Беларуская Служба

Стратэгія на канстытуцыйны рэферэндум: лепш закрэсліць два адказы ці байкатаваць галасаванне?

08.02.2022 14:55
Дэмакратычныя сілы мяркуюць, што беларусам прапануюць выбіраць паміж Лукашэнкам, які быў дагэтуль, і калектыўным Лукашэнкам (УНС).
Аўдыё
ВыбарыPhoto: ulleo/pixabay.com/CC0 Public Domain

27 лютага ў Беларусі адбудзецца галасаванне па пытаннях зменаў і дапаўненняў у асноўны закон краіны. Удзельнікам галасавання зададуць пытанне, ці яны выступаюць за змены, ці супраць іх. Адпаведна, ёсць толькі дзве магчымасці адказу.

Дэмакратычныя сілы, у тым ліку офіс Святланы Ціханоўскай ды Нацыянальнае антыкрызіснае ўпраўленне, выступаюць супраць абодвух варыянтаў адказу, паколькі, на іх думку, беларусам прапануюць выбіраць паміж Лукашэнкам, які быў дагэтуль, і калектыўным Лукашэнкам, якім стане галоўны дзяржаўны орган Беларусі, калі пройдуць змены – Усебеларускі народны сход. Таму прапануецца скрэсліць абедзве рубрыкі. Іншыя прадстаўнікі дэмакратычных сілаў выступаюць за байкот галасавання, каб паказаць уладам сваю нязгоду на такія «змены».

На думку палітолага Андрэя Ягорава, няма сэнсу весці дыскусію, якую стратэгію на рэферэндум выбраць – байкот ці ўдзел, паколькі ніводная з іх не здолее мабілізаваць беларусаў да палітычнай актыўнасці. Апазіцыя павінна прапанаваць свае шляхі вырашэння тупіковай палітычнай сітуацыі ў Беларусі.

- Мы знаходзімся ў трэндзе палітычнай дэмабілізацыі беларусаў, немагчыма падбіць людзей на кансалідаванае дзеянне, як было на выбарах у 2020 г. Любыя мабілізацыйныя стратэгіі не будуць мець ашаламляльнага поспеху. Пры невялікай мабілізацыі ўлады выігрываюць гэты рэферэндум. І супрацьпаставіць няма чаго, трэба выходзіць са сваім парадкам дня. Не будзе мабілізацыі, якая выведзе людзей на вуліцы. Людзі менш чытаюць палітычных навін, незалежных медыя, яны мала ведаюць пра кампанію падрыхтоўку да рэферэндуму.

Рэдактар часопісу «New Eastern Europe», палітычны аналітык і выкладчык Варшаўскага ўніверсітэту Максім Руст адзначае, што вынік галасавання не мае вялікага значэння, але ўсё ж такі лепшы ўдзел, чым байкот, паколькі рэферэндум крыху змабілізуе беларусаў да актыўнасці.

- Ад таго, ці мы пойдзем на рэферэндум, ці не пойдзем, вынік не зменіцца. Таму байкот, ці ён будзе, ці не, не будзе мець значэння для дынамікі грамадскага жыцця. З іншага боку, калі б была актыўная павестка байкоту, гэта дало б магчымасць беларускім уладам паказаць – маўляў, гэтыя беглыя не жадаюць удзельнічаць, мы ж вам абяцалі перамены, вось яны. Акрамя таго, у Беларусі і так назіраецца вялікая апатыя жыхароў, байкот можа выклікаць яшчэ большую апатычнасць. А ўдзел у рэферэндуме можа быць спробай нейкай мабілізацыі грамадства.

Людзі, якія намераныя байкатаваць рэферэндум, а таксама тыя, хто намераны паставіць два крыжыкі ў бюлетэні для галасавання, у прынцыпе стараюцца дасягнуць аднаго і таго ж выніку – паказаць, што яны супраць прызначэння такога плебісцыту Аляксандрам Лукашэнкам, які страціў сваю легітымнасць, – адзначае былы супрацоўнік БДІПЧ АБСЕ, спецыяльны прадстаўнік Святланы Ціханоўскай па пытаннях выбараў Аляксандр Шлык.

- Несапраўдныя галасы і байкот ідуць у адным і тым жа напрамку. Проста мы лічым, што несапраўдныя галасы ідуць у гэтым напрамку больш эфектыўна. Вельмі важна фіксаваць колькасць людзей, якія паявіліся або не паявіліся на выбарчых участках. Тут уступае ў гульню банальная арыфметыка. Нам трэба зрабіць так, каб стала відавочна, што ўлады не сабралі паловы плюс адзін голас ад той колькасці людзей, якія знаходзяцца ў спісках для галасавання. Тады можна будзе паказаць, што папраўкі не прайшлі, а таксама не было падтрымкі дзейснай канстытуцыі. Такім чынам мы пакажам, што ўладам не ўдалося правесці рэферэндум. Агулам галасаванне праводзіцца, каб Лукашэнка мог паказаць, што ён здольны правесці рэферэндум. І гэтай здольнасці мы спрабуем яго пазбавіць.

Дыскусію на тэму стратэгіяў апазіцыйных сілаў на канстытуцыйны рэферэндум зладзіў у Варшаве Беларускі Моладзевы Хаб.

нг