Беларуская Служба

Бусламі, якія ляцяць у вырай, кіруе адвечны інстынкт

26.08.2022 10:39
У гэтую пару году некаторым шчасціць пабачыць большыя статкі буслоў на палях.
Аўдыё
  • Бусламі, якія ляцяць у выраў, кіруе вечны інстынкт
.
.Alexas_Fotos/pixabay.com/CC0

Гэта групы птушак, якія адлятаюць у вырай. Каміль Піваварчык з польскага таварыства «Шанец для буслоў» гаворыць, што ёсць некалькі стэрэатыпаў, звязаных са сходамі птушак перад вылетам у вырай.

-Няма нечага такога, што на такіх сходах буслы выключаюць слабыя адзінкі, адбываюцца самасуды птушак. Катэгарычна не. Гэта прыпынак, на якім буслы адпачываюць, харчуюцца, набіраюць сілы, каб потым ляцець у цёплыя краіны. Іх шлях вядзе праз Балканы, Турцыю, Грэцыю на зімоўку ў Афрыку. Першыя буслы адлятаюць ужо пад канец ліпеня. Гэта птушкі, якія ў бягучым годзе па нейкай прычыне не мелі патомства ці птушаняты загінулі. І гэта яны ляцяць у Афрыку ў першую чаргу.

Цяпер адлятаюць маладыя буслы, якія набралі сілаў. Каміль Піваварчык кажа, што мітам з’яўляецца перакананне, што маладыя буслы ляцяць за дарослымі. Гэтыя птушкі адчуваюць моцны інстынкт вандроўкі ў Афрыку і дасканала ведаюць як і куды ляцець. Так думалі калісці, але ў выніку кальцавання буслоў гэты міт быў развеяны. Дарослыя буслы ляцяць крыху пазней за маладых, паколькі ім патрэбна больш часу на аднаўленне сілаў пасля гнездавання і выхоўвання маладых.

Восенню таксама можна сустрэць, але ўжо нешматлікую групу буслоў, якія апошнімі ляцяць у вырай.

-Гэта птушкі, якія пазней склалі яйкі, мелі праблемы з гадаваннем патомства і заняло ў іх гэта больш часу. Гэта таксама буслы, вылечаныя пасля траўмаў у цэнтрах рэабілітацыі. Яны позна аднавілі сілы, але таксама маюць інстынкт вандроўкі ў цёплыя краіны. Таму яны таксама ў верасні адлятаюць у Афрыку.

Штогод паяўляецца інфармацыі пра ўсё большую колькасць буслоў, якія застаюцца на месцы. Каміль Піваварчык гаворыць, што цяжка акрэсліць, ці гэта ў выніку большай даступнасці да інфармацыі і магчымасцяў адсочваць буслоў, ці сапраўды птушак, якія не ляцяць на зімоўку, становіцца больш.

-Змены клімату паглыбляюцца. Мы назіраем, што зімаў амаль няма. Калі ўзяць пад увагу, як зімы выглядалі калісці, то цяпер зімы няма. Моцныя марозы і снегапады працягваюцца толькі па некалькі дзён. Магчыма, буслы адчуваюць гэтыя змены і адмаўляюцца ад вандровак. Усё больш паяўляецца інфармацыі аб зімоўцы буслоў у цяплейшых раёнах Еўропы – у Грэцыі, Турцыі. Таму ім неабавязкова трэба ляцець у Афрыку. Цікавінка, што буслы з Галандыі ці Германіі ўвогуле не ляцяць у Афрыку, а зімуюць у Іспаніі ці Партугаліі на смеццезвалках. Гэта цікавае назіранне, якое тычыцца адлётаў.

Маладыя птушкі, якія вылятаюць у Афрыку, назад вяртаюцца толькі праз 1-3 гады, набраўшы дастатковую колькасці сіл і дасягнуўшы палавой спеласці. Дарослыя буслы вяртаюцца штогод, каб гнездавацца. У цёплых краінах яны толькі зімуюць, не закладаюць гнёздаў.

У Афрыцы ёсць свае буслы, якія жывуць там круглы год, а гатункаў і відаў буслоў ёсць некалькі, расказвае спецыяліст.

Каміль Піваварчык працуе ў таварыстве «Шанец для буслоў», якое займаецца аховаю буслоў у Люблінскім ваяводстве. Што хаваецца за словам ахова?

-Мы супрацоўнічаем з энергетыкамі. Дзякуючы гэтай супрацы ўдаецца вызначыць слупы сярэдняй напружанасці, на якіх гінуць буслы, каб на наступныя гады іх удалося забяспечыць. Асабліва, калі яны блізу гнёздаў, каб птушкам не пагражала небяспека. Мы таксама падымаем гнёзды вышэй, над лініямі электраперадач, на адмысловыя платформы, змяншаем такія гнёзды, калі яны празмерна вялікія. З увагі на тое, што 90% гнёздаў знаходзіцца менавіта на энергетычных слупах, то гэтая супраца з’яўляецца патрэбная. І нам тут, на Любліншчыне, удаецца шмат зрабіць. Мы супрацоўнічаем з гмінамі, якія прывозяць да нас у цэнтр рэабілітацыі буслоў з траўмамі. Мы дапамагаем гмінам ахоўваць гнёзды на слупах. Часамі пераносім з драўляных на бетонныя слупы, калі ў гміне ёсць такая патрэба. Усё для таго, каб ахоўваць гэтыя птушкі.

Агулам у свеце налічваецца каля 250-260 пар буслоў. У Польшчы іх 52 тысячы пар. Найбольшая колькасць буслоў у Польшчы жыве ў Вармінска-Мазурскім ваяводстве (11 тысяч пар), далей у Падляскім (11 тысяч пар), Люблінскім (9 тысяч пар) і Мазурскім (7200 пар).
У Беларусі колькасць буслоў налічвае ад 10-13 тысяч пар.

слухайце аўдыё

ав


Больш на гэтую тэму: Экалогія ў сучасным свеце