўжо назіралася праблема кіроўных кадраў. Было бачна падзенне вынікаў, пагаршэнне сістэмы падрыхтоўкі, усёй спартыўнай мадэлі. Для іх рэфармавання не было кадраў і жадання. Апейкін дадае, што доўгі час спорт для Лукашэнкі граў важную ідэалагічную ролю. Апошнім часам гэта змянілася па прычыне расколу.

-Таму што ў спартыўным асяроддзі адбыўся сур’ёзны раскол менавіта па ідэалагічнай лініі. Вялікая частка спартсменаў не пабаялася выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю. У выніку другая частка, якая пабаялася, апынуліся ў прыгнечаным стане, бо яны разумеюць, што насамрэч адбываецца ў краіне. У сувязі з гэтым будзе адбывацца стагнацыя вынікаў, важных падзей. Ужо бачна, што пакуль не спыніцца палітычны крызіс у Беларусі не будзе ніякіх спаборніцтваў. Незалежна ад сцэнара развіцця падзей, я не чакаю штуршка ў бліжэйшыя годы.

Паняцце спорт па-за палітыкай Аляксандр Апейкін называе маніпуляцыяй. Паводле яго, такога паняцця ўвогуле не існуе. Яно прыдумана ўладамі і выкарыстоўваецца для ціску на спартсменаў.

Што ў першую чаргу трэба памяняць, калі ў краіне адбудуцца змены? Надзея Астапчук не мае сумневаў: гэта падрыхтоўка новых кадраў і спроба захаваць кадры, якія ўжо ёсць у Беларусі.

-Чым больш будзе дасведчаных і граматных людзей, тым больш будзе цікавых ідэй. Неабходна паспрабаваць захаваць трэнерскі склад, які яшчэ застаўся ў Беларусі. Адной з праграм будучай Беларусі павінна быць развіццё спорту ў рэгіёнах. Цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі, якія ёсць цяпер у Беларусі, гэта цікавая ідэя. Бяда ў тым, што там аказваецца больш ціску, чым дапамогі спартоўцам. Ёсць куды развівацца. Яны павінны стаць мясцовымі брэндамі, каб людзі заўзелі за сваіх.

Для выратавання спорту ў Беларусі неабходна запусціць адразу цэлы комплекс мер – гаворыць Аляксандр Апейкін. Аднак, у першую чаргу трэба перагледзець заканадаўства па пытанні аказання спонсарскай дапамогі.

-Без гэтага спорт не выжыве. Без грошай спорт не можа існаваць. Неабходна, каб паміж спартыўнымі арганізацыямі фармавалася канкурэнцыя і разуменне таго, што павінны пачаць працаваць рынкавыя механізмы. Гэта трэба рабіць вельмі паступова, каб не было рэзкага правала. Другое – гэта падрыхтоўка і прыцягненне прафесійных кадраў. Гэта трэнеры і менеджары. Без іх пабудаваць паспяховую спартыўную сістэму будзе надзвычай складана.

Аляксандр Апейкін тлумачыць, што спорт – гэта па вялікім рахунку індустрыя, для выдатнай працы якой неабходна развіваць многія напрамкі.

ав