Беларуская Служба

Ці адвага - гэта рыса характару, з якой трэба нарадзіцца?

05.04.2022 09:13
Многія ўкраінцы паказваюць прыклады смеласці, якія выклікаюць захапленне і недавер у свеце. 
Аўдыё
Ілюстрацыйны здымакфота: Pixabay.com/ChiaJo

Украінскія салдаты, афіцэры, улады, а таксама звычайныя жыхары Украіны паказваюць свету эталон мужнасці і адвагі. Яны не пабаяліся «другой арміі свету», уступілі ў адчайнае, але, што самае галоўнае, эфектыўнае супрацьстаянне ёй.

Многія ўкраінцы паказваюць прыклады смеласці, якія выклікаюць захапленне і недавер у свеце. Свежыя прыклады апошніх дзён – два баявыя верталёты абстралялі склад паліва ў Белгарадзе ў Расіі. Ён знаходзіцца ў прыкладна ў 30 кіламетрах ад мяжы з Украінай. Адчайны ўчынак. Праўда, Украіна афіцыйна не ўзяла на сябе адказнасць за гэтую дзёрзкую акцыю, але ўскосна ўлады далі зразумець, што расіяне не павінны адчуваць сябе бяспечна таксама на сваёй тэрыторыі. Наступны прыклад – бабуля накарміла расійскіх салдат атручанымі піражкамі, сямёра памерлі. Праўда, на вайне немагчыма праверыць праўдзівасць такой інфармацыі. Іншая жанчына скрала ў расіян і прыхавала каробку з боепрыпасамі, каб перадаць іх украінскай арміі. Жыхары акупаваных гарадоў выходзяць на мітынгі супраць Расіі. Гэта толькі некалькі прыкладаў бязмежнай адвагі большасці ўкраінцаў. А адкуль бярэцца адвага, ці з гэтай рысай трэба нарадзіцца?

Кажуць, што характар чалавека пазнаецца ў бядзе. Калі мы жывем у міры, нічога нам не пагражае, мы да канца не ведаем, як паступім, калі прыйдзе вайна ці іншае ліха. А ці адвага заўсёды азначае адсутнасць страху? На думку псіхатэрапеўткі Ёанны Хмуры, страх зусім не выключае адвагі.

- Адвага – гэтае тое, што нам неабходна менавіта дзеля таго, каб перамагчы страх і боязь. Часам нам здаецца, што адвага – гэта такі стан, калі мы не адчуваем ні страху, ні боязі. А гэта не так. Адвага існуе дзеля таго, каб справіцца з гэтымі пачуццямі. Адвага мае розныя праявы, яна назіраецца таксама тады, калі мы баімся. Што яшчэ тыпічнае для адвагі – яна праяўляецца вельмі па-рознаму. Часам яе не відаць звонку, а часам яна вялізная і гераічная.

Усе мы назіраем за сітуацыяй ва Украіне, бачым, як людзі жывуць ва ўмовах акупацыі або вялікай верагоднасці страціць жыццё/здароўе ў выніку абстрэлаў. Канешне, найгоршага мы не бачым – выжывання ў гарадах, якія ўзятыя ў расійскую аблогу, адкуль няма сувязі. Але і з акупаваных гарадоў мы бачым кадры пратэстаў жыхароў, якія, нягледзячы на небяспеку, выходзяць на праўкраінскія дэманстрацыі. Мы ўяўляем сабе, якім трэба быць адважным чалавекам, каб падставіць сваё жыццё пад кулі. Па словах псіхатэрапеўта, адвага не з'яўляецца прыроджанай рысаю, яе можна развіваць.

- Няпраўда, што хтосьці нараджаецца адважным або не. Гэта рыса, якую можна развіваць. Няма іншага шляху, чым практычны – рабіць тое, чаго мы баімся. Спачатку ў невялікіх дозах, пазней у шырэйшым маштабе. Гэта як цягліца – можна адвагу ўзмацніць. Адважным рашэннем можам назваць таксама рашучасць тысяч украінскіх мужчын, якія кінулі жыццё і працу за мяжой і вярнуліся ва Украіну, каб змагацца з акупантам. Прыклад дае таксама прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, які стаў лідарам, якіх даўно ўжо не было – лідарам, які абяцае быць са сваім народам да канца, разам з ім змагацца. Дарэчы, не толькі ён, але таксама яго жонка, якая заклікае не траціць надзеі, падтрымлівае ўкраінцаў.

Украінцам прыходзіцца быць адважнымі, паколькі ім няма куды адступаць. А ці рашэнне палякаў пра тое, каб прыняць пад свой дах незнаёмых людзей – бежанцаў з Украіны – гэта таксама адвага?

- З адвагай на пэўна звязана рашэнне, каб змяніць свой ранейшы расклад жыцця. Патрэбная смеласць, каб прыняць людзей, якіх мы зусім не ведаем. Гэта, канешне, нельга параўноўваць з вайной, калі людзям пагражае смерць на кожным кроку, але гэта смеласць, якая дазваляе ўвайсці ў невядомае, нешта змяніць у жыцці. Мы ўваходзім на шлях, які нас кудысьці завядзе, а пакуль што мы не ведаем, куды. Мы выходзім са сваёй зоны камфорту, нам прыходзіцца сутыкацца з траўмай, якую прыносяць людзі, што ўцякаюць ад вайны. Такі чалавек перажывае свае цяжкія эмоцыі, а мы не ўмеем з ім размаўляць, не толькі таму, што не ведаем яго мовы, але таксама з-за таго, што мы самі не перажылі такіх эмоцый. І адвагі патрабуе само знаходжанне побач з такім чалавекам.

Часткова адвага ўкраінцаў тлумачыцца тым, што для іх цяпер ідзе Вялікая айчынная вайна, яны абараняюць сваю зямлю. А расійскія салдаты зусім не разумеюць сэнсу гэтай вайны, для іх сэнс заключаецца ў грабяжах украінскіх кватэр і забойствах для садысцкай прыемнасці мірных жыхароў. Армія Расіі цалкам дэмаралізаваная, а ва ўкраінскай арміі выключна высокі маральны і баявы дух, які таксама спрыяе адвазе.

І Пр. ПР/нг