24 лютага 2022 года палякі адчынілі дзверы сваіх дамоў перад бежанцамі з Украіны. Гэта была неверагодная акцыя салідарнасці, у якую ўключыліся між іншым гатэлі польскай Групы Arche, якія на працягу апошняга года давалі бежанцам жыллё і харчаванне.
Акрамя таго, што гатэлі Arche запрасілі бежанцаў у свае аб’екты, таксама была створаная сетка дамоў для бежанцаў, практычна з нуля. Першы дом пачаў працаваць ужо праз два тыдні пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання. Арганізацыяй дамоў займалася Фундацыя Лены Грахоўскай, створаная ў рамках Групы Arche. Распавядае дырэктарка фундацыі Анэта Жахоўска (Aneta Żochowska).
- Ужо на другі дзень вайны гатэлі з Групы Arche адчынілі свае дзверы і запрасілі людзей, якія ўцякалі ад вайны. Першы быў Люблін, паколькі ён знаходзіцца бліжэй за ўсё ад мяжы. Управа Arche вырашыла, што ўцекачы змогуць жыць бясплатна ў кожным з 16 гатэляў, мы нават раскладвалі матрацы ў канферэнц-залах, каб прыняць больш людзей. Трэба было даць ім дах над галавой і месца, дзе яны могуць памыцца, паесці і абагрэцца.
Вельмі хутка гэтыя месцы запоўніліся ўцекачамі і прышлося шукаць новыя прытулкі, якія маглі б прыняць украінцаў. Таму было вырашана адкрыць дамы пастаяннага пражывання. Цяпер такіх дамоў пяць.
- Калі мы ўбачылі, наколькі вялікі маштаб бежанства і што сітуацыя можа працягвацца доўга, мы вырашылі наладзіць месцы, дзе людзі змогуць прабываць доўгатэрмінова. І ўжо 8 сакавіка мы адкрылі ў Варшаве першы дом для бежанцаў. Ён вельмі хутка запоўніўся, за два дні, прыходзілі людзі прама з вакзалу, з чамаданамі. Гэта быў будынак былога інтэрнату для рабочых, які планавалі разбурыць. Мы выкарысталі свае кантакты ў асяроддзі бізнесу і ўпрасілі стрымаць знос будынку, каб мы маглі часова засяліць туды бежанцаў. Да канца чэрвеня яны маглі там жыць. За гэты час мы знайшлі іншыя будынкі, куды маглі пераехаць бежанцы. Цяпер у нас пяць дамоў у розных частках Польшчы, у якіх жыхары вядуць па меры магчымасці нармальнае жыццё. Гэта мамы з дзецьмі, пажылыя асобы і шмат людзей з абмежаванымі магчымасцямі.
Цяпер у гэтых будынках агулам жыве 1300 бежанцаў з Украіны. Так што гэта не малыя дамы, а цэлыя шматпавярховікі. Па словах нашага госця, пад жыллёвае будаўніцтва былі адаптаваныя офісныя будынкі.
- Два офісныя будынкі пад Варшавай – у Канстанціне і Ажаруве Мазавецкім. Будаўнікі вельмі хутка перарабілі памяшканні пад жылыя пакоі, але з агульнымі туалетамі, ёсць кухні, дзе жыхары самі гатуюць ежу. Мы закупляем прадукты харчавання, а жыхары самі гатуюць. Самы вялікі будынак у Седльцах – гэта былы студэнцкі інтэрнат, у якім для бежанцаў ёсць 500 месцаў.
Звыш тысячы людзей, якім фундацыя дае дах над галавой і харчаванне – гэта вялізныя выдаткі. Сродкі паходзяць як з уласнага бізнесу, так і ад ахвярадаўцаў.
- Так, я сёння была вельмі здзіўленая, калі атрымала рахунак за вываз смецця з аднаго з будынкаў – 14 тыс злотых за месяц! Гэта толькі адзін прыклад. Мы шукаем сродкі, дзе толькі можна. Галоўнай крыніцай застаецца Група Arche, якая ў першы дзень вайны перавяла нам 1 мільён злотых на гэтыя мэты. На нашы заклікі аб дапамозе адгукнулася шмат кампаній і арганізацый. На працягу гэтага года мы атрымалі звыш 6 мільёнаў злотых ахвяраванняў. Акрамя таго, нам дораць розныя рэчы – напрыклад, пасцельную бялізну, вопратку, бытавую тэхніку, ложкі. Мы актыўна пішам заявы на розныя гранты, дзякуючы чаму ўдалося атрымаць дапамогу з Міністэрства замежных спраў у памеры звыш 2 млн злотых. Толькі адзін дом – у Седльцах – атрымлівае фінансаванне з ваяводскай управы, а іншыя мы ўтрымліваем за ўласныя сродкі.
Некаторыя бежанцы вяртаюцца ва Украіну, але іншым няма куды вяртацца. Паступова бежанцы, якія вырашылі застацца ў Польшчы на даўжэй, уладкоўваюць сваё жыццё – знаходзяць працу, дзяцей аддаюць у школу ці садок. І таму з 1 лютага крыху змяніліся правілы жыцця ў дамах для бежанцаў – тыя, хто можа працаваць, павінны плаціць за сваё харчаванне.
- Маці з дзецьмі ці людзі з абмежаванымі магчымасцямі далей могуць атрымліваць поўнае харчаванне, але тыя, хто можа пайсці працаваць, з 1 лютага не атрымліваюць прадуктаў харчавання, але могуць жыць бясплатна. Акрамя таго, можна атрымаць дапамогу іншага характару – напрыклад, кансультацыі ў псіхолага і ўрокі польскай мовы. У кожным з нашых дамоў мы ладзім навучанне польскай мове, як для дзяцей, так і дарослых, каб жыхары вывучылі мову хаця б на базавым узроўні і маглі ёй карыстацца ў краме ці дзяржаўнай установе. Мы таксама супрацоўнічаем з рознымі ўстановамі, у тым ліку міжнароднымі, якія нас падтрымліваюць, між іншым, аказваюць бежанцам псіхалагічную дапамогу.
І трэба сказаць, што гэтая маштабная дапамога не была б магчымай, калі б не сіла характару і вера ў поспех Уладзіслава Грахоўскага – заснавальніка польскай сеткі гатэляў Групы АРХЭ. Ён калісьці сказаў, што дрэнныя часы яшчэ больш матывуюць яго рабіць дабро, а ўсе перашкоды мабілізуюць. Гэта даволі рэдкая рыса ў свеце бізнесу – унікальнае ўменне спалучаць талент зарабляць вялікія грошы і жаданне несці дапамогу іншым.
нг