Выданне Niezalezna.pl вяртаецца да справы 8-гадовага Каміля, які памёр у панядзелак ад сепсісу, выкліканага пабоямі і не лечанымі апёкамі цела. Дзіця біў і паліваў кіпнем яго айчым. Упаўнаважаны па правах дзяцей Мікалай Паўляк заявіў, што гэты выпадак «цалкам выходзіць за рамкі нашых уяўленняў аб тым, як можна абыходзіцца з маленькім чалавекам».
«Вядома, мы павінны будаваць адпаведныя інстытуты. Гэта не была сітуацыя, калі інстытутаў не было... Проста аказалася, што яны сляпыя», – сказаў Паўляк і дадаў, што цяпер трэба разам з міністэрствамі сям'і, адукацыі і юстыцыі задумацца, якім чынам лепш бараніць дзяцей.
На думку Паўляка, польскія нормы барацьбы з гвалтам ніколі не былі такімі дакладнымі і ніколі так добра не баранілі ахвяр, як цяпер. «Ёсць законы, але пытанне заўсёды ў адпаведнай рэакцыі людзей», – сказаў ён.
Следства па справе смерці Каміля вядзе пракуратура ў Чэнстахове. Пасля атрымання вынікаў аб прычынах лятальнага сыходу будзе прынятае рашэнне аб змене абвінавачання, прадʼяўленага падазраваным па справе – айчыму Каміля Давіду Б. і маці хлопчыка Магдалене Б.
Айчыма пакуль падазраюць у спробе забойства пасынка, а таксама ў жорсткім абыходжанні з васьмігадовым дзіцем. Маці Каміля падазраецца ў тым, што падвяргала дзіця непасрэднай небяспецы страты жыцця і здароўя, а таксама дапамагала мужу ў пабоях.
Пасля смерці Каміля міністр юстыцыі Збігнеў Зёбра выдаў распараджэнне аб змене кваліфікацыі справы са «спробы забойства» у «забойства з асаблівай жорсткасцю».
нг