Беларуская Служба

Місія «Artemis I» пачалася

17.11.2022 10:01
Гэта першы крок у напрамку пастаяннай прысутнасці чалавека на Месяцы, лічыць эксперт Ежы Рафальскі.
Старт карабля «Арыён»PAP/EPA/NASA / BILL INGALLS / HANDOUT

Нацыянальная адміністрацыя аэранаўтыкі і космасу ЗША(НАСА) афіцыйна запусціла касмічную місію «Артэміда І» (Artemis I). Гэта была трэцяя спроба запуску ракеты, дзве папярэднія былі адмененыя з-за праблем з рухавіком. Асноўная мэта місіі – беспілотны палёт карабля «Арыён» (Orion) на арбіту Месяца і бяспечнае вяртанне на Зямлю.

Як кажа прапагандыст астраноміі Ежы Рафальскі(Jerzy Rafalski) з Планетарыя ў Торуні, гэта першы этап вяртання чалавека на Месяц, на якім людзі апошні раз пабывалі 50 гадоў таму:

- Цяпер, калі мы паляцім на Месяц, то, скажам так, застанемся назаўжды. Мы пабудуем там базу, застанемся і будзем выкарыстоўваць гэты Месяц у навуковых і дзелавых мэтах. Трэба зрабіць першы крок у гэтым напрамку.

«Арыён» будзе круціцца вакол Месяца да пачатку снежня, калі пачнецца працэдура вяртання.

Плануецца, што місія будзе працягвацца да 11 снежня. «Вяртанне на Зямлю будзе вельмі важным выпрабаваннем перад запланаванай пілатуемай місіяй», – кажа Ежы Рафальскі:

- Нагадваю, мы вяртаемся з ваколіц Месяца, таму хуткасці будуць нашмат вышэйшыя, уваход у атмасферу – значна больш складаны, сілы значна большыя, значна вышэйшыя тэмпературы. Таму трэба звярнуць большую ўвагу на прызямленне.

На 2024 год запланавана пілатуемая місія «Артэміда ІІ», якая зноў абляціць Месяц. Праз год НАСА плануе арганізаваць місію «Артэміда ІІІ», мэта якой – зноў высадзіць чалавека на Месяц.

IAR /аз

Больш на гэтую тэму: Навука і тэхніка