Беларуская Служба

30 гадоў у кіпцюрах бяспекі

13.05.2023 11:10
Юрка Хмялеўскі ў беларускім грамадска-культурным штомесячніку «Czasopis» працягвае расказваць пра супрацоўніцтва тайнага супрацоўніка ТВ «Кастуся» са службамі бяспекі ПНР.
Сакрат Яновічкрыніца: Белсат

Пад псеўданімам ТВ «Кастусь» працаваў вядомы, паважаны і адданы беларускай справе пісьменнік Сакрат Яновіч.

Паводле матэрыялаў Інстытуту нацыянальнай памяці (польс. IPN) асноўнай задачай ТВ «Кастусь» было пранікненне ў беларускія колы з мэтай здаць службам асобы з падазроным мінулым і антыкамуністычнымі поглядамі. У першую чаргу гаворка ішла пра рэпатрыянтаў з-за ўсходняй мяжы, раней міжваенных беларускіх дзеячоў, пра агентаў заходніх краін.

Сакрата Яновіча службы спрабавалі таксама выкарыстаць для назірання за літаратурнымі коламі ў Беларусі.

Праз гады ва ўспамінах «Не жаль пражытага» Яновіч напісаў, што СБ стала на яго ціснуць, каб ён наладзіў блізкія кантакты з Васілём Быкавым, які жыў у Гродне.

Такім чынам польскае СБ імкнулася дапамагчы беларускаму КДБ акружыць выбітнага пісьменніка, які ў 1966 г. на З'ездзе літаратараў БСРР выступіў з рэвізіяністычнай прамовай. Яновіч успамінаў, што яго ўгаворвалі, што ён - «польскі грамадзянін абавязаны падтрымліваць брацкі Савецкі Саюз у барацьбе супраць яго ворагаў». Патрабавалі перадаваць выказванні Быкава, яго меркаванні, пра каго і пра што ён распытваў. Нават выдзелілі Сакрату «крыху службовых грошай на аранжыроўку шчырай размовы і заплату за келіх».

Яновіч расказаў, што ён выкруціўся сваімі хваробамі, у прыватнасці эпілепсіяй у маладосці. Маўляў, дактары забаранілі яму выпіваць, каб хвароба не вярнулася.

Аднак з Васілём Быкавым Яновіч сустракаўся. І калі верыць яго словам, яны заўсёды «ішлі далёка ў поле», каб кдб-істы не маглі іх падслухоўваць нават з дапамогай тэхнікі.

Калі праз гады выйшла на святло агентурнае мінулае Сакрата Яновіча, журналісты і гісторыкі IPN сталі аналізаваць, ці і каму нашкодзіў ТВ «Кастусь». Аднак жудасных матэрыялаў не знайшлі. Таксама не выявіўся ніякі пацярпелы, хаця неафіцыйна казалі, што хтосці ўсё ж такі пацярпеў.

Сакрат Яновіч супрацоўнічаў з бяспекай з 1958 году, але ў палове шасцідзясятых пачаў адчуваць дыскамфорт у сувязі з гэтым. Ён зразумеў, што СБ не імкнулася ахоўваць тыднёвік «Ніва», дзе ён працаваў ці «Беларускае грамадска-культурнае таварыства» так, як яму тлумачылі, а проста зрабіць з яго даносчыка.

яс