Беларуская Служба

Польскае радыё далучылася да акцыі падтрымкі Украіны

31.01.2023 17:15
У рамках акцыі збіраюць, у прыватнасці, сродкі на машыну хуткай дапамогі для Бахмута.
Аўдыё
 .
Ілюстрацыйны здымак. Графіці ў Бучы пад Кіевамфота: PAP/Vladyslav Musiienko

Рэгіянальныя радыёстанцыі Польскага радыё сумесна з дабрачыннай арганізацыяй Каталіцкага касцёла «Карытас» распачалі акцыю ў карысць падтрымкі Украіны. Яна пачалася ў мінулыя выходныя ў мясцовай радыёстанцыі гораду Жэшаў канцэртам украінскага музычнага калектыву Тарака. Гэта сумесная ініцыятыва рэгіянальных радыёстанцый, якія ўваходзяць у групу Audytorium 17 разам з арганізацыяй «Карытас».

На думку дырэктара «Карытас» Польшча ксяндза Марціна Іжыцкага, дапамога Украіне, якая ўжо амаль год змагаецца з расійскай агрэсіяй, гэта важная справа для палякаў, якія на працягу сваёй гісторыі не раз траплялі ў цяжкае становішча, і таксама атрымлівалі дапамогу звонку.

- Гаворка ідзе пра тое, каб чарговыя дары перадаваць ва Украіну. Мы пастараемся сабраць, я спадзяюся, што нам удасца, грашовыя сродкі дзеля набыцца карэты хуткай дапамогі для Бахмута. У гэтым рэгіёне ідуць асабліва жорсткія баі, шмат людзей гіне, таму аўтамабіль хуткай дапамогі вельмі важны, паколькі жыццё чалавека можа залежыць ад першых хвілін (пасля ранення). Чым больш будзе медычнага абсталявання, чым больш падрыхтаваных лекараў, ратаўнікоў, тым больш людзей нам удасца выратаваць.

Палякі, таксама як і ўкраінцы, доўгія гады змагаліся за сваю свабоду і незалежнасць. Яны добра ведаюць, што значыць страціць уласную дзяржаву або не мець поўнай свабоды народнага волевыяўлення. Пад канец 18-ага стагоддзя Польшча перастала існаваць як незалежная дзяржава, яе не было на мапах 123 гады, а праз некалькі дзясяткаў гадоў пасля адраджэння на краіну зноў напалі – і то з двух бакоў – з захаду Германія, а з усходу – Савецкі Саюз. Тады саюзнікі, на жаль, кінулі палякаў з іх бядой, дапамогі не было. Цяпер, калі Расія напала на Украіну, сітуацыя выглядае інакш – украінцам аказвае дапамогу практычна ўвесь заходні цывілізаваны свет, а Польшча стаіць на чале гэтай падтрымкі.

Старшыня Польскага Радыё Жэшаў Пшэмыслаў Тэйкоўскі цешыцца, што акцыю дапамогі распачаў канцэрт украінскага гурту менавіта ў яго радыёстанцыі.

- Толькі шкада, што ў нас такая нагода выступлення – вайна. Мы, палякі, маем у сваім генатыпе такое правіла – мы заўсёды ахвотна дапамагаем, калі хтосьці трапіў у бяду. Жыхары Польшчы паказалі сваё шчырае жаданні падтрымаць суседзяў, калі пачалася вайна, яны адкрылі свае дамы для бежанцаў. Тым не менш, мы павінны ўвесь час нагадваць палякам ды ўсяму свету, што гэтая вайна працягваецца. Канешне, першая рэакцыя была вельмі важная, але вайна будзе працягвацца, і мы павінны быць салідарныя з украінцамі яшчэ доўга, да пераможнага канца.

На пачатку новага года па традыцыі адбываецца сустрэча прэзідэнта Польшчы з прадстаўнікамі рэлігійных арганізацый. Сёлета на спатканні прэзідэнт Анджэй Дуда дзякаваў прадстаўнікам касцёла ды іншых веравызнанняў за падтрымку бежанцаў з Украіны. Ён адзначыў, што палякам неабходна захаваць адзінства і далей падтрымліваць суседзяў.

Старшыня Польскай Экуменічнай Рады біскуп Анджэй Маліцкі падкрэсліў, што гэтая дапамога будзе працягвацца.

- Мы былі ў стане адкрыць сваё сэрца, і мы надалей шчыра прымаем тых, каго вайна прымусіла пакінуць свой родны дом. Нягледзячы на натуральныя розніцы, мы сумелі сканцэнтравацца на тым, што нас яднае і аказаць дапамогу іншаму чалавеку. Мы, будучы часткаю польскага грамадства, намераны і далей дэманстраваць такую адкрытасць, і адначасна павагу ў адносінах культуры і традыцый тых людзей, якія знайшлі ў нас прытулак.

Вайна ўплывае на шматлікія аспекты нашага жыцця. У Польшчы, зразумела, людзям не пагражае смерць на полі бою або ад ракетнага абстрэлу, але іх жыццё таксама стала цяжэйшым у выніку высокай інфляцыі ды іншых эканамічных праблем, звязаных з канфліктам за ўсходняй мяжой. Аб эканамічнай сітуацыі казаў на сустрэчы з прэзідэнтам Сустаршыня сумеснай камісіі ўраду і нацыянальных і этнічных меншасцяў Гжэгаж Купрыяновіч.

- Яна парушае пачуццё стабільнасці, асабліва сярод прадстаўнікоў нацменшасцяў. Калі мы не збудуем дарогі, мосту або будынку, гэта можна будзе зрабіць праз пяць або дзесяць гадоў. Але, калі будзе парушана база традыцый, культуры і мовы, то наступствы могуць быць незваротныя. Знікнуць унікальныя культурныя з’явы, якія з’яўляюцца вялікім багаццем Рэчы Паспалітай ды ўсёй Еўропы.

У гэтым годзе мы асабліва моцна жадаем жыць у спакойным свеце. Вайна ва Украіне паказала, што мір у Еўропе не дадзены раз і на заўсёды.

IAR/нг