Беларуская Служба

Жонка Алеся Бяляцкага: «Фактычна ўся Беларусь цяпер за кратамі»

22.03.2023 14:51
У Варшаўскім універсітэце прайшла сустрэча, прысвечаная праваабаронцы, лаўрэату Нобелеўскай прэміі Алесю Бяляцкаму. 
Аўдыё
  • Жонка Алеся Бяляцкага: «Фактычна ўся Беларусь цяпер за кратамі»
Наталля Пінчукradyjo.net

У Варшаўскім універсітэце прайшла сустрэча, прысвечаная праваабаронцы, лаўрэату Нобелеўскай прэміі ў галіне міру – «Алесь Бяляцкі – беларускі змагар за свабоду, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру». На ёй, між іншым, выступіла жонка праваабаронцы Наталля Пінчук. «Уся Беларусь – адна вялікая клетка», – казала яна.

Універсітэты ва ўсім свеце, у тым ліку Варшаўскі ўніверсітэт, з’яўляюцца месцамі свабоды, гаварыў ва ўступным слове рэктар Варшаўскага ўніверсітэту Алойзы Новак. Гэта месца, дзе самыя важныя – гэта чалавек, павага да яго, талерантнасць, адкрытасць і пошук праўды. Варшаўскі ўніверсітэт прымаў не аднаго нобелеўскага лаўрэата, гаварыў рэктар:

-Сёння я маю вялікі гонар вітаць спадарыню Наталлю Пінчук, жонку Алеся Бяляцкага. Асобы, вялікай розумам, характарам, духам, якую характарызуе вялікая любоў да свабоды. Алесь Бяляцкі з’яўляецца часткай нас, таксама Варшаўскага ўніверсітэту, думак і канцэпцый, якія ўзнікаюць тут больш за 200 гадоў. Спадарыня Наталля, я веру, што ў нашым універсітэце вы адчуваеце сябе як дома. Мы трымаем кулачкі за Вас, мужа, за Беларусь. Каб мы добра жылі па суседску, у доме, які завецца Еўропай.

-Фактычна ўся Беларусь цяпер за кратамі. Гэта адна вялікая клетка, – гаварыла на канферэнцыі жонка Алеся Бяляцкага Наталля Пінчук-У нашай краіне рэпрэсіі адбываюцца кожны дзень. Іх адсочваюць і дапамагаюць людзям тыя вясноўцы, якія засталіся на волі, якія годна працягваюць справу Алеся, пакуль ён у турме. Спадзяюся, што вольнаму свету надалей важна тое, што адбываецца ў Беларусі. Што ён будзе выказваць салідарнасць з беларускім народам. З тымі, хто за кратамі, з іх сем’ямі. Падтрымка патрэбная і тым уцекачам, тысячам, якія знаходзяцца цяпер за межамі Беларусі. І тым, хто знаходзіцца ў турмах, і іх родным. Для нашай краіны – цяпер вырашальны момант. Не толькі вызначаецца лёс свабоды яе людзей, але стаіць пытанне выжывання Беларусі як асобнай дзяржавы, а беларусаў як народу.

Расійская агрэсія супраць Украіны выразна паказала неабходнасць стаяць за сваё, працягвала Наталля Пінчук. Мінскі рэжым праводзіць этнацыд Беларусі ў інтарэсах Крамля. Мэта інтэграцыі – анексія Беларусі, пазбаўленне яе ўласнай будучыні. Супраць гэтага ўсё сваё жыццё змагаўся Алесь, гаварыла Наталля Пінчук. На фоне гэтых падзей важна змагацца за беларускую мову.

Пра тое, на колькі для Алеся Бяляцкага прынцыповай была мова, на сустрэчы расказваў мовазнаўца Вінцук Вячорка. Ён выказаў меркаванне, што нельга дзяліць жыццё Бяляцкага на перыяды да і пасля Нобелеўскай прэміі. Усе яны суцэльныя, усе адбываліся ў барацьбе за правы чалавека, свабоду і ідэнтычнасць. З Алесем Бяляцкім які знаёмы з 1981 году.

-У гэтым годзе малады гомельскі хлопец, праўда, нарадзіўся ён увогуле ў расійскай Карэліі, прыйшоўшы ды высновы, што камуністычная імперыя знаходзіцца ў тупіку, а беларускі народ у гэтай імперыі не мае будучыні, прыйшоў да высновы, што нешта трэба мяняць і паехаў шукаць аднадумцаў у Мінск. Вельмі хутка іх знайшоў, мяне ў тым ліку. Паролем было гаварэнне па-беларуску. Той, хто прынцыпова гаварыў па-беларуску, той быў свой. Мушу сказаць, што калі прайшло столькі гадоў, то гэты пароль захаваў сваю сілу. І сёння тыя з беларусаў, хто ў 2020 годзе выйшлі на вуліцы нашых гарадоў, выйшлі за свабоду, незалежнасць і за права быць самімі сабой, за ідэнтычнасць. Гістарычнае кола замкнулася, - гаварыў Вінцук Вячорка. 

Ён нагадаў, што Алеся Бяляцкага найперш пераследаваў камуністычны, а потым лукашэнкаўскі рэжым. Не было б праваабаронцы Алеся Бяляцкага, каб 20 гадоў назад ён не выйшаў за свабоду народу, казаў мовазнаўца і палітык.


. .

Алесь Бяляцкі быў прыкладам настаўніка нацыянальнай тоеснасці беларускага народу ў самыя цяжкія часы, гаварыў польскі публіцыст, сацыёлаг Славамір Серакоўскі.

-Бяляцкі пачаў дзейнасць у часах аўтакратыі, савецкага таталітарызму, русіфікацыі, пагрозы існаванню беларускай культуры. У далейшыя гады ён паказваў, як неабходна змагацца не на пікетах, хоць таксама, не ў міжнароднай палітыцы, а ў самыя цяжкія моманты. У час, калі здаецца, што не ўдасца, калі невядома, што рабіць. Сёння аўтарытэт Бяляцкага, яго прыклад могуць даваць надзею і суцяшэнне, – гаварыў публіцыст, сацыёлаг Славамір Серакоўскі, які ў 2020 году быў у Беларусі і на ўласныя вочы бачыў, што адбывалася на вуліцах краіны.

Падзеі, прымеркаваныя асобе Алеся Бяляцкага, з удзелам Наталлі Пінчук будуць працягвацца і ў наступныя дні. Сярод іх, прэзентацыя кнігі «Алесь» Беларускага ПЭНу.

ав

слухайце аўдыё

МЗС: Польшча зробіць усё, каб бліжэйшым часам Алесь Бяляцкі выйшаў на волю

22.03.2023 14:20
22 сакавіка жонка палітвязня Наталля Пінчук сустрэнецца з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам.