Беларуская Служба

Беларуская філалогія Варшаўскага ўніверсітэта чакае студэнтаў

16.05.2023 15:49
Зусім хутка пачнецца набор на новы акадэмічны 2023/2024 год у ВНУ Польшчы.
Аўдыё
  • Беларуская філалогія Варшаўскага ўніверсітэта чакае студэнтаў
.
.Alexas_Fotos/pixabay.com/CC0

Кафедра беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта, адзіная беларусістыка ў свеце па-за межамі Беларусі, запрашае на кірунак «Беларуская філалогія з вывучэннем англійскай мовы».

6 чэрвеня пачынаецца рэгістрацыя ў электроннай сістэме IRK, якая будзе працягвацца да 7 ліпеня. Пасля распачнецца працэс рэкрутацыі і прыём дакументаў. Набор ідзе на І і ІІ магістарскую ступені. Узроставых абмежаванняў няма. Паступаць могуць як палякі, так і замежнікі, – расказвае выкладчыца кафедры беларусістыкі Вольга Трацяк:

-Ад наяўных дакументаў залежыць, ці замежнік будзе плаціць за навучанне. За прыёмную камісію на першую ступень абавязвае збор у памеры 85 злотых, для другой ступені – 100 злотых. На другую ступень праводзіцца экзамен па беларускай мове на ўзровень С1. Для паступлення неабходна валодаць польскай мовай. Калі такія асобы не маюць сертыфікату, то для іх арганізоўваецца адмысловая камісія і вусны анлайн-экзамен. Такое сумоўе пацвярджае валоданне польскай мовай. Агулам навучанне для іншаземцаў складае 2 тысячы еўра ў год. Для беларусаў і ўкраінцаў, якія не могуць па-розных прычынах вучыцца ў сваіх краінах, зроблена магчымасць, каб звяртацца да рэктара з просьбаю аб звальненні з аплаты.

Вольга Трацяк расказвае, што на першы курс першай ступені на кафедру набіраецца поўны ліміт студэнтаў – 35 чалавек (у мінулым гэта было нават 36 чалавек):

-Цікавым фактам з мінулага году было тое, што да нас упершыню прыйшло 11 беларусаў з Беларусі і адзін этнічны беларусаў Падляшша. То бок у нас на курсе 12 беларусаў, за ўсе 67 гадоў гісторыі кафедры яшчэ такога не было. Гэта прымушае нас змяняць падыход у навучанні, паколькі гэта зусім іншая методыка навучання.

Назва напрамку «Беларуская філалогія з вывучэннем англійскай мовы» гаворыць сама за сябе. Акрамя ведаў па беларускай мове студэнты вывучаюць англійскую на высокім узроўні.

ав

Поўная размова з Вольгай Трацяк і студэнтам Станіславам - у далучаным гукавым файле.

слухайце аўдыё