Беларуская Служба

У Польшчы адукуюць грамадства на тэму анкалагічных захворванняў галавы і шыі

20.09.2022 15:27
З 19 па 23 верасня ў краіне праходзіць Еўрапейскі тыдзень прафілактыкі рака галавы і шыі.
Аўдыё
  • Адукацыйная кампанія па прафілактыцы анкалогіі
Ілюстрацыйны здымакфота: Pixabay.com/Gwen_30

Сёлетні тыдзень прафілактыкі ракавых захворванняў галавы і шыі адбываецца ў Польшчы пад лозунгам «Прыйшоў час зразумець прынцып рака галавы і шыі». Мерапрыемства стала нагодай для папулярызацыі сучасных цэнтраў, якія займаюцца лячэннем хворых на рак галавы і шыі, а таксама магчымасці даведацца аб прынцыпах правільнай прафілактыкі, каб выявіць рак на ранніх стадыях.

Тыдзень прафілактыкі ракавых пухлін галавы і шыі з кожным годам становіцца ўсё больш папулярным ва ўсёй Еўропе. У Польшчы мерапрыемства мае 10-гадовую традыцыю. У рамках кампаніі ў польскіх шпіталях і клініках праводзяцца бясплатныя даследчыя і адукацыйныя мерапрыемствы, накіраваныя на пашырэнне ведаў насельніцтва аб небяспецы захворвання на рак галавы і шыі. Медычная статыстыка сведчыць аб тым, што гэта адзін з самых распаўсюджаных відаў анкалогіі. Палова хворых даведваецца пра сваю хваробу на чацвёртай стадыі. Тады магчымая ўжо толькі паліятыўная дапамога.

Кампанію прафілактыкі ўзначальвае прафесар Войцех Галюсіньскі (Wojciech Golusiński). Ён кажа, што яе мэта – распаўсюджваць веды і заахвочваць людзей праходзіць прафілактычныя агляды.

- Падчас апытання толькі 23% людзей былі ў стане сказаць, што азначае дадзены тэрмін. У сувязі з гэтым мы вырашылі падрыхтаваць спецыяльную праграму прафілактыкі. Яна базуецца на чатырох прынцыпах – пашырэнне ведаў грамадства на тэму сімптомаў і фактараў рызыкі, адукацыя, супраца з установамі, якія маюць уплыў на арганізацыю сістэмы аховы здароўя і эмацыйная падтрымка нашых пацыентаў пасля завяршэння тэрапіі.
Ракавыя захворванні галавы і шыі – гэта кожная разнавіднасць раку, які знаходзіцца над ключыцай, за выключэннем галаўнога мозгу і вочнага яблыка. Прычынамі ў асноўным з'яўляюцца ўжыванне алкаголю, курэнне тытунёвых вырабаў, а таксама інфекцыйныя агенты з групы вірусаў папіломы чалавека.

Прафесар Эва Серка (Ewa Sierko) з Беластоцкага анкалагічнага цэнтру адзначае, што з цягам часу колькасць захворванняў на дадзеную разнавіднасць рака будзе расці.

- Згодна з дадзенымі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, кожны год на свеце дыягназ «рак галавы і шыі» ставяць прыблізна шасцістам тысячам чалавек. Больш чым палова пацыентаў з такім дыягназам памірае. Паводле прагнозаў спецыялістаў, лічба выпадкаў дадзенай разнавіднасці ракавай пухліны рэзка павялічыцца на свеце – на 200 тыс на працягу дэкады. Таксама будзе расці колькасць смерцяў па гэтай прычыне – на 120 тыс у параўнанні з 2020 годам.
Першыя прыкметы рака – гэта пухліны на шыі, цяжкасці з глытаннем, асіпласць або боль у горле. Калі гэтыя сімптомы захоўваюцца на працягу трох тыдняў і больш, трэба звярнуцца да лекара.

У верасні ў Польшчы праходзіць таксама акцыя па інфармаванні аб дзіцячых ракавых захворваннях пад назваю «Залаты верасень». Штогод у дзяржаве рак выяўляюць прыкладна ў тысячы трохсот – тысячы чатырохсот дзяцей. Гэта другая па статыстыцы прычына смерці дзяцей.

Найбольш частымі ракавымі захворваннямі ў дзіцячым узросце зʼяўляюцца лейкозы, рак цэнтральнай нервовай сістэмы і сістэмы лімфазвароту, – гаворыць спецыялістка па дзіцячай анкалогіі прафесар Катажына Драбка (Katarzyna Drabko).

- Ракавае захворванне, якое часцей за ўсё сустракаюцца ў дзяцей – гэта востры лімфабластны лейкоз. У дзяцей гэтая хвароба лечыцца ў 90%. Так што мы рухаемся па шляху поспеху, але гэты шлях камяністы. Справа ў тым, што гэты від лейкоза, а таксама іншыя ракавыя пухліны ў дзяцей неабходна выявіць на ранняй стадыі. Сярод усіх дзяцей, якія звяртаюцца да лекараў з рознымі прыкметамі хваробы, трэба выбраць тых дзяцей, у якіх назіраюцца часта нетыпічныя і нехарактэрныя сімптомы.

На якія трывожныя сімптомы павінны звярнуць увагу бацькі? Гэта рэзкія змены ў паводзінах, зніжэнне працаздольнасці, хуткая стамляльнасць, санлівасць, павышаная тэмпература, не выкліканая іншай інфекцыяй, а таксама болі ў суставах і касцях у дзяцей.

IAR PR/нг