Перад Днём усіх святых 1 лістапада і Днём памерлых 2 лістапада, калі ў Польшчы традыцыйна згадваюць людзей, якія пайшлі з жыцця, а ў друку паяўляюцца тэмы, звязаныя з вечнымі пытаннямі, у выданні Polityka артыкул пра бессмяротнасць. Гаворка ідзе, канешне, не пра тое, што мы будзем жыць вечна ў нашых целах, а пра віртуальнае вечнае жыццё.
Такія віртуальныя станы свядомасці здаўна цікавілі фантастаў, якія апісвалі іх у сваіх творах. А цяпер жыццё даганяе навуковую фантастыку. Напрыклад, кампанія Google апатэнтавала тэхналогію стварэння віртуальных клонаў людзей. Камп’ютар можа капіяваць не толькі фізічныя рысы чалавека, але таксама яго «псіхалагічныя атрыбуты». Навошта кампаніі віртуальныя клоны? Адказ банальны – каб прадаваць нам больш сваіх прадуктаў. Калі Google будзе мець нашага клона, ён лепш зразумее нашы патрэбнасці і будзе прапанаваць нам рэкламы розных тавараў, якія нам будуць патрэбныя ў дадзены момант жыцця. Цяпер рэкламы рэагуюць на тое, што мы ўжо набылі, а такі віртуальны клон будзе апярэджваць нашы жаданні і прадбачваць, што нам можа быць неабходнае.
Такія віртуальныя клоны могуць дапамагаць таксама палітыкам. Уявіце сабе, што падчас перадвыбарчай кампаніі сапраўдны палітык у стане правесці некалькі рэальных сустрэч у дзень, а яго віртуальны клон вядзе тысячы дыскусій у сеціве, прадстаўляючы праграму кандыдата і адказваючы на пытанні дакладна так, як адказаў бы ён сам.
Microsoft таксама стварыў тэхналогію, якая дазваляе падрыхтаваць чатбота на падставе інфармацыі пра сапраўднага чалавека, выкарыстоўваючы такія дадзеныя, як здымкі, запісаныя размовы, пасты ў сацсетках, змест камунікатараў і г.д. Такім чынам, машына навучыцца весці размову так, як зрабіў бы гэта чалавек. Але гэтага чалавека можа ўжо не быць у жывых.
нг