Беларуская Служба

Facebook выдаліла акаўнты, звязаныя з беларускім КДБ

02.12.2021 11:19
Яны накручвалі напружанасць вакол памежнага крызісу.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo:Engin_Akyurt /pixabay.com/CC0 Public Domain

Кампанія Meta (былы Facebook) абвясціла, што выдаліла больш за 40 акаўнтаў, звязаных з беларускім КДБ. Як піша CNN Business, іх дзейнасць павінна была накручваць напружанасць на польска-беларускай мяжы ў момант міграцыйнага крызісу, выкліканага рэжымам у Мінску - чытаем на партале niezalezna.pl.

«Мы выдалілі ў Беларусі 41 акаўнт у Facebook, пяць груп і чатыры акаўнты ў Instagram, якія арыентаваліся на аўдыторыю на Блізкім Усходзе і ў Еўропе. Мы выявілі іх дзейнасць у выніку ўнутранага расследавання падазроных, скаардынаваных паводзін у рэгіёне, якое мы праводзілі з-за працяглага крызісу на мяжы паміж Беларуссю і ЕС, і мы звязалі іх з беларускім КДБ», – паведамляе кампанія.

Актыўнасць акаўнтаў была бачная ў кастрычніку і лістападзе 2021 года. Каардынатары старонак выдавалі сябе за журналістаў і актывістаў з Еўрасаюза, часам з Польшчы ці Літвы.

«Фіктыўныя людзі публікавалі сваю крытыку ў адрас Польшчы на англійскай, польскай і курдскай мовах, а таксама размяшчалі фота і відэа, на якіх бачна, што польскія памежныя службы нібыта парушаюць правы мігрантаў». У якасці фота профілю выкарыстоўваліся выявы твараў, створаныя з дапамогай штучнага інтэлекту.

Падчас маніторынгу дзейнасці, звязанай з міграцыйным крызісам на мяжы, Meta таксама выдаліла каля 30 акаўнтаў і некалькі груп з Польшчы. Яны былі накіраваныя на атрымальнікаў з Беларусі і Ірака.

ав