Беларуская Служба

Рэдакцыя «Новага Часу»: Застаемся беларускацэнтрычным выданнем, працуем, нягледзячы на рэпрэсіі

18.05.2022 20:40
Беларускі рэжым працягвае разгром недзяржаўных медыя, працягвае браць закладнікаў з ліку журналістаў ды і проста звычайных людзей. 
Аўдыё
 ,     ,   .
«Новы Час», як і іншыя выданні цяпер, апынуўся ў выгнанні.Фота: Радыё Свабода

Год таму ўлады зладзілі аперацыю пагрому самага папулярнага ў краіне партала з 20-гадовай гісторыяй. Сілавікі прыйшлі ў офіс TUT.BY і дадому да супрацоўнікаў, 15 чалавек аказалася за кратамі. Частка каманды медыя змагла захавацца і, з’ехаўшы, запусціць новы медыйны праект Zerkalo.io. Цяпер за кратамі працягваюць знаходзіцца трое супрацоўнікаў TUT.BY: галоўны рэдактар Марына Золатава, журналістка Алена Талкачова, гендырэктар Людміла Чэкіна. Цяпер над праектам Zerkalo.io працуюць 45 чалавек, яны знаходзяцца ў розных гарадах і краінах. Большая частка людзей – у Літве і Польшчы. Першапачаткова, пасля ад’езду з Беларусі, вялікая доля асела ў Кіеве, з вайной яны былі вымушаныя з’ехаць і адтуль. Трэба падкрэсліць, што гэтыя людзі адданыя прафесіі журналіста, яны працягваюць рабіць сваю працу, каб жыхары Беларусі мелі не толькі прапаганду, а і альтэрнатыўныя крыніцы інфармацыі.

І хаця, здавалася б, ужо няма каго хапаць і саджаць, кожны дзень праваабаронцы паведамляюць пра новыя затрыманні па ўсё краіне. Мы ж нагадаем пра новую закладніцу з ліку нашых калег – амаль месяц таму, 20 красавіка, сілавікі прыйшлі дадому да рэдактаркі беларускамоўнай газеты (цяпер выданне ёсць толькі ў інтэрнэце) «Новы Час» Аксаны Колб. 22 красавіка, сваякі Аксаны Колб паведамілі, што ёй выставілі абвінавачванне паводле артыкула 342 часткі 1 Крымінальнага кодэксу – «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх». Аксану перавялі з ізалятару ў СІЗА на Валадарскага.

Анатоль, грамадзянскі муж Аксаны гаворыць, што настрой у зняволенай нармальны, яна была гатовая да такога сцэнару, перадачы прымаюць, лісты збольшага даходзяць.

Рэдакцыя «Новага Часу» працягвае працаваць. Намеснік галоўнага рэдактара газеты «Новы Час» Сяргей Пульша гаворыць, што калектыў імкнецца выконваць сваю місію:

– Новай інфармацыі па справе Аксаны Колб амаль няма, бо ўсе, як звычайна, пад падпіскамі аб неразгалошванні. Ведаем з лістоў, што трымаецца яна добра, бадзёра, бачыла ў СІЗА Іру Слаўнікаву, Марыну Золатаву, нейкіх іншых сябровак-палітвязняў, піша, што намалявала нейкі комікс нават, але мы яго не бачылі пакуль. Артыкул пра масавыя беспарадкі, мы сядзім-варожым, у чым нагода, як гэта тычыцца газеты.

«Новы Час», як і ўсе выданні цяпер, апынуўся ў выгнанні. Цяпер шмат цікавасці да беларускай мовы, беларускіх праектаў, асабліва сярод так званых новых эмігрантаў, мы спрабуем гэты попыт задаволіць, зрабіць так, каб гэтыя людзі не парывалі сувязяў з Беларуссю. Па-ранейшаму застаемся беларускацэнтрычным выданнем, беларуская сітуацыя, гісторыя, культура для нас на першым месцы. Спрабуем захоўваць сваю мэту і місію, працаваць у беларускім рэчышчы.

Свежы факт у пацверджанне, што рэжым у Беларусі не спыняецца ў намерах знішчыць усё незалежнае і беларускае: раніцай, 18 траўня супрацоўнікі КДБ затрымалі дырэктара газеты «Беларусы і рынак» Канстанціна Залатых. Таксама затрымана бухгалтар выдання Юлія Кахно. З галоўным рэдактарам «БіР» Андрэем Александровічам няма сувязі. Паводле слоў жонкі Залатых, яму інкрымінуецца артыкул 130 КК Беларусі – «Распальванне нацыянальнай варожасці».  «Беларусы і рынак» – ці не апошняе незалежнае выданне, якое працуе ў Беларусі.

На сённяшні дзень у Беларусі ў зняволенні знаходзяцца 25 прадстаўнікоў медыя.

вх