Беларуская Служба

Ці новы штам каранавіруса больш небяспечны, чым папярэднія?

07.12.2021 16:07
Чым даўжэй вірус Совід-19 заражае людзей, тым больш ён мае магчымасцяў мутаваць, змяняцца і развіваць новыя формы.
Аўдыё
Według ekspertów omikron może wywoływać łagodniejsze objawy niż inne warianty COVID-19
Według ekspertów omikron może wywoływać łagodniejsze objawy niż inne warianty COVID-19Forum/Jacek Szydlowski

Прыкладна месяц таму, 11 лістапада, стала вядома пра паяўленне новага штаму каранавіруса. Сусветная арганізацыя аховы здароўя прысвоіла яму назву Амікрон. Новы штам пакуль што слаба даследаваны, лекары вельмі стрымана пра яго выказваюцца, каб з аднаго боку не ўзбуджаць панікі сярод насельніцтва, а з іншага, занадта не супакойваць людзей, каб яны захавалі асцярожнасць. Пра гэта казаў прадстаўнік Сусветнай арганізацыі аховы здароўя Крыстыян Ліндмаер (Christian Lindmeier).

- Чым даўжэй вірус Совід-19 заражае людзей, тым больш ён мае магчымасцяў мутаваць, змяняцца і развіваць новыя формы. Вельмі важна, каб мы ўсе прычыніліся да змяншэння цыркуляцыі віруса. Трэба, каб вакцынаваліся больш людзей. Кожны з нас павінен прыняць усе магчымыя меры, каб абараніць сябе. Гэта нашэнне масак, гігіена рук, праветрыванне памяшканняў, пазбяганне вялікіх масаў людзей і г.д.

Новы штам паявіўся ў Афрыцы, упершыню яго зафіксавалі ў Батсване, а пазней у Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы. Па інфармацыі СААЗ, пакуль што не зафіксавана смерцяў ад захворвання Совід-19, якое выклікаў новы штам. Гэта можа сведчыць аб тым, што ён, хоць высока заразны, усё ж такі не больш небяспечны для здароўя людзей, чым папярэднія варыянты. Па словах доктара Канстанты Шулджыньскага (Konstanty Szułdżyński) з медычнай рады, створанай пры Канцылярыі прэм’ер-міністра Матэвуша Маравецкага, вядома ўжо, што вакцынацыя ў вялікай ступені ахоўвае ад цяжкай формы захворвання, у тым ліку пры заражэнні новым штамам. У хворых, якія заразіліся Амікронам, хвароба працякае як правіла ў лёгкай форме, са слаба выяўленыя сімптомамі. Так што даступныя прышчэпкі выконваюць сваю функцыю – ахоўваюць ад смяротна цяжкай формы.

- Яны не з’яўляюцца ў 100% эфектыўнымі ў перадухіленні заражэння, але яны ахоўваюць жыццё. І гэта вельмі важна. Некаторыя людзі вельмі хутка забываюць пра тысячы ахвяр каранавіруса ў нас, у Польшчы. Неабходна вакцынавацца, няма іншага выйсця. Вакцынацыя павінна прайсці ў хуткім часе ў вялікай колькасці людзей. Дзякуючы гэтаму працэсу, хвароба хутчэй за ўсё не знікне, але яна стане адносна лёгкай інфекцыяй, з якой грамадствы змогуць спакойна жыць. І тады мы зможам вярнуцца да свабоднага жыцця, магчыма, не на столькі свабоднага, як раней, але такога, у якім было б менш абмежаванняў і ў якім людзі маглі б сябе рэалізаваць і адчувалі б сябе шчаслівымі.

Нягледзячы на тое, што не даказана павышанай рызыкі ад новага штаму каранавіруса, шматлікія краіны свету прымаюць прэвентыўныя меры і спыняюць авіяспалучэнні з афрыканскімі дзяржавамі, дзе распаўсюджваецца Амікрон. Ён, канешне, паявіцца неўзабаве на ўсім свеце, гэта толькі пытанне часу, але чым пазней гэта станецца, тым лепш ён будзе даследаваны і тым больш эфектыўна дактары змогуць лячыць інфекцыі, якія ён выклікае.

У краінах Еўрапейскага Саюзу існуе кансэнсус, што адзіным выхадам з пандэміі з’яўляецца масавая вакцынацыя грамадства. У ЕС ідзе дыскусія пра так званыя кавідныя пашпарты, якія атрымліваюць вакцынаваныя асобы. Ёсць прапановы, каб толькі такі дакумент даваў магчымасць свабоднага наведвання кінатэатраў, рэстаранаў, фітнес-клубаў, а нават касцёлаў ці іншых грамадскіх месцаў. На дадзены момант у ЕС абмяркоўваецца тэрмін сапраўднасці такіх сертыфікатаў, – паведамляе карэспандэнтка Польскага радыё ў Бруселі Бэата Пламэцка.

- Еўрапейская камісія прапануе, каб яны былі сапраўдныя 9 месяцаў з моманту ўколу апошняй дозай асноўнай вакцынацыі. Аднак некаторыя прапануюць хутчэй прышчапляць трэцяй дозай пасля вакцынацыі прэпаратам кампаніі Johnson&Johnson і скараціць тэрмін сапраўднасці сертыфікату пасля вакцынацыі гэтай прышчэпкай.

У кожнай краіне ёсць група грамадзян, якія рашуча адмаўляюцца ад вакцынацыі. Аднак абсалютная большасць людзей разумее, што лепш паставіць укол, чым рызыкаваць здароўем сваім і сваіх блізкіх. Дагэтуль у Польшчы была магчымасць вакцынаваць толькі асоб, старэйшых за 12 гадоў, але ўжо неўзабаве пачнецца працэдура вакцынацыі малодшых дзяцей, ад пятага да адзінаццатага года жыцця. Па інфармацыі прадстаўніка Міністэрства аховы здароўя Войцеха Андрусевіча, каля мільёна прышчэпак для дзяцей у дадзеным узросце будзе дастаўлена ў Польшчу 13 снежня.

- 11-12 снежня Мінздароўя выпіша электронныя накіраванні для гэтай узроставай катэгорыі. Такое накіраванне, зразумела, павінны адобрыць бацькі. Такім чынам, з 16 снежня мы хочам распачаць акцыю вакцынацыі дзяцей.

Прышчэпкі для малодшых дзяцей мадыфікаваныя такім чынам, каб яны былі бяспечныя для дадзенай узроставай катэгорыі. Яны ўтрымліваюць у тры разы меншую колькасць біялагічна актыўнага рэчыва, чым вакцына для дарослых.

IAR PR/нг