Беларуская Служба

Мацей Ястжэбскі: Расіяй кіруюць людзі, якія думаюць толькі пра тое, як зрабіць дрэнна іншаму чалавеку

03.12.2025 14:34
Што адбываецца ў сучаснай Расіі, чаму краіна скацілася ў ашалелы мілітарызм, з гэтымі пытаннямі мы звярнуліся да шматгадовага карэспандэнта Польскага радыё ў Расіі Мацея Ястжэмбскага.
Аўдыё
  • Польскі журналіст распавядае пра сённяшнюю Расію
    -
Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін - ініцыятар расійскага нападу на УкраінуPA/SERGEI ILNITSKY Dostawca: PAP/EPA.

Апошнім часам Крэмль, Пуцін афіцыйна пачалі казаць пра тое, што яны за мір, за перамовы. Аднак вельмі шмат робіцца для таго, каб вайна працягвалася. Велізарныя сродкі з бюджэту на наступны год закладваюцца на вайну. Прымаюцца законы аб падаўжэнні прызыву ў войска на цэлы год, аб празванні рэзервістаў. Што адбываецца ў сучаснай Расіі, чаму краіна скацілася ў ашалелы мілітарызм, з гэтымі пытаннямі мы звярнуліся да шматгадовага карэспандэнта Польскага радыё ў Расіі Мацея Ястжэмбскага.

— Рашэнне аб працягу прызыву ў войска на ўвесь год гэта адрозніваецца ад таго, што раней адбывалася. Гэта вельмі выгадна для ўлады. Можна падлічыць, колькі ў нас людзей, якіх можна задзейнічаць на патрэбы войска, хутчэй выкрыць ухілістаў, Міністэрства абароны зможа хутчэй папоўніць страты на фронце. Расія таксама думае, дакладней Пуцін думае таксама аб тым, што можа адбыцца ў Расіі пасля заканчэння вайны. Яму трэба вельмі шмат вайскоўцаў, вельмі шмат паліцыянтаў, вельмі шмат ФСБшнікаў, якія зоймуцца грамадствам, у якога ўзнікнуць пытанні.

Вы думаеце, што ўзнікнуць пытанні?

— Прыйдзе такі час, што такія пытанні ўзнікнуць. Мне здаецца, што так.

Чаму гэтыя пытанні не гучаць цяпер?

— Цяпер людзі не задаюць гэтыя пытанні, бо гэта вельмі невыгодна. Як сказаў хаця б Гары Каспараў, Пуцін - гэта вайна, і ніхто не хоча спрачацца з гэтым, таму што можна сесці ў турму. Тыя, хто выступаў супраць Пуціна, яны з'ехалі з Расіі, ці знаходзяцца ў турмах, ці ў кагосьці ўжо не хапіла сіл, каб стаць героем у такой сітуацыі, і ён сядзіць ціха дома і клапоціцца аб сваёй сям'і. Па-другое, я яшчэ хацеў бы расказаць пра тое, што казаў мне падчас нашых асабістых размоваў нябожчык Сяргей Кавалёў. Пуцін не можа жыць без ворагаў, таму што дыктатуры патрэбны ворагі для апраўдання сваіх нядобрых дзеянняў. Як мы ўсе ведаем з гісторыі, нават з уласнага досведу, з дыктатурай не паспрачаешся, і вельмі шмат расейцаў не жадаюць спрачацца з дыктатурай. Яшчэ ў Пуціна атрымалася стварыць новую эліту. Эліту людзей, у якіх раней не было грошай, не было працы, а зараз у іх ёсць усё, яны героі, якімі можна ганарыцца.

Датычна эліты, вось якраз толькі ў аднаго працэнта пуцінскай наменклатуры сваякі пайшлі на вайну.

