Беларуская Служба

104 гады таму быў заснаваны Польскі Чырвоны Крыж

21.01.2023 06:07
Арганізацыя пачала сваю працу ад апекі над хворымі, а таксама параненымі і пацярпелымі ў выніку Вялікапольскага і Сілезскіх паўстанняў.
Аўдыё
  • 104 гады таму быў заснаваны Польскі Чырвоны Крыж
     ,
Польскі Чырвоны Крыж актыўна дапамагае ўкраінцам, якія пацярпелі ад вайны Polski Czerwony Krzyż/Twitter

У сённяшнім свеце справа гуманітарнай дапамогі развітая надзвычай добра, прычым як на міжнародным, так і на дзяржаўным ды грамадскім узроўнях. А яшчэ стагоддзе таму вялікіх гуманітарных арганізацый было няшмат. Сёлета 104 гады з моманту заснавання адзначае Польскі Чырвоны Крыж, найстарэйшая польская арганізацыя, якая пачала дзейнасць 18 студзеня 1919 года.

Польскі Чырвоны Крыж быў створаны неўзабаве пасля таго, як Польшча зноўку стала незалежнай краінай у лістападзе 1918 года. Арганізацыя пачала сваю працу ад апекі над хворымі, а таксама параненымі і пацярпелымі ў выніку Вялікапольскага і Сілезскіх паўстанняў.

І так, 18 студзеня 1919 года было створанае Польскае таварыства Чырвонага Крыжа. У 1927 годзе арганізацыя была перайменаваная ў Польскі Чырвоны Крыж. Арганізацыя з’яўляецца часткай Міжнароднага руху Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца. Задачай ПЧК, як і арганізацый у іншых краінах, з’яўляецца прадастаўленне гуманітарнай дапамогі пацярпелым у выніку стыхій і войнаў, сацыяльная дапамога, арганізацыя курсаў першай медыцынскай дапамогі, прапагаванне ідэі донарства крыві і шматлікія іншыя мэты. Чырвоны крыж на белым фоне і надпіс «Польскі Чырвоны крыж» альбо «ПЧК» з’яўляюцца сімваламі арганізацыі.

Першай задачай створанай у 1919 годзе арганізацыі была дапамога параненым і пацярпелым у Вялікапольскім паўстанні, а таксама ўдзельнікам змаганняў за ўсталяванне межаў Польшчы. Адразу ж пасля таго, як закончыліся ваенныя дзеянні, ПЧК перайшоў да працы ў мірны час: валанцёры арганізацыі змагаліся з хваробамі і эпідэміямі, арганізоўвалі санітарную дапамогу для арміі і апекаваліся шматлікімі польскімі рэпатрыянтамі. Вялася таксама адукацыйная дзейнасць і рыхтаваліся кадры. Так, у Варшаве працавала школа медсёстраў, якіх тады называлі сёстрамі міласэрнасці. Прычым медыцынская школа існавала пры шпіталі, які быў арганізаваны Польскім Чырвоным Крыжам.

У 1939 годзе, калі гітлераўская Германія напала на Польшчу, валанцёры арганізацыі па геройскі неслі дапамогу жыхарам краіны і сталіцы. Падчас Варшаўскага паўстання 1944 года менавіта Польскі Чырвоны Крыж арганізаваў шматлікія палявыя шпіталі, перавязачныя пункты і санітарныя патрулі. Больш за тое, цягам усёй акупацыі ПЧК адказваў за дзейнасць Бюро інфармацыі і пошукаў, дзякуючы якому ўдалося адшукаць шмат людзей, якія згубіліся ў часе вайны. На жаль, падчас ваенных дзеянняў двойчы быў знішчаны багаты архіў арганізацыі: у 1939 і 1944 годзе.

Прадстаўнікі ПЧК былі таксама ў Катыні ў 1943 годзе, падчас эксгумацыі масавых магіл забітых саветамі палякаў, якую праводзілі немцы. Польская дэлегацыя накіравалася ў Катынь па просьбе нямецкага боку. Гэта была складаная місія, бо, з аднаго боку, трэба было сабраць матэрыялы, датычныя злачынстваў сталіністаў, а з іншага боку, неабходна было быць вельмі асцярожным, каб не быць выкарыстаным нямецкай прапагандай.

Адразу ж пасля вайны валанцёры Польскага Чырвонага Крыжа прыступілі да ідэнтыфікацыі і эксгумацыі масавых магіл ахвяр нацыстаў. Гэта быў вельмі дакладная і цяжкая як псіхалагічна, так і фізічна праца, таму што кожную магілу і кожнага забітага трэба было дакладна абследаваць і апісаць, у тым ліку і знойдзеныя побач рэчы.

Польскі Чырвоны Крыж сёння – вельмі аўтарытэтная арганізацыя, якая нясе дапамогу тысячам людзей, што апынуліся ў цяжкай сітуацыі альбо ў патрэбе. ПЧК не атрымлівае ніякіх фінансавых сродкаў ад дзяржавы, а сваю дзейнасць фінансуе з грантаў і гаспадарчай дзейнасці.

Валеры Саўко 

слухайце аўдыёфайл


Больш на гэтую тэму: Машына часу