Беларуская Служба

Польшча рыхтуецца да арганізацыі ІІІ Еўрапейскіх гульняў

19.01.2022 11:07
Польшча стане трэцім гаспадаром гэтай падзеі ў гісторыі. Другія Еўрапейскія гульні прайшлі ў Мінску.
Аўдыё
  • Польшча рыхтуецца да арганізацыі ІІІ Еўрапейскіх гульняў.
Ілюстрацыйны здымакфота: Pixabay.com/anncapictures

400 мільёнаў злотых (амаль 88,5 мільёна еўра) – столькі будзе каштаваць арганізацыя ІІІ Еўрапейскіх гульняў у Кракаве. Надоечы прадстаўнікі ўраду, ваяводскіх уладаў і прэзідэнт Кракава падпісалі пагадненне аб фінансаванні арганізацыі згаданага міжнароднага спартыўнага мерапрыемства.

Згодна з пагадненнем, урад фінансуе палову выдаткаў на арганізацыю мерапрыемства. На астатнюю частку грошы выдзяляць па палове, то бок па 100 мільёнаў злотых, горад Кракаў і Малапольскае ваяводства. Мерапрыемства стане вынікам сумеснай працы ўрада і мясцовага самакіравання, паведаміў намеснік прэм’ера міністр дзяржаўных актываў Яцэк Сасін(Jacek Sasin):

-У нас усё запланаванае, падлічанае. У нас дастаткова сілаў і сродкаў, каб, як дзяржава, падтрымаць арганізатараў згаданага мерапрыемства. Мы не пакінем муніцыпалітэтаў саміх з выдаткамі. Еўрапейскія гульні – гэта нашая супольная справа.

Яцэк Сасін пераконвае, што згаданае мерапрыемства прынясе рэгіёну шмат карысцяў:

- Я перакананы, што пасля завяршэння гульняў усе цяперашнія сумневы і боязі, звязаныя арганізацыяй мерапрыемства, будуць толькі ўспамінам, а мы ўсе будзем цешыцца імпрэзай і тым, як мы ёй скарысталіся, як краіна, Малапольшча, Кракаў і Сілезія.

Міністр спорту Каміль Бартнічук(Kamil Bortniczuk) адзначыў, што Польшча гатовая арганізоўваць буйныя сусветныя спартыўныя мерапрыемствы:

- Мы хочам, каб пасля згаданых гульняў у Кракаве і ў Малапольшчы засталося шэраг інфраструктурных інвестыцыяў, якія будуць цешыць жыхароў Кракава, Малапольшчы, а таксама турыстаў яшчэ многія гады.

Нагадваем, мерапрыемства, якое пройдзе ў Кракаве, у некалькіх гарадах Малапольшчыны і Сілезіі, будзе каштаваць 400 мільёнаў злотых. Частка гэтых грошай будзе накіравана на пашырэнне і мадэрнізацыю існуючых спартыўных аб’ектаў, паясніў міністр Бартнічук:

- Адбудзецца мадэрнізацыя стадыёна «Вісла». Дзякуючы гэтым інвестыцыям павялічыцца яго функцыянальнасць. Зараз, у сувязі з тым, што на поле не можа ўехаць цяжкая тэхніка, то там адбываюцца выключна футбольныя сустрэчы. Пасля мадэрнізацыі на стадыёне змогуць праходзіць таксама іншыя мерапрыемствы, як, напрыклад, відовішчы. Мадэрнізаваныя будуць таксама аб’екты Акадэміі фізічнага выхавання.

Частка спаборніцтваў пройдзе ў іншых гарадах Малапольшчыны. Там таксама будуць пабудаваны новыя аб'екты:

- У Тарнаве ўзнікнуць аб’екты для пляжных відаў спорту, да алімпійскіх патрабаванняў будзе прыстасаваны скаладром. У гарадку Закапанэ ўзнікне новы тор для горнага веласіпеднага спорту. Таксама неўзабаве пачнецца будаўніцтва крытага катка. У Крыніцы будзе адрамантаваны каток. Сілезскі стадыён будзе пашыраны на лёгкаатлетычную залу.

Еўрапейскія гульні зʼяўляюцца адным з самых важных спартыўных мерапрыемстваў у свеце, гэта вялікая спартыўная і інвестыцыйная падзея, заявіў прэмʼер-міністр Матэвуш Маравецкі:

-Я перакананы, што нам удасца паказаць, як высокі спартыўны, так і раней – арганізацыйны ўзровень. Я перакананы, што гэтае мерапрыемства будзе натхненнем для Польшчы і палякаў да амбітных спартыўных дасягненняў.

Кіраўнік польскага ўраду заявіў, што арганізаваныя ў Кракаве гульні будуць важнай падзеяй таксама ў грамадскім аспекце:

- У старажытныя часы, калі пачыналіся гульні, то сціхалі ўсе спрэчкі і канфлікты. Хай спорт стане такой галіной у жыцці грамадства, якая прычыніцца да ліквідацыі спрэчак. Урад таксама зацікаўлены ў арганізацыі мерапрыемства на сусветным узроўні.

У сваю чаргу прэзідэнт Кракава Яцэк Майхроўскі(Jacek Majchrowski) падкрэсліў, што арганізацыя гульняў будзе спрыяць прасоўванні горада і рэгіёна:

- Еўрапейскія гульні – гэта не толькі спорт. Зразумела мы пастаянна маем на ўвазе спорт, развіццё і ўсе іншыя справы звязаныя з гульнямі. Аднак гульні – гэта таксама нагода велізарнага прасоўвання Малапольшчы і самога Кракава.

Еўрапейскія гульні – гэта новая спартыўная падзея. Гэта рэгіянальныя міжнародныя комплексныя спартыўныя спаборніцтвы сярод атлетаў Еўрапейскага кантынента, якія праводзяцца раз у чатыры гады пад кіраваннем Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў.

Першыя Еўрапейскія гульні адбыліся ў сталіцы Азербайджану Баку ў 2015 годзе. Другія прайшлі ў сталіцы Беларусі Мінску ў 2019 годзе. Польшча стане трэцім гаспадаром гэтай падзеі ў гісторыі.

Гульні ў Кракаве і Малапольшчы пройдуць з 21 чэрвеня па 2 ліпеня 2023 года. Польшча будзе гасціць 50 нацыянальных камандаў, то бок ад 4 да 6 тысяч еўрапейскіх спартсменаў.

IAR/аз