Беларуская Служба

91 год таму быў здзейснены першы палёт польскага самалёта RWD-6 (ФОТА)

11.06.2023 06:02
Двума месяцамі пазней польскія пілоты выйгралі на гэтай паветранай машыне прэстыжныя авіяцыйныя спаборніцтвы ў Берліне.
Аўдыё
  • 91 год таму быў здзейснены першы палёт польскага самалёта RWD-6
  ()      RWD-6.  1932
Францішак Жвірка (злева) і Станіслаў Вігура каля самалёта RWD-6. Жнівень 1932 года Narodowe Archiwum Cyfrowe

91 год таму быў здзейснены першы палёт польскага турыстычнага самалёта RWD-6. Двума месяцамі пазней польскія пілоты выйгралі на гэтай паветранай машыне прэстыжныя авіяцыйныя спаборніцтвы ў Берліне. Аднак гісторыя стварэння RWD-6 не была простай, пра што мы і раскажам у гістарычнай рубрыцы.

3 чэрвеня 1932 года на макотаўскім аэрадроме, на месцы якога цяпер знаходзіцца парк і месца адпачынку жыхароў Варшавы ў раёне Макотаў, прыбыла спецыяльная дзяржаўная камісія. Спецыялісты мелі ацаніць, ці новы самалёт RWD-6 павінен прадстаўляць Польшчу ў спаборніцтвах Challenge – прэстыжным міжнародным конкурсе турыстычных самалётаў, які адбываўся ў 1930-я гады папераменна ў розных еўрапейскіх гарадах. Самалёт пілатаваў Ежы Джэвецкі – адзін з яго канструктараў. Выпрабаванні праходзілі планава да моманту, калі лётчык пачаў развіваць максімальную хуткасць самалёта.

Паводле ўспамінаў пілота Казімежа Хажэўскага, які быў сведкам здарэння, пры пікіраванні ў RWD-6 адваліліся крылы і выпаў з корпуса рухавік. Джэвецкага выкінула з кабіны, а матор, адбіўшыся ад зямлі, прызямліўся на пілоце. Лётчык выжыў, але атрымаў сур’ёзныя траўмы, у выніку якіх яму прыйшлося закончыць кар’еру пілота. Можа паказацца дзіўным, але, нягледзячы на здарэнне, камісія дапусціла RWD-6 да авіягонак Challenge у Берліне, якія пачыналіся 11 жніўня таго ж года. Заставалася два месяцы да авіяцыйных спаборніцтваў, і ў камісіі не было часу, каб даследаваць прычыны авіяздарэння і ўносіць змены ў канструкцыю.


Самалёт RWD-6. 1932 год. Narodowe Archiwum Cyfrowe Самалёт RWD-6. 1932 год. Narodowe Archiwum Cyfrowe

У Берліне самалёт RWD-6 пілатавалі Францішак Жвірка і Станіслаў Вігура – два польскія легендарныя лётчыкі. Яны занялі першае месца. Другая польская каманда, якая таксама ўдзельнічала ў гонках на такім жа самалёце, заняла дзявятае месца. Пасля конкурсу Жвірка і Вігура гаварылі, што падчас паказу самалёт быў нестабільны, яго пастаянна трэбы было выраўноўваць. Аднак, на жаль, на гэта ніхто не звярнуў увагі.
Праз два тыдні пасля берлінскіх авіягонак, 11 верасня 1932 года, Францішак Жвірка і Станіслаў Вігура накіраваліся на самалёце RWD-6 на спаборніцтвы ў Прагу. Падчас палёту яны трапілі ў навальніцу, у выніку чаго ў самалёта адваліліся крылы, а машына разбілася на тэрыторыі Польшчы пры самай мяжы з Чэхаславакіяй. Абодва пілоты загінулі.

Пазней аказалася, што прычынай былі бракі ў канструкцыі RWD-6. Абломкі самалёта Жвіркі і Вігуры былі дастаўленыя ў Варшаву. Інжынеры іх абследавалі і выдалі вердыкт, згодна з якім мацаванне крылаў да фюзеляжа было слабым. Пасля гэтага машына была накіраваная на дапрацоўку.


Самалёт RWD-9. 1934 год. Narodowe Archiwum Cyfrowe  Самалёт RWD-9. 1934 год. Narodowe Archiwum Cyfrowe

Дапрацаваная версія атрымала назву RWD-9. У самалёта былі ліквідаваныя бракі, якія існавалі ў папярэдніка. У выніку ў гонках Challenge, якія ў 1934 годзе праходзілі ў Варшаве, дзве польскія каманды, што прымалі ўдзел менавіта на RWD-9, занялі два першыя месцы.

RWD-6 – польскі турыстычна-спартыўны самалёт. Абрэвіятура RWD азначае першыя літары прозвішчаў канструктураў: Станіслава Рагальскага, Станіслава Вігуры і Ежы Джэвецкага. Самалёт вырабляўся на Варшаўскім даследчым авіязаводзе. Машына забірала на борт двух чалавек. Агулам было выпушчана тры штукі. А вось самалёт RWD-9 забіраў чатырох чалавек разам з двума пілотамі. Агулам было выраблена больш за 10 экзэмпляраў.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл


Больш на гэтую тэму: Машына часу