Беларуская Служба

З 22 па 29 красавіка адзначаецца Сусветны тыдзень першасных імунадэфіцытаў

21.04.2022 16:01
Дыягнаставаць першасны імунадэфіцыт даволі няпроста, паколькі ён не мае спецыфічных прыкметаў.
Аўдыё
  • З 22 па 29 красавіка адзначаецца Сусветны тыдзень першасных імунадэфіцытаў
Здымак мае ілюстрацыйны характарfernandozhiminaicela/pixabay.com/CC0 Public Domain

Частыя, перыядычныя інфекцыі, напрыклад, запаленне вуха, пазух або лёгкіх, могуць сведчыць аб першасных імунадэфіцытах. Першасныя імунадэфіцыты – група з больш чым 450 захворванняў, абумоўленых прыроджанай генетычнай паломкай аднаго або некалькіх кампанентаў імуннай сістэмы. Дыягнаставаць першасны імунадэфіцыт даволі няпроста, паколькі ён не мае спецыфічных прыкметаў. Сімптаматыка ідэнтычная дзясяткам, а то і сотням іншых захворванняў.

З 22 па 29 красавіка адзначаецца Сусветны тыдзень першасных імунадэфіцытаў. Сёлета ў рамках святкавання будзе праводзіцца адукацыйнага кампанія: «Імунітэтам можна падзяліцца. У чым магу дапамагчы?».
Як сказаў старшыня асацыяцыі людзей з імунадэфіцытам «Immunoprotect» Павел Гурняк(Paweł Górniak), мэта кампаніі – павысіць інфармаванасць грамадства аб гэтых захворваннях і заахвоціць іх да донарства плазмы:

- Разам з пачаткам пандэміі каранавіруса пачалася праблема з доступам да лекаў, якія атрымліваюцца з плазмы. Калісці пацыенты былі забяспечаныя лекамі на некалькі месяцаў наперад. Зараз толькі на месяц. Адсутнасць лекаў можа азначаць шпіталізацыю і сур’ёзныя праблемы са здароўем.

Імунная сістэма, як вядома, выконвае ролю натуральнай абароны і дапамагае арганізму супрацьстаяць нападу патагенных мікраарганізмаў. Адпаведна, людзі з першасным імунадэфіцытам у любы час найбольш уразлівыя перад інфекцыямі, выкліканымі бактэрыямі, вірусамі, грыбкамі.

Паводле ацэнак, больш за 20 тысяч чалавек у Польшчы могуць хварэць першаснымі імунадэфіцытамі. Дыягнаставаныя толькі 4-5 тысяч з іх. Як мяркуецца, больш чым у 80% людзей з першаснымі імунадэфіцытамі ва ўсім свеце захворванне застаецца не дыягнаставаным, яны не атрымліваюць неабходнага лячэння.

IAR/аз

Больш на гэтую тэму: Навука і тэхніка