Беларуская Служба

Апытанне: палякі не хочуць адмаўляцца ад спажывання мяса

09.03.2023 12:36
Большасць жыхароў Польшчы лічаць, што іх талерка – гэта іх справа.
Ілюстрацыйны здымакфота: Pixabay.com/Ann1992

Палякі не хочуць, каб нехта звонку ўплываў на іх рашэнні, звязаныя з харчаваннем. Паводле апытання IBRiS, праведзенага на замову выдання Rzeczpospolita, толькі 1,6% апытаных лічаць, што палякі павінны перастаць есці мяса па стане здароўя. Менш за 35% думаюць, што яны павінны гэта абмежаваць.

У сваю чаргу 58 адсоткаў – самы вялікі працэнт адказаў – за тое, каб не мяняць харчовых звычак. За павелічэнне спажывання мяса выказаліся амаль 4% апытаных.

Па дадзеных Сусветнага фонду даследаванняў рака, за тыдзень лепш не з'ядаць больш за 500 грамаў чырвонага мяса. Тым часам сярэднестатыстычны паляк спажывае ў тры разы больш, чым рэкамендуюць эксперты.

Частае спажыванне свініны ці бараніны звязана з больш высокай рызыкай рака – асабліва тоўстага кішэчніка, падстраўнікавай залозы, страўніка і прастаты. Рак цяпер з’яўляецца другой прычынай смерці ў Польшчы – ад яго памірае 25,7% мужчын і 23,2% жанчын.

Тым часам мясаедства ў апошнія тыдні стала палітычнай тэмай. Гэта звязана з рашэннем Еўрасаюза аб магчымасці дадаваць у ежу парашок з молатых цвыркуноў. Аднак, насуперак таму, што часам кажуць, такога прымусу няма. Інфармацыя аб дабаўцы такога інгрэдыенту будзе на ўпакоўцы.

Групы, якія скептычна ставяцца да ЕС, адразу ж выкарысталі гэты факт, каб сфармуляваць тэзіс, што ЕС загадвае есці цвыркуноў. Згадваюць таксама даклад C40 Cities чатырохгадовай даўніны, у які, сярод іншага, уключаны рэкамендацыі, звязаныя з абмежаваннем колькасці спажыванага мяса да 16 кг у год. А паколькі ў склад арганізацыі, якая яго рыхтавала, уваходзіць і Варшава, якой кіруе апазіцыйная «Грамадзянская платформа» (PO), палітыкі кіроўнай партыі «Права і справядлівасць» (PiS) загаварылі пра тое, што «апазіцыя забароніць палякам есці мяса».

нг