Ажно 82 працэнты паўналетніх уцекачоў з Украіны ўладкаваліся на працу ў Польшчу, а сярод людзей працаздольнага ўзросту гэты адсотак дасягае 84%, пра гэта сведчаць вынікі апошняга даследавання, праведзенага агенцтвам па працаўладкаванні Migration Platform EWL, Цэнтрам даследавання Усходняй Еўропы Варшаўскага ўніверсітэта і Фондам падтрымкі мігрантаў на рынку працы EWL, на якoе спасылаецца газета Rzeczpospolita.
Большасць згаданых асобаў знаходзiцца ў Польшчы не менш за паўгода, а больш за палову - прыбылі ў першыя тыдні вайны. Паводле апытання, некаторыя з бежанцаў знайшлі працу вельмі хутка – на працягу месяца пасля прыезду. Агулам ажно 56 працэнтаў працаздольных украінцаў знайшлі працу ў першыя тры месяцы знаходжання ў Польшчы, хоць толькі 8 працэнтаў з іх раней прыязджалі ў Польшчу па працу.
«Настолькі высокі ўзровень занятасці сярод украінскіх бежанцаў ужо ў першыя месяцы знаходжання ў Польшчы сведчыць не толькі пра іх рашучасць у кантэксце ўладкавання на працу, але і пра адкрытасць польскіх прадпрымальнікаў на новых супрацоўнікаў, а таксама пра патрэбы польскага рынку і эканомікі» – кажа старшыня Міграцыйнай платформы EWL Анджэй Коркус.
Дарэчы не толькі ён перакананы, што ключавое значэнне па гэтай справе мелі хутка ўнесеныя змены правілаў, якія значна спрасцілі працэдуру легалізацыі знаходжання і працаўладкавання бежанцаў з Украіны, а таксама дзяржаўныя, няўрадавыя і дзелавыя ініцыятывы.
Гаворка ідзе, між іншым, пра курсы польскай мовы, прафесійную падрыхтоўку, а таксама прыкладанні і вэб-сайты з прапановамі працы для ўкраінцаў, у тым ліку запушчаны мінулым летам дзяржаўны партал pracawpolsce.gov.pl.
Як нядаўна паведаміла міністр па справах сям'і і сацыяльнай палітыкі Марлена Малёг, амаль 900 тысяч уцекачоў уладкаваліся ў Польшчы паводле спрошчаных правілаў, хаця больш за 70 працэнтаў украінцаў, якія прыехалі ў Польшчу, гэта жанчыны з дзецьмі. Між тым, да пачатку вайны, пераважную большасць супрацоўнікаў з Украіны складалі мужчыны, паведамляе газета Rzeczpospolita.
аз