Беларуская Служба

Цэнтр новых ідэй: Пасля перамен Беларусі вельмі цяжка будзе дасягнуць нейтралітэту

24.11.2021 14:25
Улады Беларусі збіраюцца выдаліць з Канстытуцыі тэзу аб імкненні да нейтралітэту ў знешняй палітыцы. 
Аўдыё
  • Цэнтр новых ідэй: Пасля перамен Беларусі вельмі цяжка будзе дасягнуць нейтралітэту
ВыбарыPhoto: ulleo/pixabay.com/CC0 Public Domain

Улады Беларусі збіраюцца выдаліць з Канстытуцыі тэзу аб імкненні да нейтралітэту ў знешняй палітыцы. Новы праект асноўнага закону неўзабаве можа быць вынесены на рэферэндум. Гэты намер і паслужыў падставай для даследавання Цэнтра новых ідэй. Вынікі прэзентаваліся сёння экспертамі Цэнтра.

Даследаванне накіравана на паглыбленне разумення нейтральнага статусу ў беларускім кантэксце і прапанову мер па паляпшэнні знешняй палітыкі ў сярэднетэрміновай перспектыве.

Тэма нейтралітэту ў Беларусі ўзнікла ў моманце атрымання незалежнасці. Дэкларацыя аб абвяшчэнні дзяржаўнага суверэнітэту стала першым сур'ёзным дакументам аб нейтралітэце, адкуль палажэнні амаль даслоўна трапляюць у Канстытуцыю 1994 году.
Павал Мацукевіч адзначыў, што крокі да нейтралітэту, нягледзячы на Канстытуцыю, не былі зроблены. Беларусь уступіла ў АДКБ, падпісала Дагавор аб калектыўная бяспецы, а пасля да ўлады прыйшоў Аляксандр Лукашэнка і пачалося афармленне адносін з Расіяй. Беларуская дыпламатыя ніколі не паставіла перад сабой задачу, каб імкнуцца да нейтралітэту, хоць гэтая ідэя падабалася і элітам, і грамадству – кажа Мацукевіч.

-У беларускім грамадстве і элітах, як паказвае гісторыя, і што бачна цяпер, у прынцыпе, назіраецца пэўны кансэнсус. Ён тычыцца таго, што добра мець баланс у адносінах з Захадам і з Усходам ды пазбягаць нахілу ў адзін канкрэтны бок. Калі казаць пра ўлады, то можна зразумець, чаму яны вырашылі выдаліць тэзіс аб імкненні да нейтралітэту з Канстытуцыі. Беручы пад увагу цяперашні ўзровень залежнасці ад Расіі, калі рэжым у многім трымаецца на падтрымцы Крамля, то заява сама па сабе дастаткова зразумелая.

Нават калі абстрагавацца ад залежнасці рэжыму, кажа Мацукевіч, то бачна, што сама залежнасць ад Расіі тычыцца ўсіх сфер дзейнасці: эканомікі, палітыкі, войска, медыяў, рэлігіі. Нават пры змене ўлады на дэмакратычную праблема залежнасці ад Расіі будзе вельмі вострая.

Эксперт кажа, што ідэя беларускага нейтралітэту не выкліча энтузіязму ў заходніх партнёраў, паколькі ў моманты сітуацыйнага праяўлення нейтралітэту ў 2008-2020 гадах многія партнёры не вельмі давяралі нейтральнасці Беларусі і надалей бачылі ў ёй працяг палітыкі Расіі. Пасля жніўня 2020 году гэтае пачуццё стала яшчэ больш пераканаўчым. Новым уладам трэба будзе шмат працаваць, каб даказаць сваю незалежнасць ад Расіі.

Магчымы беларускі нейтралітэт прынясе краіне многія рэгіянальныя выгады, падкрэслівае Павал Мацукевіч.

-Яны больш відавочныя для нашых заходніх партнёраў. У першую чаргу яны звязаны з тым, што Беларусь можа быць буфернай зонай паміж НАТА і Расіяй. Таксама нейтральная Беларусь будзе дзяржавай з прадказальным палітычным курсам. Будзе ліквідавана кропка геапалітычнага супрацьстаяння паміж Захадам і Усходам. У выпадку нейтралітэту паявіцца дзяржава роўна аддаленая і ад Захада, і ад Расіі, але адначасова дзяржава, якая не прасоўвае антырасійскую рыторыку і дастаткова добра разумее Крэмль і яго палітыку.

Відавочна, што Расіі імкненне Беларусі да нейтралітэту не спадабаецца.
Сыходзячы з сітуацыі ў Беларусі і актуальных геапалітычных умоваў, «класічны» нейтралітэт наўрад ці можна будзе прымяніць у беларускіх рэаліях нават пасля дэмакратычных змен. Аднак важна захаваць ідэю імкнення да нейтралітэту як прынцып у Канстытуцыі – гаварыў на прэзентацыі Рыгор Астапеня. І тлумачыць чаму.

-Даследаванні, якія правожу я, але і іншыя цэнтры, паказваюць, што ідэя нейтралітэту ў беларускім грамадстве папулярная. Беларусы хацелі б мець яго ў сваёй Канстытуцыі. Адначасова гэта чарговая магчымасць кансалідаваць грамадства, якую змогуць у будучыні выкарыстаць беларускія палітыкі. Гэта будзе магчымасць засяродзіцца на ўнутранай павестцы, а не быць раздзеленымі знешнімі блокамі. Беручы пад увагу тое, што вельмі цяжка будзе дасягнуць нейтралітэту, мы прапануем іншую палітыку. Мы кажам пра палітыку адкрытасці. Аб тым, што трэба прыцягваць максімальную колькасць актораў і пазбягаць міжнароднай канфрантацыі.

Цэнтр новых ідэй падрыхтаваў рэкамендацыі. Гэта празрыстая мадэль абмеркавання і прыняцця рашэнняў у знешняй палітыцы; пашырэнне міжнароднай супрацы; паляпшэнне адносін з ЕС і ЗША; стварэнне паса добрасуседства; зняцце ваенных пагроз у рэгіёне; развіццё альтэрнатыўных крыніц паставак энергарэсурсаў; стварэнне безбарʼернага асяроддзя для міжнароднага перамяшчэння людзей, капіталу, тавараў і паслуг.

Будучым уладам Беларусі неабходна будзе пераканаць Расію, што Беларусь і абраная ёю палітыка не нясуць пагрозы расійскім інтарэсам. Таксама важная задача для Беларусі – праца над змяншэннем напружанасці паміж Захадам і Расіяй.

ав