27 снежня мінае 103-я гадавіна пачатку Вялікапольскага паўстання 1918 года – пераможнага змагання палякаў за незалежнасць, якое прывяло да вызвалення амаль усёй Вялікапольшчы ад нямецкага панавання. З гэтай нагоды сёння ў Польшчы ўпершыню адзначаецца Нацыянальны дзень Пераможнага Вялікапольскага паўстання.
Вялікапольскае паўстанне пачалося неўзабаве пасля заканчэння Першай сусветнай вайны. Паўстанцы выступілі супраць нямецкай дзяржавы, патрабуючы вяртання ў Польшчу зямель, якія былі падпарадкаваныя Прусіі ў выніку ранейшых падзелаў. Бунт скончыўся перамогай у 1919 годзе. Дзякуючы яе жыхары Вялікапольшчы атрымалі свабоду, а землі, якія былі «калыскай» польскай дзяржаўнасці, вярнуліся ў Радзіму.
Паўстанне ўспыхнула ў рэакцыі на нямецкія дэманстрацыі супраць візіту ў Познані польскага піяніста і палітыка Ігнацыя Яна Падарэўскага. 25 снежня ён прыбыў у Гданьск на борце брытанскага крэйсера «Канкорд». На наступны дзень ён прыехаў у Познань, што выклікала вялікую патрыятычную дэманстрацыю палякаў. Палякі з энтузіязмам успрынялі таксама выступ Падарэўскага на балконе гатэля «Базар».
Сведкам гэтых падзеяў быў тады 16-гадовы Зыгмунт Латашэўскі(Zygmunt Latoszewski), успаміны якога захаваліся ў архіве Польскага радыё:
-Я быў сярод гэтага велізарнага натоўпу, які сустракаў Падарэўскага ў Вялікапольшчы. Госць выйшаў на балкон і выступіў з прамовай. Цяжка забыць уражанне, што мы нанава ва ўласнай дзяржаве, нягледзячы на тое, што гэта надалей была тэрыторыя падпарадкаваная Прусіі.
Паводле старшыні вялікапольскага аддзялення Таварыства памяці Вялікапольскага паўстання 1918-1919 гг. Ваўжынца Вяжэеўскага (Wawrzyniec Wierzejewski), без паўстання не можна было б цалкам гаварыць аб аднаўленні незалежнасці Польшчы:
-Вялікапольскае паўстанне, якое пачалося ў 1918 годзе – гэта падзея, без якой Польшча не атрымала б назад поўнай незалежнасці. Паўстанне ў Вялікапольшчы мела не толькі рэгіянальнае, але агульнапольскае значэнне.
У сваю чаргу гісторык з Музея Войска Польскага Міхал Мацкевіч(Michał Mackiewicz) нагадвае, што жыхары Вялікапольшчы выкарысталі слабасць немцаў:
-Перш за ўсё, яны выкарысталі факт, што кайзераўскія Немцы прайгралі вайну. Наступная справа, гэта аслабленне дзяржаўнага апарату ўлады і нямецкай арміі. Трэба памятаць, што паўстанне не пачалося б 27 снежня, калі б не факт, што нямецкая армія была фактычная няздольнай да дзеянняў на тэрыторыі Вялікапольшчы. Гэта таксама вельмі паспрыяла паўстанцам.
Дзеянні паўстанцаў ахапілі тэрыторыю каля 25 тысяч квадратных кіламетраў, на якіх жылі амаль 2 мільёны чалавек. У разгар баёў паўстанцкая армія налічвала 72 тысячы добра экіпіраваных жаўнераў. Камандзірамі паўстання былі – генерал Станіслаў Тачак (Stanisław Taczak), а з 16 студзеня 1919 года – генерал Юзэф Доўбар-Мусніцкі(Józef Dowbor-Muśnicki).
2018 год у Польшчы быў абвешчаны Годам памяці Вялікапольскага паўстання. У гэтым годзе прэзідэнт Анджэй Дуда пасмяротна ўзнагародзіў ордэнам Белага Арла яго камандзіраў.
У сваю чаргу сёння палякі ўпершыню святкуюць Нацыянальны дзень Пераможнага Вялікапольскага паўстання. Новае дзяржаўнае свята было ўстаноўлена сёлета па ініцыятыве прэзідэнта. Падпісваючы акт ушанавання паўстання палякаў супраць немцаў 1918-1919 гадах прэзідэнт Анджэй Дуда, падкрэсліў, што гэта «акт справядлівасці»:
- Паўстанне было вялікім поспехам. Гэта трэба выразна падкрэсліць. Мы святкуем Дзень незалежнасці 11 лістапада, але, на самой справе, Польшчы атрымала свой асноўны кшталт у моманце, калі Познань і Гнезна нанава сталі часткай адроджанай Польшчы. Менавіта таму Вялікапольскае паўстанне мае настолькі вялікае значэнне для атрымання Польшчай незалежнасці.
Ролік з нагоды новага свята апублікавала Міністэрства нацыянальнай абароны Польшчы. Пашану вялікапольскім паўстанцам выказаў міністр Марыюш Блашчак:
- Мы схіляем галовы перад героямі Вялікапольспака паўстання. Без іх спантаннага рашэння, ахвяры і гераізму Вялікапольшча была б адной з нямецкіх правінцыяў. Мы шчыра дзякуем ад імя нашага пакалення, якое, дзякуючы адвазе паўстанцаў, можа жыць у польскай Вялікапольшчы. Сёння ўпершыню мы адзначаем новае дзяржаўнае свята: Нацыянальны дзень пераможнага Вялікапольскага паўстання. Памяць вялікапольскім героям!
У 103-ю гадавіну пачатку Вялікапольскага паўстання кіраўнік Міністэрства нацыянальнай абароны нагадаў, як дайшло да паўстання за незалежнасць, якое ахапіла ўсю Вялікапольшчу і скончылася перамогай палякаў.
Жорсткія баі працягваліся да перамір'я, заключанага ў нямецкім горадзе Трыр 16 лютага 1919 года. Лёс вызваленай Вялікапольшчы канчаткова вырашыў, падпісаны 28 чэрвеня Версальскі дагавор, у выніку якога Польшча атрымала большасць былой прускай часткі рэгіёну.
IAR/аз