Беларуская Служба

Нядаўнае вывяржэнне вулкану ў Ціхім акіяне не паўплывае на паніжэнне тэмпературы на Зямлі

20.01.2022 14:17
Паніжэнне тэмпературы на Зямлі назіралася пасля вывяржэння ў 1991 годзе.
Аўдыё
  • Нядаўнае вывяржэнне вулкану ў Ціхім акіяне не паўплывае на клімат у доўгатэрміновай перспектыве; Наяўнасць спадарожнікаў у космасе ўскладняе астранамічныя даследаванні
   -- -
вывяржэнне падводнага вулкану Хунга-Тонга- Хунга-Хаапайscreen https://www.youtube.com/watch?v=vemt5-LEhNU

Вывяржэнне вулкану ў Ціхім акіяне, якое адбылося 15 студзеня, не будзе мець шырокіх кліматычных наступстваў, перакананыя навукоўцы.

Кліматолаг з Універсітэта прыродазнаўчых навук у Познані прафесар Богдан Хайніцкі лічыць, што, хоць вывяржэнне падводнага вулкану Хунга-Тонга- Хунга-Хаапай было найбуйнейшым за апошнія 30 гадоў, яно не паўплывае на клімат у доўгатэрміновай перспектыве. Прафесар Хайніцкі адзначыў, што вывяржэнне будзе мець толькі мясцовыя наступствы.

«Цяперашняе вывяржэнне параўноўваюць з вывяржэннем вулкану Пінатуба ў Філіпінах у 1991 годзе – тады злучэнні серы, якія былі выкінутыя ў атмасферу, выклікалі паніжэнне тэмпературы ва ўсім свеце. На гэты раз вывяржэнне – хоць і надзвычай маштабнае – не будзе мець глабальных наступстваў», – сказаў прафесар Богдан Хайніцкі (Bogdan Chojnicki):

- Калі казаць пра сам выбух, то яго вышыня сапраўды дасягнула 30 кіламетраў. Гэта ў тры разы больш, чым вышыня, на якой лётаюць самалёты далёкіх рэйсаў. У атмасферу трапіла вялікая колькасць пылу і газу, аднак гэты выбух адрозніваецца ад таго з Пінатуба, таму што было выкінута намнога менш дыяксіду серы. Адпаведная колькасць пылу можа прычыніцца да паніжэння тэмпературы на ўсёй Зямлі і гэта мы назіралі ў 1991 годзе, калі тэмпература на Зямлі на паўгода панізілася на палову градуса Цэльсія.

Страты, нанесеныя вывяржэннем у Каралеўстве Тонга, што месціцца на Ціхаакіянскім архіпелагу, усё яшчэ ацэньваюцца. Выспа Хунга-Тонга- Хунга-Хаапай была бязлюднай, але выбух вулкану адчуваўся на іншых выспах. Загінула некалькі чалавек, шмат было параненых. На архіпелагу ў выніку адбыліся збоі сотавай сеткі і Інтэрнэту. У доўгатэрміновай перспектыве астравам Каралеўства Тонга пагражае недахоп пітной вады і голад, прагназуе Хайніцкі:

- Навокал вывяржэння вулкану будуць ісці кіслыя дажджы, будзе асядаць шмат  пылу і серы. У выніку адбудзецца забруджанне вады і доступ да прэснай вады будзе абмежаваны. Таксама ўраджаю сёлета там не будзе, бо глеба цяпер моцна забруджана.

Вывяржэнне вулкану ў Ціхім акіяне адчувалася ва ўсім свеце. Выбух быў чутны на Алясцы, на адлегласці больш за 9,5 тысячы кіламетраў. Вывяржэнне выклікала хвалю цунамі, улады Японіі вырашылі эвакуіраваць больш за 200 000 жыхароў з прыбярэжжа. 15 студзеня ўзровень мора ў Іспаніі ненадоўга, але падняўся на некалькі дзясяткаў сантыметраў. Метэаралагічныя спадарожнікі выявілі воблака попелу, якое распаўсюдзілася над Аўстраліяй больш чым на 39 кіламетраў над паверхняй Зямлі. Гэта першы раз, калі вулканічны попел быў знойдзены так высока ў атмасферы. У Польшчы праз некалькі гадзін пасля выбуху метэастанцыя Каспровы Верх зафіксавала скачок ціску, выкліканы ўдарнай хваляй, якая ўтварылася пасля вывяржэння.

яс

Эфірны выпуск перадачы слуйце ў далучаным файле

Больш на гэтую тэму: Навука і тэхніка