Беларуская Служба

З новага года ў Польшчы будзе пашырана дзяржаўная дапамога сем'ям з маленькімі дзецьмі

20.12.2022 17:32
Сістэма апекі над самымі маленькімі дзеткамі ў Польшчы паступова паляпшаецца, але месцаў у яслях не хапае для ўсіх жадаючых.
Аўдыё
  • Фінансаванне апекі над дзецьмі да 3 гадоў у Польшчы
Budżet programu w tej edycji wynosi 5,5 mld zł na stworzenie 100 tys. miejsc opieki żłobkowej
Budżet programu w tej edycji wynosi 5,5 mld zł na stworzenie 100 tys. miejsc opieki żłobkowejShutterstock/Oksana Kuzmina

Людзі – гэта самая вялікая каштоўнасць кожнай дзяржавы. Без жыхароў ніводная тэрыторыя на планеце не можа назваць сябе краінай. І таму ўлада павінна клапаціцца аб людзях, ствараць добрыя ўмовы для іх жыцця і плаўнай змены пакаленняў. У краінах Цэнтральнай Еўропы дэмаграфія з’яўляецца адной з самых вострых сацыяльных праблем. Каэфіцыент нараджальнасці ў Польшчы ўжо шмат гадоў застаецца на вельмі нізкім узроўні. Сёлета, паводле прагнозаў дэмографаў, ён складзе прыкладна 1,34. Гэта значыць, што ў сотні жанчын народзіцца за ўсё іх жыццё ў сярэднім 134 дзяцей (калі зыходзіць з паказчыкаў першых месяцаў гэтага года). Гэта вельмі мала, паколькі дзеля таго, каб колькасць насельніцтва не змяншалася, каэфіцыент павінен быць на ўзроўні як мінімум 2,1.

Кіраўніцтва Польшчы разумее, што без павышэння нараджальнасці дзяржава не можа марыць пра хуткае эканамічнае развіццё і сур’ёзны рост значэння ў Еўропе ды свеце. Таму ўлады стараюцца прымаць розныя праграмы, звязаныя з заахвочваннем маладых людзей заводзіць дзяцей. Сем’і з дзецьмі ў Польшчы атрымліваюць на кожнае дзіця па 500 злотых у месяц да паўналецця, ёсць таксама выплаты на нованароджаных, сямейны капітал і частковае фінансаванне з дзяржаўнага бюджэту выдаткаў на яслі – гэта праграма «Малеча». З новага 2023 года яна будзе пашырана.

Сацыёлагі, якія займаліся даследаваннем пажаданняў маладых бацькоў, адзначаюць, што жанчыны часам адкладваюць рашэнне аб цяжарнасці, паколькі баяцца, што пасля нараджэння дзіцяці могуць страціць працу, паколькі не будзе каму заняцца малечай. Сістэма апекі над самымі маленькімі дзеткамі ў Польшчы паступова паляпшаецца, але месцаў у яслях не хапае для ўсіх жадаючых. Таму ўлады ў 2017 годзе запусцілі праграму «Малеча», якая прадбачвае дапамогу ў стварэнні месцаў апекі над дзецьмі ва ўзросце да 3-ох гадоў. Дзякуючы ёй, колкасць месцаў у яслях вырасла на 150 тысяч.

З новага года пачынае дзейнічаць абноўленая праграма, якую назвалі «Малеча Плюс». Было прынятае рашэнне пра павелічэнне выдаткаў на праграму – агулам яе бюджэт складзе 5,5 млрд злотых ($1,25). Дапамогай могуць скарыстацца гміны (самыя малыя адзінкі муніцыпальнай адміністрацыі Польшчы). Меркаваннем афіцыйнага прадстаўніка польскага ўраду Пятра Мюлера, дзякуючы новай праграме па ўсёй краіне будзе створана каля 100 тыс. новых месцаў для дзяцей да трохгадовага ўзросту. Мюлер таксама распавёў, на якія мэты можна прызначыць падтрымку.

- На пашырэнне, перабудову і рамонт ясляў, каб можна было прыняць маленькіх дзяцей, на пакупку абсталявання. Кожная гміна зможа скарыстацца фінансавай дапамогай. Галоўная задача праграмы – пашырэнне сістэмы апекі над малымі дзецьмі, каб у кожным месцы Польшчы была магчымасць запісаць дзіця ў яслі.

Па словах міністра сям’і, працы і сацыяльнай палітыкі Марлены Малёнг, для маладых сем’яў вельмі важна, каб дзяржава ўзяла на сябе частку выдаткаў, звязаных з апекай над малымі дзецьмі.

- Маладыя людзі чакаюць, што дзяржава дапаможа ім наладзіць апеку над дзецьмі да трохгадовага ўзросту. Праграма "Малеча Плюс" дасць магчымасць стварыць 100 тыс новых месцаў для дзяцей. Органы муніцыпальнага самакіравання атрымаюць ад нас інфармацыю, колькі месцаў яны могуць стварыць і якую суму грошай атрымаюць з дзяржаўнага бюджэту на названыя мэты. Муніцыпальныя органы, атрымаўшы такую інфармацыю, будуць прымаць рашэнне, ці на іх тэрыторыі ёсць патрэба ў такой апецы над дзецьмі, колькі сем’яў шукае магчымасці аддаць дзіця ў яслі, каб бацькі маглі працаваць. Вельмі важная інфармацыя – праграма разлічана на тры гады, таму муніцыпальныя ўлады дадзенага населенага пункта могуць спакойна распачаць інвестыцыю, ведаючы, што атрымаюць фінансаванне на працягу не аднаго года, а трох гадоў. На кожнае дзіця, ахопленае праграмай, муніцыпалітэт атрымае 837 злотых у месяц. Адпаведна, бацькі змогуць плаціць за яслі менш, а самаўрад атрымае фінансавую падтрымку.

Міністр сям’і адзначыла, што польскі ўрад намераны ў новым годзе працягваць усе праграмы, якія падтрымліваюць сем’і.

- Гэта інвестыцыя ў сям’ю. Сям’я – гэта сіла, сям’я дае падтрымку жыхарам нашай краіны. Сям’я – гэта стабільны, моцны фундамент, на якім мы будуем польскую дзяржаву. Таму наш урад прымае рашэнне пра ўвядзенне чарговых праграм, якія падтрымліваюць сям’. Гэта праграма дапамогі ў зборах вучняў у школу, мацярынскі капітал, а таксама праграма «Малеча Плюс».

З новага году муніцыпальныя органы атрымаюць на адно дзіця ў яслях 837 злотых ($190). Дзякуючы гэтаму бацькі змогуць плаціць менш. Напрыклад, калі аплата за яслі складае 1,5 тыс злотых, бацькі змогуць плаціць менш за палову гэтай сумы, а астатнюю частку аплаціць дзяржаўны бюджэт.

нг