Беларуская Служба

У Сувалках адкрытая выстава, на якой можна паглядзець у вочы ахвяр «малой Катыні»

18.01.2022 14:20
Аўгустоўская аблава была самым вялікім злачынствам у адносінах палякаў пасля Другой сусветнай вайны. 
Аўдыё
Сімвалічныя крыжы ў памяць пра ахвяр аблавыфота: twitter.com/Fundacja_PFN

Пра трагічныя падзеі ў Катыні ведаюць усе, хто хаця б у мінімальнай ступені цікавіцца польскай гісторыяй. А пра падзею, якую гісторыкі называюць часам «малой Катынню», чула значна менш людзей.

«Малой Катынню» або «Падляскай Катынню» у Польшчы называюць падзеі, якія мелі месца амаль адразу пасля заканчэння Другой сусветнай вайны. Гэта была ваенная аперацыя, у выніку якой летам 1945 года былі затрыманыя дзеячы антыкамуністычнага падполля, польскія грамадзяне, а таксама літоўцы. Звыш паловы тысячы былі расстраляныя ў пазасудовым парадку. Гэтая ваенна-чэкісцкая аперацыя была названая «Аўгустоўскай аблавай».

У склад ваенных фармаванняў, якія змагаліся з уладамі, прызначанымі саветамі, уваходзілі салдаты Арміі Краёвай. У Падляскім ваяводстве не ўсе аддзелы Арміі Краёвай, нягледзячы на загад камандавання, былі расфармаваныя, некаторыя працягвалі змагацца з уладай, якую яны лічылі акупацыйнай. Польскія ўлады самастойна не маглі справіцца з партызанамі, у расправе з падпольнымі змагарамі ім памагалі савецкія войскі, між іншым з 50-ай арміі 3-га Беларускага фронту. Яны ў ліпені 1945 года правялі аблаву Аўгустоўскіх лясоў. У аперацыі прынялі ўдзел больш за 50 тысяч салдат Чырвонай арміі, у раёне было ўведзена надзвычайнае становішча. Было затрымана каля 7 тыс. чалавек, большасць з якіх пасля праверкі адпусцілі, але лёс некалькіх сотняў невядомы.

У Сувалках захоўваюць памяць пра тую трагедыю – смерць людзей, расстраляных без суда і следства, ужо пасля заканчэння вайны. Надоечы там была адкрытая выстава пад назваю «Ліпеньскія. Твары ахвяр Аўгустоўскай аблавы». Экспазіцыю падрыхтаваў Інстытут Пілецкага, на ёй паказаныя здымкі ахвяр ваеннай аперацыі Чырвонай арміі ды НКВД. Томаш Стэфаняк з Інстытуту Пілецкага кажа, што аблава паказала сапраўдныя планы саветаў у адносінах палякаў ды іншых захопленых народаў.

- На захадзе людзі і салдаты святкуюць заканчэнне вайны. У тут, у раёне Аўгустава і Сувалак, аддзелы Чырвонай арміі, 45 тыс салдат прачэсваюць лясы ў пошуках людзей, якія лічыліся пагрозай камуністычнаму ладу. Гэта сімвал лёсу ўсёй Цэнтральна-Усходняй Еўропы, дзе саветы, не зважаючы на жыццё людзей, насаджалі камуністычныя дыктатуры.

У выніку Аўгустоўскай аблавы некалькі соцень чалавек былі перададзеныя ўладам савецкай Літвы. 592 асобы былі расстраляныя і пахаваныя ў невядомым месцы. Томаш Стэфаняк азначае, што на выставе можна зірнуць у вочы ахвяраў савецкага злачынства.

Да сённяшняга дня на Сувальшчыне пра ахвяр Аўгустоўскай аблавы кажуць «ліпеньскія». Яны былі затрыманыя, арыштаваныя, прапалі без вестак у ліпені 1945 года. Таму менавіта пад такім загалоўкам – «ліпеньскія» – мы хочам расказаць гісторыю, паказаць твары гэтых людзей. Мы запрашаем усіх наведаць экспазіцыю, каб пазнаёміцца з гісторыяй, зірнуць у твары «ліпеньскіх», але перш за ўсё каб пазнаёміцца з іх біяграфіяй.

Для сем'яў ахвяр іх затрыманне і смерць былі вялізнай трагедыяй. Гэта здарылася ўжо пасля заканчэння вайны, калі ўсе разлічвалі, што наступіць мірны і бяспечны час. Сваякі не атрымалі інфармацыі, што сталася з іх блізкімі, дзе яны пахаваныя, чаму былі забітыя. Няма магілы, на якой можна пакласці кветкі і памаліцца. Памяць захавалася толькі ў здымках. Фатаграфіі, прадстаўленыя на выставе, паходзяць з фондаў Інстытуту Пілецкага, некаторыя былі ахвяраваныя сваякамі забітых.

- Гэтыя здымкі, якія захоўваліся ў сем’ях, былі ўжо вельмі кепскай якасці. Мы правялі глыбокую рэканструкцыю, здымкі былі папраўленыя і пафарбаваныя. На выставе мы ўпершыню паказваем рэканструяваныя здымкі. Наведвальнікі могуць убачыць фатаграфіі гэтых людзей у значна лепшай якасці. Можна ўбачыць твары часцей за ўсё маладых людзей – членаў падпольных структур Арміі Краёвай. Гэта была самая вялікая падпольная арганізацыя на Сувальшчыне.

У выніку аблавы былі расстраляныя 592 асобы. Супраць іх не было крымінальных справаў, далейшы лёс арыштаваных невядомы. Як гэта магчыма, што столькі людзей былі забітыя і ад іх не засталося слядоў? Меркаваннем расійскага гісторыка Наталлі Лебедзевай, дзеля забойства ў тайным лагеры выкарыстоўвалі хімічныя або біялагічныя рэчывы. Ваенная пракуратура РФ адмовіла ў рэабілітацыі ахвяр, паколькі адсутнічаюць дакументы ўзбуджэння крымінальных спраў.

Аўгустоўская аблава была самым вялікім злачынствам у адносінах палякаў пасля Другой сусветнай вайны. Экспазіцыю, прысвечаную ахвярам злачыннай ваеннай аперацыі саветаў, можна ўбачыць у Сувалках да 20 лютага.

 IAR PR/нг