Беларуская Служба

У Польшчы разгарэўся скандал з-за пікету антываксераў

16.12.2021 17:10
Адзін з удзельнікаў пікету прынёс транспарант з надпісам «Вакцынацыя робіць свабодным».
Ілюстрацыйны здымакфота: Pixabay.com/OpenClipart-Vectors

Выданне Rzeczpospolita піша пра скандал, звязаны з дэманстрацыяй антываксераў у Польшчы. Такой згоды ў польскай палітыцы не было даўно – палітыкі як кіроўнай партыі «Права і справядлівасць», так і груповак апазіцыі абрушыліся з крытыкай на дэпутатаў групоўкі «Канфедэрацыя». Менавіта падчас дэманстрацыі «Канфедэрацыі» супраць абвастрэнняў, звязаных з пандэміяй, адзін з удзельнікаў пікету прынёс транспарант з надпісам «Вакцынацыя робіць свабодным». Па форме і зместу ён нагадвае славуты надпіс «Праца робіць свабодным» на браме нямецкага канцлагера Аўшвіц-Біркенаў у Асвенціме. Праўда, арганізатары пікету кажуць, што плакат прынёс чалавек, якога яны не запрашалі, яго папрасілі прыбраць транспарант, але здымак быў зроблена і пайшоў у свет.

Транспарант з лозунгам «Вакцынацыя робіць свабодным» абражае памяць ахвяр Галакосту, – заявіла дыпламатка з пасольства Ізраілю ў Польшчы Таль Бэн-Ары Яалон. Здарэнне скрытыкаваў таксама прэм’ер-міністр Матэвуш Маравецкі.

Можна размаўляць пра розныя метады барацьбы ўраду з пандэміяй, але параўнанне яго дзейнасці з вынішчэннем габрэяў падчас вайны цалкам перакрывае магчымасць якой-колечы дыскусіі, – піша каментатар выдання. Параўнанне абавязку насіць маскі ці прадстаўляць пашпарт вакцынацыі з забойствам некалькіх мільёнаў чалавек па нацыянальнай прыкмеце – гэта не толькі сведчанне дурасці аўтара надпісу, але таксама спроба перайначыць памяць пра гэтую страшную трагедыю, якая здарылася на польскай зямлі, а была вынікам дзейнасці нямецкіх фашыстаў.

Варта адзначыць, што параўнанне вакцынацыі з нацызмам – гэта адна з лініяў маскоўскай прапаганды. Апошнім часам прэм’ер-міністр Маравецкі і віцэ-прэм’ер Пётр Гліньскі згадвалі, што актывістаў руху антываксераў падбухторваюць з Расіі.

Rzeczpospolita/нг