Беларуская Служба

Сусветны дзень водна-балотных угоддзяў: адзін з апошніх прытулкаў біяразнастайнасці

02.02.2023 16:14
2 лютага, у гадавіну падпісання Рамсарскай канвенцыі, больш чым у 95 краінах свету адзначаецца Сусветны дзень водна-балотных угоддзяў.
Аўдыё
  • Сусветны дзень водна-балотных угоддзяў адзін з апошніх прытулкаў біяразнастайнасці
.
.cocoparisienne/pixabay.com/CC0

Балоты – гэта не толькі адно з апошніх прытулкаў біяразнастайнасці, месца жыцця многіх рэдкіх відаў раслін, птушак, насякомых, павукоў, слімакоў і інш. Гэта таксама велізарны рэзервуар вады, надзвычай важны з пункту гледжання барацьбы са змяненнем клімату, паводкамі і засухай. Важны не толькі для ўсёй планеты, але і для нашых чалавечых інтарэсаў.

На тое, што ў першую чаргу балоты выконваюць ролю водасховішчаў, звяртае ўвагу Вольга Бэтаньска з Нацыянальнага парку «Уйсце Варты». Праблемы з колькасцю пітной вады назіраюцца па ўсім свеце. Балоты – гэта губка, якая, калі шмат ападкаў, ваду ўпітвае, а калі становіцца суха, павольна яе аддае навакольнай прыродзе. Мяркуецца, што 30-40 працэнтаў ападкаў захоўваюцца менавіта ў балотах.

-Калі б не было балот, то гэтая вада вельмі хутка трапіла б у Балтыйскае мора і мы не маглі б ёй скарыстацца. У сваю чаргу падчас засухі вада выпараецца. Пасля некаторага часу ў бліжэйшай ваколіцы яна вяртаецца ў форме дажджу, паліваючы раёны вакол балота ці тарфяніка.

Акрамя гэтага, балоты выконваюць ролю біялагічнага фільтру, нагадвае экспертка.

-Расліннасць і мікраарганізмы, якія жывуць у такіх месцах, ачышчаюць ваду з розных забруджванняў, галоўным чынам ад злучэнняў фосфару і азоту, якія ў ваду трапляюць з сельскагаспадарчых палёў. Калі б балот не было, то гэтыя забруджанні выцеклі б у мора, там адбылася б эўтрафікацыя вады і цвіценне цыянабактэрый. Для мора гэта была б вельмі некарысная сітуацыя. У сваю чаргу расліннасць і мікраарганізмы балот выкарыстоўваюць злучэнні фосфару і азота для свайго развіцця, - гаворыць Вольга Бэтаньска.

У выніку выкідаў СО2 у атмасферу змяняецца клімат. Балоты адыгрываюць у працэсе важную ролю: яны інтэнсіўна паглынаюць вуглякіслы газ, кажа Вольга Бэтаньска.

-Балотныя расліны выкарыстоўваюць вуглякіслы газ для фотасінтэзу. Дам прыклад у лічбах. 3% паверхні сушы займаюць тарфянікі. І гэтыя тарфянікі складзіруюць удвая больш СО2, чым усе лясы на цэлай планеце, а яны займаюць 30% паверхні сушы. Гэта паказвае, на колькі эфектыўнымі з’яўляюцца гэтыя тэрыторыі. На жаль, калі балоты асушаюць, вуглякіслы газ імгненна вяртаецца ў атмасферу, павялічваючы праблемы з ацяпленнем клімату.

На балотах жыве велізарная колькасць флоры і фаўны. Сярод іх пазваночныя, млекакормячыя і найперш птушкі, для якіх балоты з’яўляюцца харчовым раем. Птушкі выкарыстоўваюць балоты як месцы складання яек, а таксама прыпынкаў падчас міграцыі. Багацце гатункаў на балотах бачнае ў кожную пару году. Яны з'яўляюцца вельмі важным элементам экалагічных калідораў, якія забяспечваюць міграцыю жывёл. Значэнне балот у культуры і навуцы немагчыма пераацаніць.

Калі выкарыстоўваць балоты ўстойлівым чынам, то яны будуць прыносіць людзям таксама прыбытак, у першую чаргу харчы, гаворыць Вольга Бэтаньска:

-Я маю на ўвазе рыбу, а ў выпадку ўсходніх краін – рыс. Водна-балотныя ўгоддзі таксама з’яўляюцца месцам працы. Падлічана, што розныя болоцістыя тэрыторыі даюць працу мільярду чалавек і каля 50 трыльёнаў долараў штогод. Гэта велізарныя грошы, якія трапляюць у казну дзяржаваў дзякуючы продажу розных прадуктаў, а таксама ў выніку карысці для клімату.

Усё ж балоты ў легендах і апавяданнях авеяныя неабавязкова добрай славай. Сапраўды, знаходзячыся на балотах, людзі могуць пачуць шматлікія таямнічыя гукі, але яны паходзяць не ад міфічных постацяў, але ад жыхароў балотаў.

-Часам мы можам пачуць бульканне, часамі крыкі. Гэтыя гукі, якія ў людзей выклікалі страх, і ў выніку якіх на тэму балот узнікала шмат легендаў, паходзяць ад жыхароў гэтых месцаў. Рознае бульканне можа паходзіць ад балотных жаб падчас спарвання. Крыкі роспачы – гэта гукі вадзяных пастушкоў. Гэта гукі, якія выклікаюць вялікія эмоцыі падчас наведвання балотаў, асабліва ў час імглы, - расказвае спецыялістка.

Кожны год 2 лютага асаблівым чынам звяртае ўвагу на важнасць балот і іх праблемы. Штуршком да ўстанаўлення свята стала падпісанне 2 лютага 1971 года ў іранскім горадзе Рамсар «Канвенцыі аб водна-балотных угоддзях міжнароднага значэння, асабліва як асяроддзе пражывання водных і балотных птушак», якая атрымала назву Рамсарская канвенцыя.

ав

Больш на гэтую тэму: Экалогія ў сучасным свеце