Беларуская Служба

Расце колькасць выпадкаў заражэння птушыным грыпам сярод катоў у Польшчы

05.07.2023 13:20
Спецыялісты супакойваюць, што рызыка перадачы інфекцыі ад хворага ката чалавеку - нязначная.
Аўдыё
  • Расце колькасць выпадкаў заражэння птушыным грыпам сярод катоў у Польшчы
.    .
Каты. Здымак мае ілюстрацыйны характар.congerdesign/pixabay.com/CC0 Public Domain

Дзяржаўная санітарная інспекцыя Польшчы (агульная назва: санэпід,) увяла эпідэміялагічны нагляд за ўладальнікамі і апекунамі хатніх катоў, у якіх было пацверджанае заражэнне вірусам A/H5N1/. Гэта прафілактычныя меры па прадухіленні ўзнікнення птушынага грыпу ў людзей, паясняюць чыноўнікі.

У апошні час ветэрынарная служба ў Польшчы фіксуе павелічэнне колькасці выпадкаў заражэння хатніх катоў, якому характэрныя гвалтоўныя рэспіраторныя і неўралагічныя сімптомы.

Паводле паведамлення Галоўнага ветэрынарнага ўрача, вынікі даследаванняў дзясятку пробаў, атрыманых з розных рэгіёнаў Польшчы, сведчаць аб тым, што прычынай інфекцый з'яўляецца вірус высокапатагеннага птушынага грыпу (A/H5N1/).

Нагадваем, да COVID-19 вірусы грыпу, асабліва птушынага грыпу, былі прызнаныя Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя вірусамі з найбольшым пандэмічным патэнцыялам. Ці гэта значыць, што людзі зноў апынуліся ў небяспецы?

З мэтай прадухілення небяспекі ўзнікнення птушынага грыпу ў людзей Дзяржаўная санітарная інспекцыя ахапіла эпідэміялагічным наглядам апекуноў заражанай жывёлы. Прэс-сакратар Галоўнага ветэрынарнага ўрача Шыман Ценкі(Szymon Cienki) паведаміў, што эпідэміялагічны нагляд зводзіцца да кантаку з апекунамі і збору інфармацыі:

- Нагляд зводзіцца да таго, што супрацоўнікі мясцовай санітарнай службы тэлефануюць да ўладальнікаў заражаных катоў і пытаюцца пра стан іх здароўя – ці ў іх няма сімптомаў хваробы. Трэба падкрэсліць, што рызыка перадачы інфекцыі ад хворага ката чалавеку, то бок заанознай інфекцыі, нязначная. Да гэтай пары не было ніякага пацверджанага такога выпадку.

Тым не менш, чыноўнікі рэкамендуюць уладальнікам катоў пазбягаць непасрэднага кантакту з хворай хатняй птушкай, мёртвымі дзікімі птушкамі і прадметамі са слядамі птушыных адходаў. Таксама прытрымлівацца санітарных нормаў паводзінаў, такіх як мыццё і дэзынфекцыя рук і абутку; правілаў тэрмічнай апрацоўкі мяса птушкі.

Калі ў ката зʼявяцца сімптомы захворвання, неабходна неадкладна паведаміць пра гэта ветэрынару, а пры зʼяўленні трывожных грыпападобных сімптомаў у чалавека – звярнуцца да лекара.

Старшыня Нацыянальнай праграмы па барацьбе з інфекцыйнымі захворваннямі прафесар Адам Антчак(Adam Antczak) кажа, што вірус A/H5N1/ быў бы вельмі небяспечны для чалавека ў выпадку перадачы ад жывёлы. Паводле наяўных дагэтуль звестак, каты заразіліся праз мяса птушкі, супакойвае прафесар:

- Дрэнная навіна, што дайшло да масавых заражэнняў. Добрая навіна – што крыніца заражэння – гэта мяса. Гаворка ідзе пра тое, што былі асцярогі, што быў парушаны ўнутрывідавы барʼер сярод млекакормячых, гэта значыць катоў, і што інфекцыя перадаецца кату ад ката – гэта была б трагічная інфармацыя. Аднак, калі крыніцай заражэння было мяса, то такой сітуацыі, верагодна, не было.

