Беларуская Служба

Калі не верхам, то долам. Мігранты ўсё адно ідуць праз агараджу на мяжы коштам 1,6 млрд злотых

05.08.2022 13:46
Простых інструментаў, набытых у супермаркеце, дастаткова, каб перабрацца праз памежны плот.
  ,  .          1,6
Калі не верхам, то долам. Мігранты ўсё адно ідуць праз агараджу на мяжы коштам 1,6 млрд злотыхФота: screenshot

Мігранты з Блізкага Усходу, якія спрабуюць дабрацца да Еўрасаюза, падзяліліся з Gazeta Wyborcza відэа, на якім бачна, як яны праходзяць пад агароджай праз неглыбокі падкоп.

З бяспечнага месца ў Заходняй Еўропе Брыс апісаў свой шлях уцёкаў з ахопленай вайной Сірыі і даслаў журналістцы яшчэ адно відэа, якое ён запісаў на польска-беларускай мяжы. На ім група з 8 чалавек – двое іракцаў і шэсць сірыйцаў – стаіць па абодва бакі агароджы, адзін з іх заходзіць у падкоп, зроблены пад плотам. Брыс распавёў, што мігранты перад тым, як адправіцца на мяжу, запасаюцца простымі прыладамі з рынку: нож, вяроўка (на выпадак, калі ўпадзе ў балота ці раку), рыдлёўка. Яны выбіраюць больш цяжкія пераходы праз балоцістую і забалочаную мясцовасць.

Брыс пяць разоў спрабаваў трапіць у Польшчу, заканчвалася гэта па-рознаму. Здаўся аднойчы ў рукі памежнікаў, бо чатыры дні не піў вады і адчуваў, што больш не вытрымае, баяўся за сваё жыццё. Аднойчы яны пабеглі ў лес, але іх загналі ў балота, дзе быў нацягнуты калючы дрот, як пастка, з якой яны не змаглі выбрацца.

– Але польскія памежнікі ставіліся да нас добра, значна лепш, чым беларусы, – расказвае Брыс. – Я чуў, што б'юць і разбіваюць тэлефоны, але на сабе не зведаў такога. Наадварот, давалі ваду і ежу, хоць гэтая ежа нам не падыходзіла, нехаляльная.

- У Польшчы ёсць сапраўдныя людзі, якія разумеюць, што і мы маем права жыць – дадае ён з удзячнасцю.

Брыс тлумачыць, чаму яму давялося бегчы з Сірыі, дзе з 2011 года ідзе крывавая грамадзянская вайна:

- Я не ўваходжу ні ў адну партыю. Рэжым патрабуе ад усіх паўналетніх мужчын абавязковай вайсковай службы. Людзей, гвалтоўна прызваных у войскі Асада, лічаць здраднікамі паўстанцы Свабоднай арміі. Для нас няма рашэння, ёсць толькі выратаванне, – кажа сірыец. – У Сірыі няма нічога страшнейшага за зняволенне і катаванні. Я ведаю, што кажу, я быў у сірыйскай турме ў Пальміры. Уся мая сямʼя разумее, што гэта за пакуты. Нарэшце маці пазычыла грошы і сказала мне: «Лепш памерці, спрабуючы жыць, чым памерці ў страху смерці».

Брыс спадзяецца, што атрымае дазвол і магчымасць застацца ў краіне, дзе цяпер знаходзіцца.

Прэс-сакратарка Памежнай службы Польшчы лейтэнант Ганна Міхальска паведаміла, што плот на польска-беларускай мяжы ўжо размешчаны па ўсёй працягласці.

Цяпер вядуцца тэхнічная прыёмка, работы з улікам заўваг, выказаных памежным ведамствам. Працягваецца будаўніцтва электроннага загароды працягласцю 202 кіламетры, усталёўваюцца слупы для камер. Электронны барʼер прадугледжвае камеры для дзённага і начнога назірання. Агульны кошт агароджы на мяжы складае 1,6 мільярда злотых.

Тым часам гуманітарны крызіс на польска-беларускай мяжы працягваецца, у лясах застаюцца людзі, якім патрэбная вада, ежа, медычная дапамога. Як паведамляе Grupa Granica, з 14 па 20 ліпеня валанцёры і валанцёры атрымалі ажно 172 запыты на гуманітарную дапамогу ад мігрантаў у польска-беларускім памежжы.

- Шмат людзей, якія шукаюць бяспекі і прававой дапамогі ў Еўрапейскім Саюзе, уцякаюць з краін паходжання ад войнаў, пераследу і голаду. Аднак ужо каля году на нашай мяжы яны сутыкаюцца з гвалтам і парушэннем закону з боку тых, хто носіць польскую форму. Насуперак запэўненням кіраўнікоў, сцяна на мяжы не ўплывае станоўча на бяспеку. Наадварот, гэта стварае дадатковыя пагрозы як прыродзе, так і людзям, якія шукаюць бяспечнага жыцця для сябе і сваіх блізкіх, - падкрэсліваюць актывісты, якія пастаянна аказваюць дапамогу на мяжы.

вх