Беларуская Служба

Татуіроўкі беларусаў: цытаты Бяляцкага, Вітольд Ашурак, 23.34 (ФОТА)

30.03.2023 09:29
Пасля 2020 году некаторыя беларусы прынялі рашэнне перадаць свае перажыванні і свой досвед у выглядзе татуіровак.
Аўдыё
  • Татуіроўкі беларусаў цытаты Бяляцкага, Вітольд Ашурак, 23.34 (ФОТА)
.
..

Канал у Інстаграме «Беларусь на целе» (Body_of_belarus) сабраў 375 гісторый беларусаў, якія набілі сабе татуіроўкі, звязаныя з тэматыкай пратэстаў, пераследу ці тугі па дому ў эміграцыі. Аўтарка паказала здымкі татуіровак на выставе ў Варшаве.

Кожная татуіроўка, здымак якой паказвала Яўгенія, гэта асобная шчымлівая гісторыя. Пасля 2020 году такіх гісторый у Беларусі стала празмерна шмат. 

На пачатку размовы Яўгенія адзначае, што канал «Беларусь на целе» ў Інстаграме і ЦікТоку прызнаныя экстрэмісцкімі. Тэмай яна зацікавілася пасля затрымання Паўла Белавуса.

-Яму далі 15 сутак за татуіроўку малога бчб-сцяга з іменем сына, Мірона. Татуіроўку палічылі пікетам. Я вельмі абурылася і падумала: а колькі беларусаў перанеслі ўвесь жах 2020 году на сваё цела?

Яўгенія напісала ў сацсетках, што збірае гісторыі татуіровак, у адказ пачала атрымліваць дзясяткі здымкаў і, звязаных з імі гісторый. Матэрыялу было вельмі шмат, таму Яўгенія стварыла асобны канал у Інстаграме.


. 

Яўгенія адзначае, што татуіроўкі мяняліся.

-Перад жніўнем шмат хто набіваў Пагоню, знакі кулачок, сэрца, вікторыя. Пасля жніўня – нумары артыкулаў, па якіх іх судзілі, часта 23.34. Пасля хвалі эміграцыі – звязанае з домам, контуры Беларусі.

Здымкі выбраных татуіровак Яўгенія прадставіла на выставе ў прасторы «Пад Жырандоляй» Руху беларускай салідарнасці ў Варшаве. Большасць здымкаў зрабіла фатографка Ірына Арахоўская.
На адным здымку бачныя дзве сяброўкі, дзве Аляксандры.

-Адна з іх цяпер за кратамі. Мы яе здымалі яшчэ ў Польшчы. У Аляксандры набіты 23.34 і ланцужок, які абрываецца. Па гэтым артыкуле яна сядзела 12 разоў па 15 сутак. Зараз яна затрымана. Другая Аляксандра набіла на руцэ чырвоную татуіроўку ў выглядзе выцінанкі. Сэнс гэтай татуіроўкі-выцінанкі наступны: спадзяюся пакуль дыхаю.

У рамках праекту Яўгеніі і Ірыне ўдалося сфатаграфаваць беларускага добраахвотніка, які ваюе ва Украіне.

-Ён ажаніўся на ўкраінцы ў час вайны. Пазыўны «Ракета», ён пабрацім «Брэста», які загінуў. Мы фоткалі яго на Хрэшчаціку ў цэнтры Кіева. У яго набіты шаўрон роты. Шаўрон набіла амаль уся рота, калі яшчэ быў жывы «Брэст». Шаўрон адзін, а напісы розныя. У Ракеты набіты напіс: «Забраніцца незападло за «Брэста». У ваеннай мове гэта азначае, што я ў любым выпадку забараню свайго камандзіра. Калі «Брэст» пабачыў гэтыя татуіроўкі, то сказаў: прыдуркі вы мае, любімыя.


. 

На адным здымку бачная татуіроўка-цытата са словамі Алеся Бяляцкага, на іншым - партрэт Вітольда Ашурка ў выглядзе гладыятара.

-Цытата «Пасля зімы наступае вясна» набітая ў выглядзе шрыфту, якім піша маці ўладальніцы татуіроўкі, маці яна не бачыла больш за два гады. Вольга Быкоўская, сяброўка Вітольда Ашурка, набіла яго партрэт у выглядзе гладыятара. Вольга – адзіная, у каго засталася перапіска з Вітольдам.


. 

Ёсць сярод выбраных Яўгеніяй здымак татуіроўкі акторкі Купалаўскага тэатру Крысціны Дробыш. Яна пісала лісты палітвязню Дзмітрыю Гопце, які мае ментальную інваліднасць. Малюнак з ліста акторка сабе набіла:

-Яна яму пісала цудоўныя лісты. Дзіме больш за 20 гадоў, але ў яго разуменне дзіцяці 6-7 гадоў. Крысціна разам з сынам пісалі лісты, каб Дзіма зразумеў. Сын Крысціны намаляваў Дзіму дом, які Крысціна набіла на руцэ.

Былы палітвязень Лявон Халатран набіў нумар артыкула, па якім сядзеў, на пальцы, які ў выніку адбывання хіміі перастаў згінацца.

Чарговая шчымлівая гісторыя: беларус, майстар татуіроўкі, набіў на грудзях вершык, які напісаў украінскі хлопчык на Азоўсталі: «Знают взрослые и дети новые приметы, если серый лает, то летят ракеты».

Яўгенія і Ірына зрабілі і здымкі беларусаў унутры краіны, анлайн. За такія татуіроўкі ў беларускай рэальнасці напэўна можна апынуцца за кратамі.

-Маладая дзяўчына набіла на назе вожыка, які нясе бчб-сцяг у падтрымку Сцяпана Латыпава. А на руцэ фразу пра рускі ваенны карабель. Я пыталася, ці ёй не страшна. Яна кажа, што так, яна пастаянна пра гэта думае. Летам немагчыма хадзіць з кароткім рукавом. Але яна не шкадуе.


. 

Яшчэ адна катэгорыя тэм татуіровак – гэта туга па дому. Мноства людзей зрабіла татуіроўкі, якія адлюстроўваюць боль па месцах, у якія яны не могуць паехаць, між іншым, дом, які застаўся на Палессі, вобраз маці з бабуляй ды іншае.

Яўгенія атрымала тры здымкі татуіровак нотаў паланэза Агінскага «Развітанне з Радзімай». Людзі зрабілі іх перад вымушаным ад’ездам з краіны.

ав/фота: body_of_belarus

Поўная размова з Яўгеніяй у далучаным гукавым файле. Слухайце аўдыё

.