Адсутнасць вестак ад лідараў пратэсту 2020 г. цяперашніх палітвязняў у чарговы раз нагадвае пра жахлівае становішча з правамі чалавека і палітычнай сістэмай у Беларусі. Размова з галоўным рэдактарам аднаго з самых уплывовых у Польшчы выданняў – Gazeta Wyborcza (якое ў цяперашніх умовах знаходзіцца ў апазіцыі да кіроўнай правакансерватыўнай партыі «Права і справядлівасць») – Адамам Міхнікам была запісана з нагоды Дня беларускага палітвязня, які адзначаўся 21 траўня па ўсім свеце.
Нягледзячы на свой салідны ўзрост і насычаны графік, публіцыст часта наведвае акцыі салідарнасці з Беларуссю і мінулая нядзеля не стала выключэннем. На акцыі Беларуская служба Польскагар радыё запытала ў легендарнага дзеяча антыкамуністычнай апазіцыі часоў ПНР Адама Міхніка, чаму для яго важна асабіста выказацца ў падтрымку беларускіх палітвязняў:
- Матывацыя вельмі простая – я сам быў палітычным вязнем. Апроч гэтага, бачу як у маёй краіне нарастаюць антыдэмакратычныя тэндэнцыі і гэта тычыцца ўлады, урада. Бо бачу, што пачынаецца фальсіфікацыя гісторыі, бо пачынаецца падман грамадства, бачу, што ладзяцца брутальныя медыйныя атакі на палітычных апанентаў. Адначасова варта сказаць прама: Польшча – гэта не Беларусь, а Качыньскі – гэта не Лукашэнка, але мая краіна збочыла на кепскую сцяжыну. А я хачу дапамагаць усім тым, хто хоча, каб Беларусь, Украіна і Расія вярнуліся на добрую дарогу.
Варта ўдакладніць, што Gazeta Wyborcza, галоўным рэдактарам якой, ужо на працягу 34 гадоў з’ўяляецца наш суразмоўца, гэта паслядоўны апапанент дзеючай улады. Выданне, як і польская апазіцыя, закідаюць ураду «Права і справядлівасці» аўтарытарныя тэндэнцыі, у прыватнасці, парушэння права на свабоду СМІ, парушэнне падзелу ўладаў у кантэксце рэформы судовай сістэмы і г.д.
Вяртаючыся да Беларусі, запыталі ў Адама Міхніка, як у былога палітвязня, якія словы могуць падтрымаць вязняў сумлення ў Беларусі, дадаць ім моцы і падбадзёрыць.
- Мяне самаго вельмі часта арыштоўвалі, агулам у турме я правёў шэсць гадоў. Але кожную хвіліну з гэтых шасці гадоў я быў перакананы, што я на баку дабра. Тады я ведаў – зараз мяне садзяць у вязніцу за тое, за што мяне будуць шанаваць у будучыні, за тое, што маім дзецям у будучыні не будзе сорамна. Карыстаючыся сённяшняй нагодай, хачу звярнуцца да беларускіх палітычных вязняў. Сёння вы – надзея ўсёй Еўропы. Я ганаруся тым, што маю права многіх з вас лічыць сваімі сябрамі. Я перакананы, што вы дачакаецеся таго, калі, дзякуючы вашай адвазе, цярпенню і паслядоўнасці, Беларусь стане свабоднай краінай сярод свабодных суседзяў.
Сапраўды, мы ўсе гэтага хочам. Нягледзячы на моцную палярызацыю польскага грамадства і палітыкума, асабліва напярэдадні парламенцкіх выбараў, якія адбудуцца ўжо ўвосень, пытанне падтрымкі Беларусі яднае ўсіх, рознагалоссяў тут няма.
Напрыклад, надоечы МЗС Польшчы зладзіла шэраг мерапрыемстваў з Наталляй Пінчук жонкай нобелеўскага лаўрэата палітвязня Алеся Бяляцкага, якога, вы маеце гонар называць сваім сябрам. Таксама варта прыгадаць вашага рэдакцыйнага калегу, журналіста Gazeta Wyborcza, аднаго з лідараў польскай нацменшасці ў Беларусі, вашага сябра Анджэя Пачобута. Яго вызваленне – гэта адна з прыярытэтных місіяў урада «Права і справядлівасці» у замежнай палітыцы.
Як бачым час ідзе, а колькасць палітвязняў толькі расце, умовы іх утрымання пагаршаюцца. Вы самі неаднаразова праходзілі праз міліцэйскае бяспраўе ў ПНР, як у такіх умовах не страціць надзею, веру на перамены да лепшага?
- Мне вельмі складана адказаць на вашае пытанне, бо яно мае быць накіраванае не мне, а прароку, а я гісторык. Аднак адно ведаю напэўна – кожная дыктатура мае свой канец, дзе менавіта яна спатыкнецца, я не ведаю, але яна спатыкнецца і гэта дакладна. Паўтару яшчэ раз, я перакананы, што калісьці прыеду ў свабодны Мінск, свабоднае Гродна, пашпацырую вуліцамі гэтых гарадоў, ведаючы, што сустракаю свабодных беларусаў, якія не паддаліся гэтай тэрарыстычнай дыктатуры Лукашэнкі. Ён з’яўляецца прымітыўным спецыялістам па вялікарасійскім бізуне. Адзінае чым умее карыстацца Лукашэнка – хлусня і бізун, а беларускія палітвязні на сваім баку маюць праўду і вышэйшыя чалавечыя каштоўнасці.
Глыбокае перакананне вядомага польскага публіцыста, аднаго з архітэктараў посткамуністычнай трансфармацыі ў Польшчы, 76-гадовага Адама Міхніка ў тым, што на вуліцах беларускіх гарадоў ён неўзабаве на ўласныя вочы пабачыць няскораных і свабодных беларусаў, не можа не надаваць аптымізму. Напэўна падобныя пачуцці натхняюць і надаюць моц барацьбы вязням сумлення.
Слухайце аўдыё!
Эдуард Жолуд