Беларуская Служба

Псіхатэрапеўтка раіць, як спраўляцца з складанымі перажываннямі

16.08.2022 15:55
Паводле навуковых даследаванняў, ёсць дзве рэчы, якія дапамагаюць зняць стрэс і напружанне.
Аўдыё
Joga to nie tylko ćwiczenia i czas, który spędza się na macie. To praktyka, która odbija się we wszystkim, co robimy.
Joga to nie tylko ćwiczenia i czas, który spędza się na macie. To praktyka, która odbija się we wszystkim, co robimy.pixabay

Амаль паўгода працягваецца варварская вайна Расіі супраць Украіны. Беларусы, на жаль, адыгрываюць у гэтай агрэсіі не апошнюю ролю. Яны, праўда, не прымаюць адкрыта і непасрэдна ўдзелу ў баях супраць украінскай арміі, але беларускія ўлады прадставілі тэрыторыю Беларусі расійскім акупантам і спрыяюць іх дзейнасці.

Калі стаўленне да беларускага рэжыму за мяжой застаецца нязменным, то пасля пачатку вайны адносіны да беларусаў за мяжой памяняліся. Нават тыя, хто супраць рэжыму, у тым ліку пацярпеў ад яго рэпрэсіяў, пачалі сустракацца з выпадкамі дыскрымінацыі ў іншых краінах, асабліва ва Украіне, што і зразумела, паколькі пад уплывам эмоцый мала хто будзе разбірацца, ці ты за рэжым, ці супраць яго. Якім чынам рэагаваць на такія прыкметы агрэсіі або нават уяўнай дыскрымінацыі? Гэтае пытанне мы задалі псіхатэрапеўтцы Марце Скугаравай.

- На маю думку, перш за ўсё трэба старацца эмацыйна не браць гэта да сябе. Разумець, што гэтыя паводзіны не скіраваныя да цябе асабіста. Гэта першае важнае правіла, а другое – трэба ведаць і змагацца за свае правы, перасякаць такую дыскрымінацыю ў юрыдычным плане. Неабходна звяртацца па юрыдычную дапамогу, што, дарэчы, і робяць беларусы. Людзі, якія дыскрымінуюць беларусаў, канешне, знаходзяцца на другім полюсе перажыванняў, але, тым не менш, гэта іх не апраўдвае.

Вайна ва Украіне перавярнула жыццё дагары дном. Цягам нейкага часу не працавалі дзяржаўныя ўстановы, між іншым, цэнтры для іншаземцаў, немагчыма было атрымаць дакументы, скажам, падоўжыць права на пражыванне. І, калі гэтыя органы зноў запрацавалі, аказалася, што некаторыя беларусы не могуць заставацца ў краіне, паколькі ў іх пратэрмінаванае права на побыт. Што ў такім выпадку рабіць людзям? Наша суразмоўца кажа, што ёй цяжка разглядаць канкрэтныя прыклады, паколькі яна не спецыялістка ў дадзеным пытанні, але прапануе зірнуць на праблему з іншага ракурсу.

- У юрыдычны плане я, зразумела, не магу дапамагчы, але ў эмацыйным сэнсе неабходна пастаянна ўтрымліваць такую думку, што гэта не накіравана на мяне асабіста. Думаць у такім ключы: сапраўды, я трапіла ў такую сітуацыю, мне непрыемна, мне крыўдна, магчыма, мне прыйдзецца змяніць сваё жыццё, прыйдзецца з’ехаць з Украіны, і гэта несправядліва. Але гэта не накіравана на мяне асабіста, не браць да сябе.

Каб захаваць эмацыйную і псіхалагічную гігіену, у такія цяжкія часы, якія мы цяпер перажываем, неабходна не забываць пра сябе. Трэба ўмець думаць не толькі пра патрэбы іншых, але і пра свае ўласныя, – кажа спецыялістка.

- Трэба пра сябе паклапаціцца. У такой сітуацыі, якая цяпер назіраецца, гэта абсалютна нармальна, што трэба пра сябе клапаціцца. Ёсць розныя спосабы клапаціцца пра свой стан. Калі камусьці гэта неабходна, ён павінен звярнуцца да псіхатэрапеўта, псіхолага, можна знайсці нават бясплатнага псіхолага, які аказвае падтрымку. Нават калі будзе патрэбная падтрымка пры дапамозе медыкаментаў, гэта таксама абсалютна нармальна ва ўмовах такога моцнага стрэсу, асабліва падвойнай міграцыі або падобных цяжкіх сітуацый. А, можа, камусьці будзе дастаткова паразмаўляць з іншым чалавекам. Дарэчы, прасцей спраўляюцца з такімі сітуацыямі жанчыны, паколькі яны знаходзяцца ў больш блізкім кантакце са сваімі пачуццямі. Гэта звязана з культурным планам, у якім выхоўваюцца жанчыны. Тым не менш, і жанчынам патрэбная падтрымка – сяброў, блізкіх людзей, сястрынская дапамога. Важна пагаварыць, убачыць, што не толькі я адна маю такія перажыванні, што мяне разумеюць. І проста правесці час, паразмаўляць пра нейкія іншыя рэчы, прыемныя, якія дазволяць расслабіцца.

А што яшчэ, акрамя размоваў «па душах», дазваляе палепшыць самаадчуванне і зменшыць стрэсавы стан?

- Навукоўцамі даказана, што ёсць дзве рэчы, якія вельмі дапамагаюць – гэта медытацыя і ўмераны спорт. Гэта дапамагае пры трывожнасці, моцным стрэсе, вучыць нас устойлівасці на стрэс. Трэба падкрэсліць, што фізічная актыўнасць павінна быць умеранай – гэта можа быць доўгая прагулка, лёгкі бег, ёга, усё, што вам падыходзіць. А медытацыя – нават кароткая, пяць хвілін, але рэгулярная.

нг