Беларуская Служба

Неўзабаве польскі парламент будзе разглядаць грамадзянскі законапраект «Стоп абортам»

08.11.2021 13:48
У выходныя ў Польшчы адбыліся пратэсты ў сувязі са смерцю цяжарнай жанчыны, якой лекары не зрабілі аборту, а перарыванне цяжарнасці можа быць цалкам забаронена.
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneshutterstock/Valeria Aksakova

У выданні Dziennik Gazeta Prawna вяртанне тэмы перарывання цяжарнасці. Сейм (ніжэйшая палата парламенту) пачаў разгляд грамадзянскага законапраекту «Стоп абортам». Першае чытанне можа адбыцца на будучым тыдні. Няма ўпэўненасці, што прыхільнікаў забароны абортаў будзе большасць сярод дэпутатаў. Праект, хутчэй за ўсё, будзе адпраўлены на дапрацоўку ў камісіі. Гэта азначае, што заўсёды можна будзе да яго вярнуцца, не толькі падчас гэтага склікання, але і наступных.

Праект «Стоп абортам» прапануе адмяніць некалькі існуючых прадпасылак для абортаў: калі цяжарнасць з’яўляецца наступствам згвалтавання або пагражае здароўю і жыццю маці. Ён таксама прадбачвае ўвядзенне пакарання за аборт не толькі для лекара, але таксама для жанчыны.

Няма ўпэўненасці, ці законапраект атрымае «дабро» у Сейме. Усё залежыць ад таго, як да яго паставяцца дэпутаты кіроўнай кааліцыі, а ўжо вядома, што не будзе партыйнай дысцыпліны, кожны прагаласуе згодна свайму сумленню. Некаторыя дэпутаты, з якімі размаўлялі журналісты, адзначаюць, што праект надта радыкальны, таму яны збіраюцца галасаваць супраць.

У мінулыя выходныя ў Польшчы адбыліся масавыя пратэсты ў сувязі са смерцю маладой цяжарнай жанчыны, якая памерла ад сепсісу. Сваякі памерлай мяркуюць, што так сталася, паколькі лекары баяліся крымінальнай адказнасці і не зрабілі аборту, а чакалі, калі плод сам памрэ.

Dziennik Gazeta Prawna