Беларуская Служба

Падчас урокаў па польскай гісторыі дзяцей за межамі Польшчы перш за ўсё цікавіць гісторыя Мішкі Войтэка

05.07.2022 19:24
Пра гэта расказаў старшыня ІНП падчас адкрыцця канферэнцыі для настаўнікаў, якія выкладаюць польскую мову і гісторыю за межамі Польшчы. 
Аўдыё
  • Канферэнцыя для польскіх настаўнікаў з-за мяжы
   .
Удзельнікі канферэнцыі з К. Наўроцкімфота: Інстытут нацыянальнай памяці

З 3 па 13 ліпеня ў Варшаве і Вільні адбываецца канферэнцыя для настаўнікаў польскай мовы, літаратуры і гісторыі, якія працуюць за межамі Польскай Рэспублікі. Мэта мерапрыемства – падтрымка настаўнікаў, якія распаўсюджваюць веды пра Польшчу і яе культуру на ўсім свеце. Важным элементам праграмы з’яўляюцца візіты ў музеях і месцах, звязаных з гісторыяй ды культурай Польшчы. Падчас урачыстай інаўгурацыі канферэнцыі выступіў старшыня Інстытуту нацыянальнай памяці Караль Наўроцкі.

- Вялікі дзякуй усім вам за тое, што польскае сэрца б’ецца там, адкуль вы прыехалі. Гэта ваша заслуга. Многія з вас – прафесійныя выкладчыкі, гісторыкі. І таму няма сэнсу расказваць вам пра гісторыю, якой вы самі займаецеся, пра найноўшую гісторыю Польшчы, якую даследуе Інстытут нацыянальнай памяці. Я хацеў бы звярнуцца да вас цытатай Густава Герлінга-Грудзінскага, які сказаў, што жыццё, у якім няма чакання таго, што здарыцца, напаўняецца роспаччу. І таму я хацеў бы, каб мы ўсе выйшлі з гэтай сустрэчай з такой думкай, што мы ўсе яшчэ павінны вельмі шмат зрабіць для Польшчы. І тут, на месцы, і па ўсім свеце.

Караль Наўроцкі адзначыў, што трэба падтрымліваць настаўнікаў, якія пашыраюць польскасць па-за межамі сённяшняй Польшчы. Ён падкрэсліў, што сустрэчы з польскай дыяспарай – гэта магчымасць пазнаёміцца з найноўшай гісторыяй Айчыны.

- Трэба ім даць магчымасць пазнаёміцца са свежымі даследаваннямі, датычнымі гісторыі, а таксама важнымі месцамі памяці, куды ездзяць нашы госці. Аднак гэта таксама месца, дзе могуць сустрэцца, пазнаёміцца людзі з усяго свету, абмяняцца досведам і стаць яшчэ лепшымі настаўнікамі. Такім чынам, у гэтым праекце павязаны паміж сабою і ўстаўныя задачы Інстытуту нацыянальнай памяці, і веды, сэрцы настаўнікаў, якія служаць праўдзе пра польскую гісторыю.

Па словах старшыні Інстытуту нацыянальнай памяці, вучні за мяжой, якія вывучаюць польскую мову і гісторыю, асабліва цікавяцца гісторыяй Мішкі Войтэка, які ўдзельнічаў у бітве пад Монтэ-Касіна ў траўні 1944 года.

- Гэтая гісторыя звязана з аднаго боку з сапраўдным мядзведзем, а з іншага боку, з талісманам, якім ён стаў. Гэты аповед, падзеі, якія сталі па-сапраўднаму тэатральнымі здарэннямі, прыцягваюць увагу ўсіх дзяцей. І дзякуючы гісторыі Мішкі Войтэка можна расказаць слухачам пра ўвесь баявы шлях генерала Уладзіслава Андэрса і яго арміі. Генерал быў камандуючым арміі, такім чынам мішка стаў яго падначаленым, і таму гэтыя два лёсы перапляліся. Нельга, канешне, каб мядзведзь быў на першым месцы, перад камандзірам, але дзякуючы добраму мядзведзю, якога дзецям лёгка палюбіць і прыняць, мы можам прадставіць больш шырокую гісторыю.

Незвычайная гісторыя Мішкі Войтэка сапраўды можа быць вельмі цікавай не толькі для дзяцей, але і для дарослых. Яна датычыць сірыйскага бурага мядзведзя, якога польскія салдаты арміі генерала Андэрса купілі ў іранскага хлопчыка. Мішка стаў паўнапраўным салдатам. Паводле легенды, у бітве пры Монтэ-Касіна ў Італіі мядзведзь дапамагаў польскім артылерыстам разгружаць скрыні з боепрыпасамі і нават падносіў снарады падчас бою, дзякуючы чаму праславіўся ў асяроддзі польскіх і англійскіх вайскоўцаў.

Пра гісторыю Мішкі Войтэка казаў кіраўнік Інстытуту нацыянальнай памяці Караль Наўроцкі падчас урачыстага адкрыцця сустрэч польскай дыяспары з найноўшай гісторыяй, арганізаваных Упраўленнем нацыянальнай адукацыі гэтай установы. У мерапрыемстве прымаюць удзел больш за 50 педагогаў з 21 краіны, ёсць прадстаўнікі ўсіх кантынентаў, якія выкладаюць польскую мову і гісторыю на ўсіх шасці кантынентах. Падчас шматлікіх лекцый і заняткаў удзельнікі пазнаёмяцца з найноўшымі даследаваннямі і дзейнасцю інстытуту, матэрыяламі і навуковымі дасягненнямі яго супрацоўнікаў. Сёлета ў сустрэчы ўдзельнічаюць настаўнікі з Аўстраліі, Аўстрыі, Бразіліі, Бельгіі, Беларусі, Эстоніі, Францыі, Грэцыі, Грузіі, Нідэрландаў, Ірландыі, Канады, Казахстану, Латвіі, Германіі, Румыніі, Швецыі, Тунісу, Украіны, Узбекістана і Злучаных Штатаў Амерыкі.

Асноўная частка канферэнцыі пройдзе ў Вільні, дзе ўдзельнікі змогуць даведацца пра найноўшую гісторыю з пункту гледжання нашых суседзяў, але перадусім наведаюць месцы памяці, звязаныя з польскай гісторыяй.

нг