Rzeczpospolita піша пра апытанне грамадскай думкі ў Польшчы, праведзенае для міжнароднай ініцыятывы More In Common. Палякі патрабуюць больш актыўнай барацьбы са зменамі клімату, але таксама асцерагаюцца таго, што прынясе трансфармацыя. Тры чацвёртыя палякаў занепакоеныя кліматычнымі зменамі. Аднак амаль 68% апытаных кажуць, што ўлады краіны робяць недастаткова ў дадзенай сферы. Толькі 25 працэнтаў рэспандэнтаў сцвярджаюць, што ўлада вядзе ў гэтай галіне аптымальную палітыку. 60% сцвярджаюць, што Польшча павінна прымаць меры, не азіраючыся на іншых.
- Палякі прызнаюць важнасць праблемы, яны не хочуць, каб краіна была тормазам у кліматычнай палітыцы. Таксама таму, што бачаць магчымасць мадэрнізаваць эканоміку і зрабіць яе больш канкурэнтаздольнай, – кажа Адам Трачык з ініцыятывы More In Common.
У публічнай дыскусіі вакол праблем клімату часта сустракаецца тэма ладу жыцця і спосабаў падарожнічаць, якія могуць уплываць на змены клімату. Гэта разумеюць апытаныя палякі. 21% гатовы да шматлікіх змен у жыцці і працы. Крыху больш за палову гатовыя ўвесці ў сваё жыццё невялікія змены.
– Пытанне ў тым, наколькі жаданне ісці на ахвяры сапраўды праявіцца ў рэальным жыцці. На практыцы супраціў адносна зменаў у мадэлі жыцця можа быць большым, чым абяцанні. З іншых даследаванняў мы ведаем, што гэтая тэма найбольш важная для маладых людзей. Іх голас з часам стане больш заўважальным, – адзначае даследчык.
Rzeczpospolita/нг