— Калі глядзець толькі на статыстыку, я згодны, што бедныя ідуць на вайну, што гэта вайна, у якой бяруць удзел тыя людзі, якім няма чаго губляць. Разам з тым, Пуцін стварыў новую эліту людзей, якія маюць новы статус, якія могуць адчуваць сябе героямі ў дадзенай сітуацыі. Фінансавыя і палітычныя эліты не маюць такой. У іх іншая задача. Яны павінны зрабіць усё, каб як мага больш людзей верылі ў казку пра добрага цара Уладзіміра. Але чым даўжэй ідзе вайна, тым складаней яе спыніць. Кожны дзень больш людзей залежыць ад Пуціна і ягонай вайны, і гэта стварае новую колькасць людзей, залежных ад Пуціна, і ніхто не хоча гэтага губляць. Гэтая вайна робіць беднага багатым, а тым, хто мае мільёны, дае яшчэ больш. Гэта вялікая небяспека. Па маіх ацэнках, калі скончыцца вайна, трэба не адно пакаленне, каб выхаваць людзей, якія разумеюць дэмакратычныя ўмовы жыцця ў сучасным свеце, калі ўвогуле гэта магчыма.

Як спецыяліст, чалавек, які займаецца шмат гадоў Расіяй, і адначасова замежнік з іншай культуры, што ты для сябе зразумеў пра Расію? Што гэта за краіна, грамадства?

— Я не згодны з рознымі казкамі, што Расію немагчыма зразумець, бо гэта прапагандысцкія выдумкі з 19 стагоддзя, каб апраўдаць усе дрэнныя дзеянні. Я хацеў бы сказаць, што ў мяне ёсьць вельмі шмат сяброў. Па-першае, гэта былі незалежныя гісторыкі, людзі, якія займаліся журналістыкай на ўсіх узроўнях, і апазіцыянеры. Я з імі падтрымліваю да гэтага часу кантакт. Разам з тым, я зразумеў, што ў Расіі ёсць яшчэ вельмі шмат іншых людзей, якім немагчыма давяраць, таму што яны раніцай кажуць адно, а апоўдні іншае, а ўвечары наогул скажуць табе такое, што мала не падасца. Гэта аснова таго, каб Расіі ўвогуле нельга давяраць. Што тычыцца майго стаўлення да расійскага грамадства, гэта грамадства, якому немагчыма давяраць, таму што яно не гатова шчыра супрацоўнічаць з кім бы гэта ні было, ні на ўзроўні чалавека з чалавекам, ні дзяржавы з дзяржавай. Калі б нехта спытаў: ці ты баішся Расіі, яб сказаў - не баюся. Там ёсьць вельмі шмат рэчаў, якія я прымаю вельмі пазітыўна. Я кажу пра культуру, пра сувязі з людзьмі, з аднадумцамі, я кажу пра людзей, якія разумеюць правілы дэмакратычнага грамадства. Але там ёсьць вельмі шмат людзей, якія прывязаныя да апарату, які стваралі яшчэ ў Савецкім Саюзе: НКУС, КДБ, сёньняшні ФСБ, паліцыя. Гэта людзі, якія думаюць толькі аб тым, як зрабіць дрэнна іншаму чалавеку. Няхай мяне прабачаць за гэта добрыя людзі, але для мяне - гэта адчуванне, агульная карціна сучаснай Расіі. Я не буду казаць пра краявіды, я не буду казаць пра Байкал, я не буду казаць пра Алтай, таму што гэта не час, каб мы расказвалі, якая Расія добрая краіна для турыстаў. Пакуль не скончыцца агрэсія Расіі супраць Украіну, мне падаецца, што па-іншаму Расію немагчыма ўспрымаць.

Пакуль працягваецца расійская агрэсія супраць Украіны, не час разважаць пра багацце расійскай культуры, ці хараство расійскай прыроды. На сённяшні дзень, пра Расію трэба ведаць толькі адно. Гэта краіна, дзе кіраўніцтва ды бальшыня складаецца з людзей, якія думаюць толькі пра тое, як зрабіць дрэнна іншаму чалавеку, перакананы шматгадовы карэспандэнт Польскага радыё ў Расіі Мацей Ястжэмбскі.

Юры Ліхтаровіч