Беларуская Служба

Пасля пандэміі чарговым ударам па галіне турызму стала вайна ва Украіне

03.05.2022 09:00
Дагэтуль палякі ахвотна падарожнічалі ва Украіну, асабліва вялікай папулярнасцю карысталіся заходнія рэгіёны дзяржавы.
Аўдыё
zdj. ilustracyjne
zdj. ilustracyjneShutterstock/Maridav

Вясна – добры час на актыўны адпачынак. Усе мы сумуем па сонцы, цяплыні, свабодным часе, і таму многія людзі не могуць дачакацца першых цёплых дзён і майскіх святаў, каб адправіцца з сям’ёй або ў адзіночку павандраваць па гарах, паляжаць на беразе мора, возера або пагуляць па лясных сцяжынках. Вясной турызм адраджаецца пасля доўгай зімы, але ў гэтым годзе ў Польшчы турызм адраджаецца яшчэ пасля цяжкіх двух гадоў шырокіх абмежаванняў, звязаных з пандэміяй каранавіруснай інфекцыі.

Май – ідэальны месяц для кароткатэрміновых выездаў. На пачатку месяца палякі адзначаюць два святы – Дзень працоўных 1 мая і Дзень канстытуцыі 3 мая. Гэта свабодныя ад працы дні, таму шматлікія жыхары краіны ў гэтыя дні адпраўляюцца ў падарожжа. А як выглядае цяпер рынак турызму ў Польшчы? На працягу апошніх гадоў ён праходзіў шмат выпрабаванняў, моцна пацярпеў ад пандэміі, турбюро былі прымушаныя значна абмежаваць сваю дзейнасць, паколькі як замежны, так і ўнутраны турызм не мог развівацца без перашкодаў. Цяпер польскі турызм вяртаецца паступова ў нармальнае рэчышча – гаворыць эксперт турыстычнага рынку Адам Карпіньскі з вышэйшай школы банкаўскай справы ў Вроцлаве.

- Рынак турызму ўздыхнуў ужо з палёгкай, пачаў вяртацца да нармальнага стану. Людзі прывыклі ўжо да пандэміі, перасталі баяцца хваробы. Цяпер жа другі раз за апошнія гады рынак штарміць, на гэты раз на яго значны ўплыў аказвае вайна ва Украіне. Наша паўднёвая суседка знаходзіцца дэ факта ў стане вайны, хаця ідзе яна не на ўсёй тэрыторыі. Але вайна ў суседзяў уплывае і на нас. Гэты ўплыў розны, у залежнасці ад рэгіёну Польшчы. Горныя і марскія курорты – Закапанэ, Гданьск – менш адчуваюць уплыў вайны, чым так званая ўсходняя сцяна. А на ўсходзе Польшчы вельмі шмат цікавых месцаў, якія можна наведаць. Непадалёк ад мяжы з Беларуссю, і ад мяжы з Украінай пабудавана апошнім часам шмат гатэляў, пансіянатаў. І гэтыя аб’екты, якія толькі-толькі пачалі адчуваць палёгку пасля пандэміі, цяпер зноў сутыкнуліся з цяжкасцямі з-за вайны.

Дагэтуль палякі ахвотна падарожнічалі ва Украіну, асабліва вялікай папулярнасцю карысталіся заходнія рэгіёны дзяржавы, якія калісьці ўваходзілі ў склад Польшчы, у тым ліку Львоў. Горад, які калісьці, перад Другой сусветнай вайной, быў нефармальнай навуковай сталіцай Польшчы, надалей прыцягвае шмат турыстаў з Польшчы. На жаль, цяпер яны не могуць туды паехаць з-за вайны.

- Шматлікія турбюро, якія высылалі б на майскія святы турыстаў у Львоў, цяпер не можа гэтага зрабіць. А дадзены напрамак карыстаўся вялікай папулярнасцю. Трэба сказаць, што многія турыстычныя кампаніі ўжо заказалі чартарныя рэйсы перад пачаткам вайной (перад датай 24 лютага), заказалі месцы ў гатэлях у Львове. І цяпер гэтыя фірмы маюць праблемы, паколькі дадзеныя грашовыя сродкі былі страчаныя.

Вайна мае ўплыў не толькі на людзей, што жывуць у дзяржаве, якая падверглася атацы, але таксама пасрэдна на суседскія краіны. Ужо вядома, што замежнікі пачалі менш ахвотна наведваць Польшчу, хаця яна цалкам бяспечная, але па-суседску ідуць баявыя дзеянні. І чым бліжэй да мяжы, тым больш засцярог у турыстаў. Аднак госць эфіру Польскага радыё верыць, што турысты не будуць адмаўляцца ад падарожжа на ўсход Польшчы.

- Гатэлі ды іншыя турыстычныя аб’екты адкрытыя. Спадзяюся, што мы, палякі, ахвотна туды паедзем. Я вельмі рэкамендую ўсім, хто шукае актыўнага адпачынку далей ад шумных курортаў, выбіраць менавіта гэтыя месцы. Многія папулярныя курорты цяпер бітком набітыя людзьмі, таму варта падумаць пра нейкі іншы кірунак. Тураб’екты непадалёк ад усходняй мяжы, канешне, бяспечныя, але падарожжа за мяжу (ва Украіну), пакуль што немагчымае.

Ёсць прымаўка «Што нас не заб’е, тое зробіць мацнейшымі». Яе смела цяпер можна прымяніць да галіны турызму, як у Польшчы, так і Беларусі. Два гады пандэміі не змаглі, канешне, забіць турызму, хаця і моцна на яго паўплывалі. А калі пандэмія пачала паступова зыходзіць, з’явілася новая пагроза, значна больш змрочная і пужаючая – вайна. Зразумела, чалавек прывыкае да ўсяго. І праз невялікі адрэзак часу мы адаптуемся таксама да новых умоваў, да сітуацыі, у якой нам ужо не здаецца такім жахлівым і немагчымым ваенны канфлікт у Еўропе. Вайна ўжо ідзе, і мы з ёй пакрысе звыкаемся, хаця жахі яе доўга яшчэ будуць пра сябе нагадваць.

І Пр. ПР/нг