Польскі футбаліст Роберт Левандоўскі ў значнай меры прычыніўся да перамогі на чэмпіянаце Іспаніі каманды ФК «Барселона» – паведамляе партал msn.com. Спартсмен забіў два галы ў нядзельным матчы з «Эспаньёлам» (гульня закончылася лікам 4:2). Іспанскія СМІ не сумняваюцца ва ўплыве «Левага» (як называюць Левандоўскага ў Польшчы) на гэты поспех.
Паляк – нягледзячы на крытыку, выкліканую крыху горшай формай апошнім часам і меншай эфектыўнасцю, якую ён паказаў пасля чэмпіянату свету ў Катары, ужо пабіў клубны рэкорд, стаўшы самым эфектыўным пачынаючым гульцом у камандзе ФК «Барселона» ў 21 стагоддзі. Роберт Левандоўскі дагэтуль забіў 31 гол ва ўсіх спаборніцтвах, а можа зрабіць яшчэ шмат.
Дзякуючы сваёй выдатнай эфектыўнасці, Роберт Левандоўскі можа стаць лепшым бамбардзірам іспанскай Ла Лігі. За чатыры туры да канца сезону прадстаўнік Польшчы апярэджвае ў класіфікацыі свайго самага небяспечнага суперніка Карыма Бензема на чатыры галы. Зорцы «Рэала» цяжка будзе яго дагнаць і перагнаць.
«Роберт Левандоўскі падняўся на вяршыню спісу бамбардзіраў у першыя тыдні спаборніцтваў і застаецца там дагэтуль, хоць яго статыстыка ў другой палове сезону, пасля чэмпіянату свету ў Катары, значна ўпала. Зразумела, нападаючы прапусціў тры гульні чэмпіянату з-за дыскваліфікацыі. Акрамя таго, у яго былі часовыя праблемы з каленам», – цытуе партал msn.com іспанскае выданне «Спорт».
Гонку за «карону» бамбардзіра пасля нядзельнага матчу ў інтэрв'ю Eleven Sports пракаментаваў сам Роберт Левандоўскі. «У нас яшчэ ёсць чатыры матчы, і я намераны яшчэ што-небудзь забіць», – сказаў капітан зборнай Польшчы, дадаўшы, што пасля матчу з мадрыдскім «Рэалам» ён упэўнены, што «Барселона» нікому не аддасць звання чэмпіёна.
нг