Беларуская Служба

Латушка пра польскага дэзерціра: На хлеб з бульбай капейкі атрымае

20.12.2021 10:01
«Я не ведаю матываў гэтага чалавека, але думаю, што ён разумее, што цяпер адбываецца ў Беларусі», – кажа Павел Латушка.
Paweł Łatuszka
Paweł ŁatuszkaTwitter/@PZgorzelskiP

Польскі жаўнер Эміль Ч., які дэзерціраваў з Войска Польскага і папрасіў палітычнага прытулку ў Беларусі, цяпер з’яўляецца зоркай беларускіх дзяржаўных СМІ, а лукашэнкаўская прапаганда выкарыстоўвае яго ўсімі магчымымі спосабамі. Аднак будучыня маладога паляка не выглядае аптымістычна, кажа ў размове з выданнем Fakt былы беларускі дыпламат, цяпер адзін з найважнейшых прадстаўнікоў дэмакратычнай апазіцыі Павел Латушка.
«Нядаўна была падобная гісторыя з амерыканцам, які раптам заціх. Па маёй інфармацыі, гэта былі такія прапагандысцкія хітрыкі», – кажа Латушка.

Ён таксама мае некалькі заўваг адносна вядомага інтэрв'ю польскага дэзерціра на беларускім тэлебачанні.
«Хацелася б пачуць гэтае інтэрвʼю на польскай мове. Бо, калі мы не чуем пытання па-польску і не чуем адказу па-польску, гэта можа выклікаць сумневы. Я не ведаю, ці сапраўды задаюць такія пытанні і ці даюць такія адказы. Па-другое, гэта, безумоўна, прапаганда Лукашэнкі. Калі ён прыдумоўваў сцэнар гібрыднай агрэсіі на мяжы Еўрасаюза, ідэя была такая, каб паказаць, як пакутуюць мігранты – звычайныя людзі, што Захад дрэнны і парушае правы чалавека і г.д. Лукашэнка будзе інструментальна выкарыстоўваць людзей у любой сітуацыі», – кажа Латушка. Ён нагадвае таксама справу Рамана Пратасевіча.

«Было некалькі інтэрвʼю, прэс-канферэнцыя і больш пра яго нічога не чуваць. Яго выкарысталі, выціснулі, як губку. Так будзе, на жаль, і з гэтым жаўнерам. Яго будуць выкарыстоўваць у бліжэйшыя некалькі дзён, тыдняў, і пасля гэтага вы нічога больш пра яго не пачуеце(…). Я не ведаю матываў гэтага чалавека, але думаю, што ён не разумее, што цяпер адбываецца ў Беларусі – як там парушаюцца правы чалавека. Надоечы ў Брэсце па так званай справе танцаў на вуліцы, 12 чалавек пачулі крымінальныя прысуды. Агулам, па гэтай адной крымінальнай справе, за танцы асудзілі 114 чалавек. І гэты малады чалавек кажа, што ў Польшчы парушаюцца правы чалавека. Дэзерцір атрымае на хлеб з бульбай», – кажа Павел Латушка ў размове з выданнем Fakt.

аз