Дзейнасць СПБ звялася да эпізадычнай дзейнасці, пра што, для бяспекі актывістаў, нельга нават інфармаваць, расказвае Анджэй Пісальнік у Дзень палякаў замежжа (Dzień Polonii).
Анджэліка Борыс каля месяца назад выйшла з арышту, але абвінавачанні з яе не знятыя. Сувязі з ёй актывісты СПБ не маюць. Анджэй Пачобут па ранейшаму знаходзіцца ў турме ў Жодзіна. Уся інфармацыя пра яго паходзіць ад жонкі Аксаны. Яна расказала, што апошнім часам наладзілася ліставанне, якое да нядаўняга часу было кепскім. Анджэй рыхтуецца да працэсу. Паводле яго прагнозаў, суд павінен адбыцца да восені. Суд чакае і намесніцу старшыні СПБ Анжаліку Арэхву.
З новага навучальнага году знікне і навучанне на польскай мове ў польскіх школах. Улады заявілі, што навучальны працэс там будзе адбывацца на рускай ці беларускай мовах. Анджэй Пісальнік адзначае, што гэта канчатковая ліквідацыя навучання на польскай мове.
Калісці ў Дзень палякаў за мяжой мы расказвалі пра тое, як актыўна выглядае дзейнасць Саюзу палякаў Беларусі. Сёння гэта стагнацыя, запужанасць і фактычна адсутнасць польскай адукацыі. Анджэй Пісальнік гаворыць, што сітуацыя нагадвае сталінскія часы.
-Час, калі баішся прызнавацца, што ты член нейкай нацыі, народу, на які варожа глядзяць улады. Як у сталінскія часы. Калі ў цябе сваякі жывуць за мяжой, ты становішся падазроным элементам. Пануе стан запалохвання польскай меншасці. Ганаровы сябра СПБ Аляксандр Мілінкевіч лічыць, што гэта наступствы савецкай палітыкі ліквідавання ўсяго, што нацыянальнае, у тым ліку беларускага. Рэжым Лукашэнкі працягвае гэтую палітыку – палітыку русіфікацыі і ліквідавання ўсяго, што нацыянальнае. Гэта пацвярджае навіна і пра ліквідацыю літоўскіх школаў, якія таксама стануць рускамоўныя. Гэта не толькі палітыка ў дачыненні да палякаў, але да ўсіх, хто шукае сваю нацыянальную тоеснасць і хоча яе дэманстраваць. Гэта ўсё вельмі не падабаецца беларускаму рэжыму, якія з’яўляецца марыянеткаю рускага рэжыму. Рускі рэжым вызнае падобную палітыку, што мы бачым ва Украіне, якую ён хоча дэукраінізаваць, рэалізуе палітыку генацыду ўкраінскага народу. Пуцін рэалізуе за пасярэдніцтвам рэжыма Лукашэнкі этнічную зачыстку ў Беларусі.
ав