Беларуская Служба

Фатограф на вайне: Калі бачыш дзяцей... Малых дзяцей... Гэта не той свет, у якім павінны гадавацца дзеці

15.03.2022 15:21
Жыццё на лініі фронту – гэта найгоршае, што можа здарыцца.
Аўдыё
Найцяжэй на вайне дзецямфота: PAP/Darek Delmanowicz

Мы сталі сведкамі гісторыі, якая на нашых вачах выклікае незваротныя магутныя працэсы ў еўрапейскіх краінах. Увесь свет сочыць за гераічным змаганнем украінскага народа супраць расійскіх акупантаў. Дэмакратычны свет разумее, што гэта, без лішняга пафасу, барацьба «за нашу і вашу свабоду». І гэта, бадай, першая вайна, за якой людзі сочаць у прамым эфіры пры дапамозе сацыяльных сетак. Але сёння мы хочам пагаварыць пра байцоў іншага, не ваеннага фронту, якія выконваюць вельмі важную і небяспечную працу – пра журналістаў на вайне.

У панядзелак стала вядома, што журналіст амерыканскага канала Fox News, які асвятляў вайну ва Украіне, быў паранены пад Кіевам. «Сёння наш карэспандэнт Бенджамін Хол быў паранены падчас збору навін за межамі Кіева ва Украіне, – заявіла генеральны дырэктар Fox News Media Сюзана Скот. – Нашы каманды на месцах працуюць над зборам дадатковай інфармацыі». У Генпракуратуры Украіны распавялі, што замежны журналіст атрымаў аскепкавыя пераломы абедзвюх ног.

У дэмакратычных краінах жыхары давяраюць сваім сродкам масавай інфармацыі, яны ведаюць, што абсалютная большасць журналістаў імкнецца паказаць ім праўдзівую сітуацыю. І шмат журналістаў гатовыя рызыкаваць жыццём, каб гэтую праўдзівую карціну паказваць. Ва Украіне працуюць таксама польскія журналісты. Між іншым – фотарэпарцёр Максіміліян Рыгамонці (Maksymilian Rigamonti) – лаўрэат конкурсу Grand Press Photo (самы прэстыжны ў Польшчы конкурс для фотаграфаў), які асвятляў раней канфлікт у Афганістане. Ён расказаў, што ва Украіне, дзе ідуць баі пад Кіевам, журналістам часам прыходзіцца дапамагаць у эвакуацыі людзей.

- Былі сітуацыі, калі фатографы і прадстаўнікі СМІ дапамагаюць мясцовай адміністрацыі і войскам тэрытарыяльнай абароны. Напрыклад, пры эвакуацыі дома састарэлых. Цяжка было пераправіцца праз раку. Пажылыя людзі – некаторым па 80 і больш гадоў, некаторыя не могуць стаяць на ўласных нагах – іх пераносілі ў дзіцячых ваннах або ў вазках, якімі карыстаюцца для пакупак у супермаркетах. Халодная рака, зіма, ідзе снег, разбіты мост, за мостам апошні пастарунак украінцаў, а далей ужо расійскія войскі. І нягеглыя старыкі. Карцінкі, якія застаюцца ў галаве, на самой справе страшныя.

Галоўная задача фотарэпарцёра – паказваць жыццё, як ёсць. Жыццё на лініі фронту – гэта найгоршае, што можа здарыцца. А найбольш на вайне пакутуюць дзеці, якія не разумеюць, што адбываецца, – гаворыць Рыгамонці.

- Калі бачыш дзяцей... Малых дзяцей... Яны гэтага не разумеюць. У іх ёсць толькі эмоцыі, пачуцці. Я зрабіў здымак дзяўчынкі, якая трымала свайго сабачку. Вочы сабачкі казалі ўсё, а вочы дзяўчынкі – у іх быў страх, неразуменне, поўнае здзіўленне. Гэта не той свет, у якім павінны гадавацца дзеці. Гэта проста разрывае душу. Я зрабіў здымак гэтай дзяўчынкі. Нельга сказаць, што гэта нейкі геніяльны здымак, і ён не паказвае жудасных карцінак вайны навокал, але позірк гэтай дзяўчынкі гаворыць усё.

Госць Польскага радыё кажа, што ён жыве ў кватэры свайго ўкраінскага сябра Руслана. І расказвае, як ставяцца да нападзення Расіі звычайныя ўкраінцы. Яны настроеныя вельмі рашуча і ніколі не скарацца.

- Яны сапраўды настроеныя вельмі рашуча. Я пра гэта ўжо казаў, што на месцы расіян я б сюды не ўваходзіў. Яны сапраўды ў роспачы, і яны будуць змагацца за сваю зямлю да канца жыцця і да апошняй кроплі крыві. І, трэба сказаць, што для іх вельмі важная падтрымка Польшчы. Не хачу ўмешвацца ў палітыку, але людзі мне гавораць, што Польшча для іх – гэта выратаванне. Іх жанчыны і дзеці знайшлі бяспечны прытулак у Польшчы. І за гэта ўкраінскія мужчыны вельмі ўдзячныя. Яны паўтараюць – перадай палякам, што мы ім удзячныя.

Паміж палякамі і ўкраінцамі было нямала складаных старонак у гісторыі. Была валынская разня, падчас якой былі забітыя тысячы нявінных палякаў. Але цяпер гісторыя польска-украінскіх адносінаў пішацца нанава, – адзначае фатограф.

- Усё маё прафесійнае жыццё звязана з Украінай. Пачынаючы ад здымку, які заваяваў званне «Фатаграфіі года» (зроблена ва Украіне) па маю кнігу аб польска-украінскіх адносінах. Украіна – цяпер маё месца. Польска-украінская гісторыя, якая існавала дагэтуль, адышла на другі план 24 лютага. Дзякуючы дапамозе, якую аказваюць палякі ўкраінцам, мы цяпер пішам новую гісторыю. І гэта прыгожая гісторыя.

Максіміліян Рыгамонці адзначае, што рашэнне выехаць ва Украіну, калі ідзе вайна, не было простым. Для кожнага натуральна баяцца за сваё жыццё, а там яго лёгка страціць, але ён не хацеў і не мог паступіць інакш.

нг