Беларуская Служба

Каб правесці навагоднюю ноч у папулярным курорце Польшчы, трэба раскашэліцца

16.12.2021 17:52
За некалькі дзён адпачынку ў гарах і навагодні баль трэба заплаціць столькі ж, колькі за падарожжа ў экзатычную краіну і фешэнебельны гатэль.
Ілюстрацыйны здымакфота: Pixabay.com/Nennieinszweidrei

Набліжаецца навагодняя ноч. Калі хтосьці захоча правесці яе не ва ўласнай кватэры або ў сяброў ці сваякоў, яму прыйдзецца раскашэліцца – чытаем у выданні Gazeta Wyborcza. Па традыцыі шмат палякаў хоча правесці гэтую выключную ноч у рамантычным месцы – сярод горных снежных пейзажаў. Аднак за некалькі дзён адпачынку ў гарах Татрах і навагодні баль трэба заплаціць столькі ж, колькі за падарожжа ў экзатычную краіну і фешэнебельны гатэль.

З 15 снежня ў Польшчы ўведзеныя жорсткія санітарныя нормы, але выключэнне – 31 снежня і 1 студзеня, у гэтыя дні адмяняюцца абмежаванні, праўда, толькі для вакцынаваных.

Самае папулярнае месца, дзе палякі хацелі б правесці навагоднюю ноч – гарадок Закапанэ. Большай папулярнасцю карыстаюцца малыя кватэры, чым вялікія гатэлі. За двое сутак у 35-метровай кватэры з відам на Татры ў Касцеліску пад Закапанэ трэба заплаціць 10,5 тыс злотых – больш за 2,5 тыс долараў ЗША. Кошт нумару на адну ноч для дваіх чалавек у гатэлі – прыкладна паўтары тысячы.

Уладальнікі гатэляў і пансіянатаў кажуць, што рост цэнаў – гэта вынік інфляцыі. Усё даражэе, акрамя таго, можна прыняць на начлег менш людзей у выніку санітарных абмежаванняў, таму так дорага.

Gazeta Wyborcza/нг