Прафесар Адам Антчак заклікаў уладальнікаў катоў прымяняць санітарныя правілы, падобныя да кавідных.

Нагадваем, навукоўцы, якія шукаюць прычыну заражэння катоў, выявілі вірус A/H5N1/ у адной з пяці пробаў мяса, якім уладальнікі кармілі хатніх катоў.

Гэта не азначае, што купляць мяса ў краме рызыкоўна, супакойвае вірусолаг з Малапольскага цэнтра біятэхналогіі Ягелонскага ўніверсітэта прафесар Кшыштаф Пырць(Krzysztof Pyrć):

- Гэта толькі спроба пацвярджэння аднаго з магчымых шляхоў заражэння, то бок, што каты могуць заражацца ад мяса. Гэта не азначае аднак, што мяса ў крамах небяспечнае. Даследаванні пацвердзілі выключна, што такі шлях перадачы віруса магчымы, а нават праўдападобны.

Прафесар Пырць кажа, што зараз нельга казаць таксама пра эпідэмію птушынага грыпу сярод хатніх катоў:

- Інфекцыя, выяўленая ў катоў у Польшчы, на самой справе мае невялікі маштаб. Гаворка ідзе пра максімальна некалькі дзясяткаў выпадкаў у маштабе ўсяе Польшчы. Таму нельга казаць, што гэта распаўсюджаная інфекцыя. Гэта паасобныя выпадкі, якія, маем надзею, не паўторацца.

Між тым, у сваім паведамленні Дзяржаўная санітарная інспекцыя Польшчы нагадала пра правілы абыходжання з мясам, набытым у краме, у тым ліку пра неабходнасць выкарыстання асобных нажоў і дошак для раздзелкі сырога мяса.

У адказ на паведамленні СМІ, што прычынай выпадкаў захворвання хатніх катоў у Польшчы з’яўляецца вірус птушынага грыпу, выяўлены ў сырым мясе з адной з сетак крамаў у Польшчы, рашуча адрэагаваў Нацыянальны савет птушкагадоўлі – Гандлёвая палата.

«Польскае мяса птушкі было, ёсць і будзе бяспечным; як умовы вырошчвання, так і вытворчасць знаходзяцца пад пастаянным наглядам дзяржаўных устаноў на кожным этапе, каб прадукцыя была цалкам бяспечнай для здароўя спажыўцоў», – чытаем у заяве савета.

Арганізацыя таксама спаслалася на паведамленне Нацыянальнага ветэрынарнага інстытута – Нацыянальнага навукова-даследчага інстытута, у якім гаворыцца, што прааналізаваныя да гэтай пары вірусы птушынага грыпу ў катоў паходзяць з адной неўстаноўленай крыніцы, звязанай з вірусамі, якія фіксуюцца сярод дзікіх птушак у Польшчы.

«Акрамя таго, малекулярны аналіз паказвае на наяўнасць мутацый, якія павышаюць адаптацыю віруса да млекакормячых. Згодна з сучасным узроўнем ведаў, менавіта дзікія птушкі зʼяўляюцца найбольш верагоднай крыніцай заражэння хатніх катоў«, – падкрэсліў у сваёй заяве Нацыянальны савет птушкагадоўлі.

Нагадваем, першыя паведамленні аб новых захворваннях сярод катоў зʼявіліся ў канцы чэрвеня. Асноўныя сімптомы – дыхавіца, неўралагічныя парушэнні, ліхаманка і ваніты. Інфекцыя мае гвалтоўны характар і часта заканчваецца смерцю ката.

IAR/аз

Вучоныя правяраюць, ці вірус, знойдзены ў мёртвых катоў, небяспечны для чалавека

23.06.2023 17:52
Пакуль што вынікі не пацвярджаюць наяўнасці вірусу птушынага грыпу.