Беларуская Служба

Як у Польшчы развівалі радыяцыйную медыцыну

13.05.2022 16:31
Піянерам польскай радыяцыйнай медыцыны быў Францішак Лукашчык - першы дырэктар Інстытуту Радыя, заснаваным пры падтрымцы Складоўскай-Кюры. 
Аўдыё
  • Як у Польшчы развівалі радыяцыйную медыцыну
    , 1936
Францішак Лукашчык у працоўным кабінеце, 1936 год Narodowe Archiwum Cyfrowe

Сёння радыетэрапія з’яўляецца адной з асноў лячэння анкалагічных захворванняў. Гэта даволі маладая галіна медыцыны, запачаткаваная вядомым навукоўцам, полькай Марыяй Складоўскай-Кюры. Сёння ў гістарычнай рубрыцы раскажам пра першапраходцаў польскай радыетэрапіі.

Піянерам польскай радыяцыйнай тэрапіі з’яўляецца Францішак Лукашчык. Ён быў вядомым лекарам, адным з заснавальнікаў і першым дырэктарам Інстытуту Радыя, які быў заснаваны па ініцыятыве Марыі Складоўскай-Кюры і пры падтрымцы ўраду Польшчы ў 1932 годзе. Цяпер гэта – вялікі навукова-медыцынскі Анкалагічны цэнтр – інстытут імя Марыі Складоўскай-Кюры, – з галоўным корпусам у Варшаве і філіяламі ў Кракаве і Катавіцэ.

Францішак Лукашчык нарадзіўся 125 гадоў таму – 21 лютага 1897 году ў Татрах каля Закапанэ. З пачатку заснавання Інстытуту Радыя і ажно да сваёй смерці ў 1956 годзе ён узначальваў вядомы не толькі ў Польшчы, але і Еўропе медыцынскі цэнтр.

У 1921 годзе Складоўская-Кюры, якая ўжо тады была сусветнай навуковай славай, напісала ліст прэм’ер-міністру Польшчы Ігнацы Падэрэўскаму, у якім запрапанавала стварэнне ў Варшаве навукова-медыцынскага цэнтру па лячэнні анкалагічных захворванняў, нешта накшталт вядомага парыжскага Institut du Radium. Яна абяцала дапамогу ў атрыманні радыя і падрыхтоўцы персаналу. Аднак Польшча, якая пару гадоў таму стала незалежнай краінай, была знішчаная вайной, у сувязі з чым маладая дзяржава не мела грошай на такую навуковую ініцыятыву.

Зямельны надзел для будаўніцтва інстытуту бясплатна даў Варшаўскі ўніверсітэт, а ў народзе пачаўся збор грошай, за які адказвала старэйшая сястра Складоўскай-Кюры, лекар Браніслава Длуска. Яна таксама мела вырашальны голас у прызначэнні дырэктара. Длуска зрабіла стаўку на маладога ўрача, 31-гадовага Францішка Лукашчыка, які пасля заканчэння Медыцынскага факультэту кракаўскага Ягелонскага ўніверсітэту прайшоў таксама стажыроўку ў Парыжы ў Марыі Складоўскай-Кюры.


Інстытут Радыя. Другая палова 1930 гадоў Інстытут Радыя. Другая палова 1930 гадоў

Выбар аказаўся трапным, бо Францішак Лукашчык быў не толькі добрым спецыялістам, але і патрыётам. У вайну ён хаваў радый, каб хімічны элемент не трапіў у рукі немцаў – спачатку на дачы, а пазней у бацькоўскім доме ў Татрах. Прычым перавозіў радый без абароны, што стала прычынай смяротнай хваробы, ад якой ён памёр, лейкозу.

Калі інстытут пачаў працу, праблемай было атрыманне радыя – прычым не толькі тэхнічнае, але і фінансавае. Грам элементу каштаваў 100 тыс. долараў (20 млн долараў паводле сённяшніх цэнаў). Але дзякуючы заангажаванню Марыі Складоўскай-Кюры палякам удалося атрымаць радый па скідкавай цане, і ў 1932 годзе падчас адкрыцця Інстытуту Радыю вядомая навуковец перадала 1 грам і 33 мікраграмы элементу дырэктару Лукашчыку. Радый быў прызначаны для радыетэрапіі анкалагічна хворых пацыентаў.
Заангажаванне і дапамога Складоўскай-Кюры былі настолькі вялікімі, што Інстытут Радыя атрымаў яе імя.


Будынак Інстытуту Радыя, 1932 год Будынак Інстытуту Радыя, 1932 год

Дырэктар Францішак Лукашчык не толькі дбаў пра каштоўны радый, але таксама пра персанал, апрацаваўшы элементы абароны падчас працы з радыяцыйным матэрыялам. Больш за тое, ён запрапанаваў новыя метады лячэння анкалагічных захворванняў пры дапамозе прамянёвай тэрапіі. Варта падкрэсліць, што доктара Лукашчыка паважалі таксама нямецкія акупанты, якія дазволілі, каб інстытут працягваў працу, праўда, як анкалагічны шпіталь, бо радый, які быў ва ўстанове, дырэктар схаваў ад немцаў. Першапачаткова акупанты хацелі шукаць радый, але Лукашчыку ўдалося пераканаць немцаў гэта не забіць. Ён іх напужаў, што кантакт з хімічным элементам прывядзе да смяротнай хваробы. Як аказалася, немцы сапраўды перапужаліся і не сталі шукаць радыю.

Пасля вайны Інстытут Радыя ўзнавіў працу ў 1947 годзе, а Францішак Лукашчык зноў узначаліў установу. У 1951 годзе ён стаў членам Польскай акадэміі навук, у 1953-м атрымаў тытул прафесара. Памёр у 1956 годзе ад лейкозу, які развіўся ў выніку таго, што лекар хаваў радый ад немцаў без абароны.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл

на відэа: узнагароджанне Марыі Складоўскай-Кюры амерыканскім Залатым медалём. 1931 год 

Больш на гэтую тэму: Машына часу