У сувязі з пошукам «паветранага абʼекта, падобнага на паветраны шар», Дзяржаўны цэнтр бяспекі выпусціў папярэджанне, што ў выпадку выяўлення такога абʼекта неадкладна трэба паведаміць у паліцыю. Былы камандуючы сухапутнымі войскамі генерал Вальдэмар Скшыпчак (Waldemar Skrzypczak) у інтэрвʼю Fakt выказаў некалькі гіпотэз, што гэта магло быць.
Адна з версій, што на тэрыторыі Польшчы лятальны аб'ект нехта чакаў, і пасля падзення забраў усе прылады, што былі на яго борце.
«Калі гэта быў паветраны шар-разведчык, шар-шпіён, у яго ёсць прыборы, якія могуць рабіць розныя вымярэнні. Гэта не назіранне, каб убачыць танк ці палігон. Такія паветраныя шары ў асноўным накіраваны на шпіянаж за радыё- і тэлекамунікацыйнымі сеткамі, якія выкарыстоўваюцца вайскоўцамі. Гаворка можа ісці таксама пра разведку радыёлакацыйнай сеткі, якая ў сваю чаргу распазнае сродкі паветранага нападу праціўніка», – тлумачыць генерал Скшыпчак.
Былы вайсковец патлумачыў, што аэрастат-шпіён перадае дадзеныя свайму аператару ў рэжыме рэальнага часу. І калі яго і знойдуць польскія службы, то даведаюцца няшмат. Прылады ў такіх паветраных шарах можна настроіць на самазнішчэнне.
Безумоўна, гэта мог быць і выпадковы аб'ект, аднак генерал Вальдэмар Скшыпчак мяркуе, што нельга выключаць гіпотэзу, што яго нехта чакаў.
– Для нас лепш, каб гэты паветраны шар знайшоўся, таму што можна было і так арганізаваць, каб яго забралі тыя, хто хацеў яго забраць, а не нашы службы, якія не могуць яго знайсці. Тут магчымыя любыя варыянты. Нехта мог чакаць у прызначаным месцы, сачыць за яго падзеннем і забраць усе прылады і самапісцы, якія былі ў яго на борце, – рэзюмуе генерал Скшыпчак.
вх