Беларуская Служба

Жанчыны ў бізнесе: якія фактары дапамагаюць быць паспяховымі

28.03.2023 17:10
«Згодна статыстыцы, кампаніі, дзе больш жанчын, больш зарабляюць».
Аўдыё
Прадпрымальніца Вераніка Галевска ў Беларускім доме ў Варшавефота: БСПР/нг

Прыкладна 5 тыс беларусаў заснавала ў Польшчы прадпрымальніцкую дзейнасць. Вялікая частка гэтых бізнесаў былі створаныя на працягу апошніх 2-2,5 гадоў. Менавіта ў гэты перыяд часу за мяжу Беларусі, у тым ліку ў Польшчу, з’ехалі тысячы беларусаў па палітычных прычынах. Шмат палітэмігрантаў, у тым ліку жанчын, вырашылі заняцца бізнесам. Якія магчымасці ў жанчын у дадзенай галіне?

Надоечы ў Беларускім доме ў Варшаве адбыўся бізнес-форум, падчас якога абмяркоўваліся самыя розныя аспекты прадпрымальніцкай дзейнасці ў Польшчы. Адна з панэляў сустрэчы была прысвечана тэматыцы жаночага бізнесу. Выступалі жанчыны, якія ўжо многія гады вядуць сваю справу, дасягнулі ў гэтай галіне вялікіх поспехаў, расказвалі, якія фактары дапамагаюць ім быць паспяховымі ў дадзенай галіне і спраўляцца з цяжкасцямі. Аднак, ці сама пастаноўка пытання – жаночы бізнес – гэта правільна? Ці ёсць вялікія адрозненні ў тым, ці справу заводзіць мужчына ці жанчына? З гэтым пытаннем я звярнулася да арганізатара форуму, дырэктара Беларускага дому ў Варшаве Алеся Зарэмбюка.

- У сучасным еўрапейскім грамадстве вельмі важна падкрэсліваць дасягненні і ролю жанчын – ці гэта бізнес, ці гэта палітыка. Мы ўсё ж такі жывем у патрыярхальным грамадстве, якое патроху трансфармуецца ў кірунку раўнапраўя. Я згодны, для мяне таксама няма розніцы, ці гэта жаночы бізнес, ці мужчынскі. Але ў нашай ментальнасці ёсць прадпрымальнікі-мужчыны (бізнесмены), а пра бізнесумэн можна пачуць вельмі рэдка. А прыклады нашых спікерак, якія вельмі даўно займаюцца бізнесам, паказваюць, што можна быць і мамай, і бізнесумэн, а агулам паспяховай жанчынай ва ўсіх сэнсах. Таму мы вырашылі паказваць жанчын, у якіх атрымалася дасягнуць тут поспеху.

На думку Марыі Мароз, якая пераехала ў Польшчу з-за пераследу ў Беларусі, жанчыны больш актыўныя ў інфармацыйнай прасторы, чым мужчыны. Таму і развіваць некаторыя віды бізнесу, які ў вялікай ступені залежыць цяпер ад рэкламы ў сацсетках, ім бывае прасцей. У Беларусі Марыя 12 гадоў займалася бізнесам, а цяпер яе там завочна асудзілі на 12 гадоў.

- Гэтая палітычная гісторыя ў 2020 годзе прывяла мяне да завочнага тэрміну. Калі б не эміграцыя, быў бы рэальны 12-гадовы тэрмін. Год я жыла ў Літве, там мы адкрылі Фонд «Краіна для жыцця», пазней пераехалі ў Польшчу, тут я ўжо пачала квітнець, дазваляць сабе крыху жыць. Я думала, чым хачу займацца, і вырашыла стварыць YouTube-канал «Жанчыны ПРО». Жанчыны ствараць інфармацыйную прастору. Перад сустрэчай з вамі Алесь (Зарэмбюк – рэд.) паказаў, што глядзіць мае stories у Інстраграме. Я заўважыла, што ў яго адны жанчыны. Мужчыны вельмі рэдка ствараюць кантэнт. Жанчыны цяпер руляць, згодна статыстыцы, кампаніі, дзе больш жанчын, больш зарабляюць.

Вераніка Галевска ў Беларусі вяла разам з мужам паспяховы бізнес – рэклама і вытворчасць мэблі. Іх бізнес дынамічна развіваўся да 2020 года, менавіта ў гэтым годзе яны купілі вялікае вытворчае памяшканне. Аднак перад новым, 2021 годам, яны вырашылі ўсё прадаць, закрыць фірму і з’язджаць за мяжу, паколькі іх ужо выклікалі ў аддзел міліцыі па эканамічнай злачыннасці, пагражаў крымінальны пераслед. Тут, у Польшчы, яны спачатку наняліся працаваць у розныя кампаніі, каб прыглядзецца рынку, а пазней заснавалі сваю фірму. Вераніка дала некалькі парадаў пачынаючым прадпрымальнікам.

- Вельмі важна сачыць за сваім візуалам – як выглядаюць твае супрацоўнікі, твае рабочыя машыны, як вы размаўляеце з кліентам, як выглядае рэклама і сацсеткі. Мы не хацелі працаваць з беларускамоўным, расійскамоўным ці ўкраінскамоўным кліентам, напрацаваліся ўжо там. Важна будаваць свой бізнес з арыенцірам на мясцовы рынак. У мяне шмат знаёмых, якія тут 3-4 гады, але яны не ўмеюць размаўляць па-польску, паколькі так прасцей, шукаюць працу ў сваім моўным асяроддзі. Калі вы выбіраеце самы просты шлях, у бізнес вам лепш не лезці. У бізнесе важная мова, рэклама, трэба акружаць сябе людзьмі, якія ў гэтым разбіраюцца, умець даваць заданні іншым. Бізнес будуе цэлая каманда, у якой будуць і палякі, і беларусы, і ўкраінцы. З усімі трэба ўмець добра камунікаваць. Калі вы не размаўляеце па-польску, як вы нешта патлумачыце свайму супрацоўніку-паляку!?

Падчас сустрэчы прагучала таксама меркаванне, што пасля пераезду трэба як мага хутчэй інтэгравацца ў грамадства, дзе чалавеку прыйшлося жыць, нават калі ён з’ехаў з Беларусі не па ўласным жаданні. Псіхалагічны падыход да новага жыцця – стаўленне да яго як да новай магчымасці, а не як да страты, дапаможа развівацца ды ісці наперад.

нг