Беларуская Служба

21 траўня – Дзень салідарнасці з палітзняволенымі Беларусі. У Польшчы адбудуцца мітынгі, набажэнства, вечары памяці

21.05.2023 07:46
Мерапрыемствы да Дня салідарнасці з палітзняволенымі Беларусі 21 траўня пройдуць у розных краінах і гарадах. У Польшчы ў розных гарадах запланаваныя мітынгі, вечары памяці.
Аўдыё
  .     ?
Дзень палітвязняў Беларусі. Да якіх мерапрыемстваў можна далучыцца?Фота: spring96.org

Праваабарончы цэнтр «Вясна» вызначыў 21 траўня Днём салідарнасці з палітзняволенымі Беларусі. У гэты дзень два гады таму ў шклоўскай калоніі №17 памёр палітвязень Вітольд Ашурак. Мерапрыемствы да Дня салідарнасці з палітзняволенымі Беларусі пройдуць у розных краінах і гарадах. У Польшчы ў розных гарадах запланаваныя мітынгі, вечары памяці.

У суботу 20 траўня ў Варшаве ў Беларускім доме пройдзе вечар памяці Вітольда Ашурка. Расказвае яго сяброўка, адна з арганізатарак вечара Вольга Быкоўская:

«Галоўная мэта мерапрыемства – успаміны пра Вітольда Ашурка. Канцэпцыя вечара – паспрабуем распавесці пра станаўленне асобы Вітольда, як ён змяняўся, як стаў тым, каго мы ведаем. Таксама плануецца ўручэнне медаля Рады БНР, будуць выступы, успаміны, музычная частка. Спадзяюся, прыйдзе шмат людзей, бо гэта паказвае, што тэма палітвязняў важная. Героі не паміраюць, пакуль пра іх памятаюць».

Праваабаронца Зміцер Салаўёў займаецца арганізацыяй мітынгу, які адбудзецца ў Варшаве 21 мая, у нядзелю з 12:45 да 14-й гадзіны на пляцы Канстытуцыі 6.

«Мяркую, гэты дзень палітвязня будзе настолькі маштабным, бо ў зняволенні памёр палітвязень Мікалай Клімовіч. Відавочна, людзей гэта ўзрушыла. Робім мы гэта, каб яшчэ раз прыцягнуць увагу грамадскасці да праблемы з беларускімі палітвязнямі, што трэба прадпрымаць дзеянні, якія б прымусілі рэжым Лукашэнкі выпусціць людзей на волю. У выпадку з Мікалаем Клімовічам можна меркаваць, што ён памёр з-за катаванняў. У яго была інваліднасць другой ступені з-за хваробы сэрца, ён сам неаднаразова заяўляў, што не перажыве доўгі тэрмін. І так і сталася – ён не пражыў і месяца пасля зняволення, чалавек памёр.

Я са свайго боку спрабую зрабіць, каб мітынг, які мы будзем праводзіць на пляцы Канстытуцыі, быў масавым і заўважным. У ім, сярод іншых, будзе ўдзельнічаць прадстаўніца Amnesty International Polska Ганна Мікульска, старшыня арганізацыі Карта, агулам цяпер вядома пра дзесяць спікераў падчас мітынгу», – распавядае праваабаронца Зміцер Салаўёў.

Вось спіс мерапрыемстваў, якія запланаваныя ў розных гарадах Польшчы:

20 траўня (субота)

Варшава, 18:30. Вечар памяці Вітольда Ашурка.

На сустрэчы будуць гаварыць пра Вітольда, якім яго памятаюць сябры і сваякі, пра прынцыпы ягонага жыцця. Таксама гасцей чакае музычная частка. Месца: Беларускі Дом у Варшаве (ul. Kryniczna 6);

21 траўня (нядзеля)

Варшава, 11.30, Святая Імша ў інтэнцыі Вітольда Ашурка ў гадавіну яго смерці і за ўсіх загінулых палітвязняў.

Месца: касцёл святога Аляксандра на пляцы Трох Крыжоў (ніжні храм). Праводзіць будзе вядомы ксёндз Вячаслаў Барок.

Варшава, 12:45 – 14:00, пляц Канстытуцыі 6, Мітынг да Дня беларускіх палітвязняў.

Пасля мітынгу адбудзецца шэсце ад Плошчы Канстытуцыі да Кракаўскага прадмесця, дзе працягнуцца мерапрыемствы.

Варшава, 14:30 – 16:00, плошча Каперніка. Мітынг і ланцуг салідарнасці з суайчыннікамі, якія цяпер за кратамі паводле палітычных матываў.

Арганізатары акцыі падтрымкі – група былых палітвязняў. Пры падтрымцы Нацыянальнага антыкрызіснага ўпраўлення, Музею Свабоднай Беларусі, Ветэранаў «Палка Каліноўскага», Ініцыятывы BY_POL, Асацыяцыі беларускіх бізнесоўцаў ABBA.

Варшава, 17:00 – 19:00, праваабаронцы «Вясны», польскага «Мемарыяла» і ініцыятывы «Палітвязынка» пры падтрымцы Майстэрні паштовак салідарнасці зладзяць сустрэчу па падпісанні лістоў палітвязням. Месца: прастора «Пад жырандоляй» (ul. Hoża, 41, lok. 2).

Беласток, 15:00. Акцыя з нагоды міжнароднага дня палітвязняў і дня смерці Вітольда Ашурка. Месца: ul. Elektryczna, 9, каля кансулята Рэспублікі Беларусь.

Кракаў, 14.00. Месца: каля помніку Адаму Міцкевічу на Рынку. «Час праявіць сваю салідарнасць з тымі, хто апынуўся за кратамі рэжыму. Прыходзьце, каб разам узгадаць іх гісторыі, даведацца, як можна дапамагчы, запатрабаваць іх вызвалення. З сабой прыносьце плакаты, для жадаючых будзе працаваць вольны мікрафон», – пішуць арганізатары.

Познань, 14:30. Месца: Fredry, 5, Klubokowiania MY. Размова з Дар'яй Рублеўскай, праваабаронцаю і заснавальніцай Майстэрні паштовак салідарнасці. Напісанне лістоў і падпісанне паштовак палітзняволеным Беларусі.

Познань, 17:00. Месца: plac Wolności, Poznań.

Вроцлаў, 17:00, Рынак ля фантану.

вх